Удзел у памятным мерапрыемстве, прысвечаным 80-й гадавіне трагедыі ў Хатыні
- 40
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка прыняў удзел у памятным мерапрыемстве, прымеркаваным да 80-й гадавіны хатынскай трагедыі.
Пасля прыбыцця Кіраўнік дзяржавы разам з сынамі наведаў музей, пабудаваны ў мемарыяльным комплексе "Хатынь".
Аляксандру Лукашэнку паказалі экспазіцыю музея, дзе расказваецца не толькі аб трагедыі Хатыні, але таксама праз сувязь пакаленняў і эпох дэманструецца, якія войны, цяжкасці і нягоды выпалі на долю продкаў сучасных жыхароў Беларусі, як ім даводзілася абараняць сваю родную зямлю і права жыць на ёй. Асноўны акцэнт зроблены на падзеях Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Музей напоўнены мноствам экспанатаў і сучасных інтэрактыўных тэхналогій, якія даюць магчымасць максімальна рэалістычна расказаць пра страшныя падзеі мінулых гадоў. За кожнай сцяной, кожнай фатаграфіяй у музеі - страшныя злачынствы, учыненыя фашыстамі і іх саўдзельнікамі на беларускай зямлі.
Агульная лічба спаленых і пацярпелых у Беларусі вёсак - 10 961. Але і яна, як расказалі Прэзідэнту, не канчатковая.
"Гэта сапраўды арыгінальна і непаўторна", - адзначыў пасля праведзенай экскурсіі Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што раней пра падзеі ваенных гадоў часам расказвалі ў некаторай ступені кіношна. Але ў новым музеі ўсё максімальна блізка да рэальнасці. "Усё проста і зразумела. Менавіта так, як тады было", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён упэўнены, што экспазіцыя павінна ўразіць наведвальнікаў.
Пасля наведвання музея Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.
У час памятнага мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да Вечнага агню і прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме, у час якога памяць загінулых ушанавалі мінутай маўчання.
Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на памятным мерапрыемстве, прымеркаваным да 80-й гадавіны хатынскай трагедыі:
Паважаныя суайчыннікі, дарагія сябры, госці Беларусі!
Памяць і абавязак прывялі нас сёння ў Хатынь. У вёску, якой больш няма і ніколі не будзе на геаграфічнай карце Беларусі. Роўна 80 гадоў таму тут спыніўся час: спынілася гісторыя роду беларускіх сем'яў, якія мірна жылі на сваёй зямлі, абарваліся 149 жыццяў старых, жанчын і дзяцей, у тым ліку якія не паспелі нарадзіцца.
Гэта трагедыя, як і тысячы такіх жа жахлівых злачынстваў, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, навечна выбіта ў камені і ў сэрцы беларускага народа. У сэрцы народа-пераможцы, моцнага і велікадушнага, які ўмее дараваць.
Да гэтага часу мы стараліся не абцяжарваць пачуццём віны дзяцей і ўнукаў катаў, якія прыйшлі на нашу зямлю, каб канчаткова вырашыць пытанне з намі, са славянамі. Усходнімі славянамі. Мы раней не падкрэслівалі, што большасць краін Заходняй Еўропы сталі пад сцягі гітлераўскай Германіі і сусветны капітал аплаціў гэты паход. Яны супраць нас сёння санкцыі ўводзяць, развязалі эканамічную і інфармацыйную вайну.
Але мы не забылі, і наследнікам карнікаў таксама нагадаем, як у далёкім 41-м беларуская зямля ператварылася ў адзін вялікі лагер смерці. Як людзей спальвалі, ціснулі танкамі, тапілі, расстрэльвалі прамой наводкай з цяжкіх гармат. Як закопвалі дзяцей жыўцом, эканомячы кулі, і распылялі над нашымі гарадамі і сёламі атрутныя рэчывы.
