Удзел у агульнарэспубліканскіх святочных мерапрыемствах з нагоды 72-й гадавіны Перамогі
- 15
- 27:32
У Беларусі ёсць усё для таго, каб абараніць сваю зямлю. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 мая ў час размовы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.
Аб забеспячэнні абараназдольнасці
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ўжо трэці раз літаральна за два дзесяцігоддзі рэфармуюцца Узброеныя Сілы. "Робім высновы і атрымліваем урокі з таго, што адбываецца ва ўсім свеце, - сказаў Прэзідэнт. - Свет вельмі неспакойны, ідуць войны. Мы ўважліва назіраем за тым, што адбываецца, робім вывады і ў сувязі з гэтым прыстасоўваем свае Узброеныя Сілы для абароны нашай Айчыны. У нас ёсць усё для таго, каб абараніць кавалак зямлі, на якім жывуць нашы людзі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна эканоміка. "Будзе нармальна развівацца краіна - мы забяспечым мір, бяспеку і ўнутраную стабільнасць. Наш народ можа за гэта абсалютна не перажываць", - запэўніў ён.
У Беларусі, звярнуў увагу Прэзідэнт, умеюць атрымліваць урокі з гісторыі і разумеюць, што порах трэба трымаць сухім. "Але самае галоўнае - у мірны час гарматы павінны быць зачэхлены. І расчахляць іх можна толькі на вучэннях. Што мы, дарэчы, і робім, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, каб у нас заўсёды было адзінства ў краіне. Будзе яно - справімся з любымі пагрозамі".
Аб развіцці невялікіх населеных пунктаў
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ўдалося прывесці ў парадак абласныя цэнтры, буйныя населеныя пункты і аграгарадкі. Цяпер справа за невялікімі вёскамі. "Іх трэба прыводзіць у парадак. І калі людзі будуць там жыць, мы абавязкова мадэрнізуем, адрамантуем інфраструктуру для іх, - сказаў Прэзідэнт. - Мы будзем рабіць гэта па усёй краіне".
У прыклад была прыведзена Віцебскай вобласць. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэты рэгіён патрабуе павышанай увагі, таму што там такіх маленькіх вёсак больш, чым у любым іншым. Кожны з населеных пунктаў, у якім бывае літаральна па тры-чатыры дамы, аднавіць, можа, і не атрымаецца. "Але трэба зрабіць усё для таго, каб нармальна жылі сем'і, у якіх ёсць дзеці. Трэба іх падвезці ў школу - значыць, будзем падвозіць, - падкрэсліў ён. - Будзем усё рабіць для таго, каб гэтыя вёсачкі аднавіць, падвядзём дарогі. Мы на гэта і нацэлілі нашу праграму па развіцці сеткі мясцовых дарог".
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што з гэтага года мясцовым дарогам у Беларусі будзе ўдзяляцца павышаная ўвага, чакаецца, што на працягу трох-чатырох гадоў яны будуць поўнасцю прыведзены ў парадак.
Аб міграцыйных працэсах у Беларусі і Еўропе
Журналісты таксама спыталі ў Прэзідэнта, чаму ў Беларусі прыезджых не лічаць праблемай, а тую ж Еўропу бежанцы з Усходу фактычна сціраюць з
зямлі.
"Вельмі важна, з якім настроем і адкуль едзе чалавек. Да нас прыехалі ўкраінцы. Яны прыехалі па прычыне таго, што мы разварушылі іх дом? Не. Яны прыехалі, каб выратавацца самім і выратаваць свае сем'і. Яны бягуць ад той разрухі, якая адбываецца на ўсходзе Украіны. І яны едуць да нас за ратаваннем як да людзей, якія павінны ім дапамагчы. Вось іх настрой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Мігранты з Блізкага Усходу накіроўваюцца ў заходнія краіны зусім з іншымі думкамі. "Што адбываецца на Блізкім Усходзе? Туды прыйшлі ў тым ліку еўрапейцы. Помніце гэту арабскую дугу? Пачалі з Туніса - цудоўная была краіна, усе туды ехалі, адпачывалі. Навошта было пераварочваць гэту краіну? - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Пачалі бамбіць, разбілі, пераварушылі - "дэмакратыю" прынеслі".
