Віншаванне Эміру Дзяржавы Катар шэйху Таміму бен Хамаду аль-Тані

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Эміра Дзяржавы Катар шэйха Таміма бен Хамада аль-Тані, яго намесніка шэйха Абдалу бен Хамада аль-Тані і народ гэтай краіны з Нацыянальным днём.

    "У нашай краіне высока цэняць дасягненні катарскага кіраўніцтва, дзейнасць якога накіравана на ўстойлівае развіццё сваёй дзяржавы, умацаванне дабрабыту яе насельніцтва і захаванне парадку на роднай зямлі", - канстатаваў беларускі лідар у віншаванні Эміру Катара.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Мінск падтрымлівае намаганні Дохі па спыненні рэгіянальных канфліктаў, аднаўленні бяспекі і ўстанаўленні міру на Блізкім Усходзе.

    "Рады адзначыць, што нашы народы маюць агульныя погляды на традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, неабходнасць захавання культурнай спадчыны і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка прывітаў гатоўнасць шэйха Таміма бен Хамада аль-Тані прыбыць у Беларусь з візітам і абмеркаваць крокі па павышэнні дынамікі двухбаковага супрацоўніцтва. Прэзідэнт запрасіў Эміра Катара наведаць Мінск у цёплы сезон, з мая па верасень 2025 года.

    У віншавальным пасланні шэйху Абдалу бен Хамаду аль-Тані Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паміж Беларуссю і Катарам склаліся адносіны сапраўднай дружбы і даверу, аб чым сведчаць актыўныя міждзяржаўныя кантакты на ўсіх узроўнях, плённая сумесная праца ўрадаў па розных напрамках, узаемная падтрымка на міжнароднай арэне.