Сёння мы аплакваем жыхароў 11 тыс. нашых вёсак, пасёлкаў і хутароў, спаленых часткова або поўнасцю. Мы аплакваем усіх нявінных ахвяр нацызму, усіх герояў, якія не вярнуліся з той вайны. Гэта 50 мільёнаў жыхароў планеты. Большая частка - нашы савецкія людзі. Вечная ім памяць.
(У час цырымоніі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі мінутай маўчання).
Вы ведаеце: у фашызму няма чалавечага аблічча, але ёсць імёны. Імёны забойцаў і здраднікаў. І мы іх ведаем. Ёсць наследнікі і ідэйныя прадаўжальнікі, у якіх зноў абудзіўся ген нянавісці да нас, усёй славянскай цывілізацыі, нашага народа. "Арыйскія стандарты" яны замянілі на ліберальныя дэмакратычныя каштоўнасці. Фільтрацыя народаў на адпаведнасць новаму эталону ідзе даўно. Праз каляровыя рэвалюцыі, мяцяжы, проксі-войны, санкцыі, шантаж. Як далёка гэта можа зайсці - мы таксама ведаем.
На жаль, ужо і бачым на прыкладзе суседніх краін, дзе на руінах памяці аб савецкай спадчыне і Вялікай Перамозе, на абломках разбураных помнікаў воінам-пераможцам узняў галаву сучасны неанацызм.
Бачым, як прачынаюцца інстынкты продкаў - украінскіх, латышскіх, літоўскіх і польскіх карнікаў, якія кідалі ў агонь нашых дзяцей, старых і жанчын. Таму мы абавязаны і зробім усё, каб захаваць у гісторыі подзвіг пакалення савецкіх людзей, якія з гонарам прайшлі свой урок мужнасці і гераізму. Каб Хатынь стала месцам сілы беларускага народа. Гэта наш з вамі абавязак.
У гэтыя хвіліны я хачу звярнуцца да нашай моладзі. Мы ганарымся вамі. Усімі. Асабліва тымі, хто прыняў удзел у рэканструкцыі гэтага мемарыяльнага комплексу. Музей, які мы сёння адкрываем пад хатынскім небам, - у тым ліку і ваша тварэнне. Усе разам мы ўвасобілі ў жыццё праект, прызначаны зрабіць памяць аб жахах той вайны яшчэ вастрэй. Я вельмі хацеў, каб у людзей шчаміла ў грудзях яшчэ да таго, як ступіць нагой на святую зямлю Хатыні. Думаю, у нас атрымалася.
У Год міру і стварэння мы, беларусы, гаворым выразна і гучна: няма ніякіх апраўданняў палітыцы генацыду, няма нічога важнейшага за жыццё чалавечае.
Яшчэ раз хачу паўтарыць усім вам і тым, хто мяне пачуе: прыходзьце сюды часцей, прыводзьце з сабой дзяцей - сваіх, суседзяў, іншых. Калі забудзем дарогу ў Хатынь - усё паўторыцца. Нам трэба гэтага пазбегнуць. Жыццё даражэйшае за ўсё.
Жывіце доўга. Шчасця вам, здароўя і дабрабыту. Гэта вельмі актуальна на гэтым кавалачку беларускай зямлі.
На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў царкву Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якая была адноўлена па ўзоры раней існаваўшай тут і знішчанай у час Вялікай Айчыннай вайны. У храме Кіраўнік дзяржавы запаліў свечку.
У час наведвання мемарыяльнага комплексу Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.
"Бываючы ў Хатыні... Гэта пачуццё непаўторнае. Нельга параўнаць, па сутнасці, тое, што тут адбылося, не толькі са злачынствамі нацызму, але і іншых мярзотнікаў і нягоднікаў, - падкрэсліў беларускі лідар, адказваючы на пытанні журналістаў. - Ды ў нас уся зямля ў помніках. Калі ў Сярэднія вякі Беларусь была зямлёй замкаў, то цяпер гэта зямля помнікаў".