Канфлікты таксама ўспыхнулі ў Лівіі, Іраку, Сірыі, Афганістане - многія гарады былі сцёртыя з зямлі, а ў баявых дзеяннях загінула мясцовае насельніцтва, у тым ліку жанчыны і дзеці. Гэтыя падзеі сталі адной з прычын развіцця тэрарызму. "І вось яны хлынулі: адны - з мэтай помсты, другія - з мэтай знайсці работу, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - І як іх прынялі: рэзервацыі, асобныя паселішчы. Яны стварылі свае анклавы там з гэтым настроем".
"Вось у чым розніца паміж намі і іншымі краінамі, якія вымусілі іх (мігрантаў) ехаць да іх у пошуку хаця б кавалка хлеба, не кажучы пра шчасце, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Трэба быць больш уважлівымі, дабрэйшымі да людзей, тады дабрыню атрымаеш і ты".
Аб правядзенні ў Беларусі буйных міжнародных турніраў
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што правядзенне ў Беларусі турніраў міжнароднага ўзроўню дае магчымасць не столькі павысіць імідж краіны або прыцягнуць турыстаў, колькі падштурхнуць да развіцця спартыўную сферу. "Галоўнае - гэта развіццё спорту ўнутры нашай краіны", - заявіў ён.
Напрыклад, у 2018 годзе Беларусь прыме чэмпіянат свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў. "Вы думаеце, шмат турыстаў сюды хлыне? Не. А вось штуршок развіццю гэтага віду спорту мы можам даць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што Беларусь і Латвія падалі сумесную заяўку на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе. "Сапернік у нас моцны - Фінляндыя. Але пытанне не ў тым, выйграем мы або не выйграем. Усё адразу не бывае. Мы змагаліся, прайгравалі, а потым атрымалі чэмпіянат свету. Таму трэба змагацца. Не атрымаем у 2021 годзе - атрымаем у 2022-м або 2023-м. Мы абавязкова прывязём чэмпіянат свету па хакеі ў сваю краіну", - сказаў ён.
Аб стане спраў у беларускім хакеі
У Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся меркаваннем адносна стану спраў у беларускім хакеі. "Сітуацыя ў хакеі настолькі неадэкватная, што пасля чэмпіянату свету (мы ўжо дамовіліся з трэнерамі, спартсменамі) збяромся і будзем думаць, што рабіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У хакеі правал, у футболе правал, у біятлоне, дзе мы заўсёды былі наверсе, - правал. Гэтага дапусціць мы не можам. Ніхто не скажа, што мы камусьці недаплацілі або не прафінансавалі. Мабыць, проста зажраліся ў некаторых відах спорту. Таму адрэгулюем".
Прэзідэнт пракаменціраваў выступленне беларускіх хакеістаў на чэмпіянаце свету, што праходзіць у Германіі і Францыі. "Мы разумеем, што гулялі з фаварытамі, але ж і яны не супервялікія, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Адсутнасць дысцыпліны, скочванне на індывідуальную гульню, якой не валодае ні адзін наш хакеіст".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нават калі гуляеш з фаварытам, то трэба змагацца да канца, хаця б за ачко. "Паглядзіце, як згулялі французы, проста малайцы: яны змялі фінаў", - канстатаваў ён.
Прэзідэнт растлумачыў, што востра рэагуе на гульню зборнай, таму што спорт - гэта найвялікшая ідэалогія. Дасягненні ў ім, гэтак жа як і няўдачы, уплываюць на настрой людзей і грамадства.
Аляксандр Лукашэнка 9 мая прыняў удзел у агульнарэспубліканскіх святочных мерапрыемствах з нагоды 72-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прэзідэнт усклаў вянок да манумента Перамогі і з цеплынёй паразмаўляў з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса і ветэранамі.
Удзельнікаў падзей ваеннага ліхалецця вайны з кожным годам становіцца ўсё менш, і, як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, важна, каб падрастаючае пакаленне пра іх не забывала. "Моладзь неабходна трымаць у полі зроку", - сказаў у сувязі з гэтым Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час у Беларусі для навучэнцаў быў уведзены курс па Вялікай Айчыннай вайне. І гэта прыносіць плён - маладое пакаленне ведае пра тыя даўнія падзеі і разумее, якой цаной дасталося краіне мірнае жыццё.
Памяць аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі мінутай маўчання. Затым адбыўся ўрачысты марш з удзелам роты і аркестра ганаровай варты ваеннай камендатуры Узброеных Сіл, а таксама прайшло тэатралізаванае выступленне.