"Гэта наш боль. Гэта наша памяць. Гэта памяць нас сюды і вядзе, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Я нездарма сказаў (нідзе аб гэтым не прачытаў, гэта - мае словы): пакуль будзем сюды хадзіць з дзецьмі, гэтага не будзе. Забудзем гэту дарогу - дакладна паўторыцца. Добрая ў нас моладзь. Але ўсё забываецца, з памяці сціраецца. Але гэта ў Беларусі мы так ставімся да гэтых часоў (захоўваем гістарычную памяць. - Заўвага). А ў іншых месцах не проста забыта нешта - нацысты па вуліцах ходзяць".
Ён асабліва адзначыў, што ў Беларусі ёсць і шмат іншых помнікаў і ўсе даглядаюць, трымаюць у парадку.
Што датычыцца музея, то Кіраўнік дзяржавы даручаў, каб экспазіцыя была максімальна набліжана да рэальнасці, таго, што было, і гэта ўдалося рэалізаваць. Гэтак жа як і рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу ў цэлым.
"Для нас гэта важна і актуальна. Няхай гэты бессмяротны кавалачак зямлі будзе прыкладам таго, як трэба ставіцца да тых людзей, дзякуючы якім мы жывём тут", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб сітуацыі на фоне спробы дыверсіі на аэрадроме Мачулішчы, якая адбылася нядаўна, і ліквідацыі тэрарыста ў Гродне, Прэзідэнт заклікаў народ у Беларусі з'яднацца і праявіць пільнасць.
"Спробы тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі - для нас гэта ў навіну. Мы таксама гэтага не тое, што не чакалі. Якраз чакалі. І я ў тым ліку, і ваенныя. Але нам здаецца гэта неверагодным. Чаго б я хацеў - каб народ неяк з'яднаўся. Людзі бачаць усё. Вы падкажыце своечасова нам (я заўсёды звяртаюся да людзей): нейкі чужы чалавек, нейкі ў парыку і іншае... Проста дайце нам сігнал", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў пра ўзаемадзеянне, калі была спроба тэракта на аэрадроме Мачулішчы: "Вы проста не ўяўляеце, як працавалі спецслужбы. Тысячы людзей былі падняты. За пяць дзён вылічылі і знайшлі. Асобныя людзі нам падказвалі нешта: бачылі чалавека, бачылі такога колеру аўтамабіль. Мы пачыналі ісці па следзе, шукалі. Але гэтага недастаткова. Не таму, што людзі ўтойвалі. Людзі проста спакойна, бестурботна жывуць. А цяпер трэба бачыць усё, што адбываецца".
Ён адзначыў, што факты, якія адбыліся, - гэта ў тым ліку сігнал для людзей. І важна праяўляць пільнасць. Напрыклад, пры здачы ўнаём кватэр і ў іншых сітуацыях.
"Вельмі важна цяпер адзінства спецслужбаў, сілавога блока і нашага народа. Тады нам будзе лягчэй", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я не гавару аб тым, што трэба "накапаць" на некага, закласці, абылгаць. Не. Трэба быць вельмі акуратнымі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ну хіба гэты чалавек, які нават парыком і грымам не ўмее карыстацца, нос нейкі там начапіў... Ён проста разумеў, што яго камеры зафіксуюць. Фіксавалі. Мы яго ўбачылі, па-мойму, яшчэ ў Магілёве і некалькі дзён вялі па Беларусі. Бачылі ўсе яго замашкі і іншае. Шчыра кажучы, не ўмее ён карыстацца (а, можа, спецыяльна так карыстаўся) грымам і парыкамі. Але людзі нас інфармавалі на гэты выпадак. Акрамя гэтых мярзотнікаў, якія на кватэру ўзялі. Яны цяпер там сядзяць у засценках, мы з імі працуем. Гэта жудасныя бчб-шнікі. Чаму так атрымліваецца, што ўсе тэрарысты асядаюць у гэтых кватэрах. І яны "ні пры чым", яны "нічога не ведаюць".
"Нам расслабляцца не трэба. Так, мы перамаглі ў 2020 годзе, гасподзь нам дапамог. Мы да гэтага не рыхтаваліся. Думалі: ну хіба ў нас на гэтай святой зямлі нешта такое можа здарыцца? Здарылася. Паўтарылася ў Расіі. Але вопыт яны ўжо наш вывучылі і спынілі гэта ў зародку. Ні ў якім разе ні нам, ні расіянам нельга расслабляцца. Гэта галоўнае цяпер", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што калі сітуацыя, не дай бог, пахіснецца ў нейкі бок, то заходнікі імгненна гэта скарыстаюць супраць краін.
Кіраўнік дзяржавы, расказваючы аб сітуацыі ў краіне на фоне няўдалых тэрактаў, заявіў, што "яшчэ прадаўжаецца шэраг аперацый на тэрыторыі Беларусі".
"Яны (на Захадзе. - Заўвага) ужо адказаць нічым не могуць. Ведаеце, арыштавалі там украінцаў і беларусаў: "О цуды! На Расію працавалі". Украінцы, беларусы і іншыя. Але ніхто нічога не даказвае, ніхто нічога не паказвае, што ж гэта за людзі, якія працавалі на Расію. Шпіёнамі аб'явілі. Усё проста: хочуць абмяняць. Хапаюць людзей, каб прапанаваць Расіі або Беларусі абмен на некага. Прапаноўвалі ўжо", - заявіў Прэзідэнт.
Адно з пытанняў Кіраўніку дзяржавы датычылася нядаўніх заяў Вялікабрытаніі аб намеры паставіць ва Украіну боепрыпасы з абедненым уранам. Журналіст расійскага СМІ папрасіў Прэзідэнта выказацца наконт гэтага. Аляксандр Лукашэнка адразу адрэагаваў на пытанне, якое прагучала: "Скажу: а Расія паставіць нам боепрыпасы з "сапраўдным" уранам".
"Калі яны вар'яты (на Захадзе. - Заўвага), то яны гэтаму працэсу дадуць штуршок. Вось самае страшнае і самае небяспечнае. Таму ад вар'яцтва трэба крыху адыходзіць у бок", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што калі толькі гэтыя боепрыпасы будуць выкарыстаны, то меры ў адказ Расіі і наступствы будуць страшнымі: "Як толькі гэтыя боепрыпасы ўзарвуцца на пазіцыях войскаў Расіі, вы ўбачыце: адказ будзе страшным для ўсёй планеты ўрокам. У Расіі не толькі абеднены ўран, вы гэта цудоўна ведаеце".
"Трэнд у гэтай вайне ў плане эскалацыі і пачынаць не трэба. Трэба рухацца (як і Пуцін з Сі Цзіньпінам размаўлялі) да мірнага ўрэгулявання. І расійскае кіраўніцтва, і адна з буйнейшых сусветных дзяржаў - Кітай, і многія-многія іншыя з гэтым згодныя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разважаючы на тэму эскалацыі з боку Захаду, Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне прадстаўнікоў расійскіх СМІ, ці ёсць там у кагосьці "тармазы". "Не. Тармазоў няма. Акрамя ўрану, вы ж памятаеце заяву гэтага пасла. Я цяпер думаю, для мяне гэта вялікае пытанне. Думаю, і ваша кіраўніцтва (Расіі. - Заўвага) пасля візіту Сі Цзіньпіна больш прадметна задумаецца. Мы з Пуціным звернем на гэта ўвагу. Заявіў (пасол. - Заўвага) аб тым, што калі яны прайграюць або будуць прайграваць ва Украіне, то яны будуць ваяваць. Палякі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што "палякі (кіраўніцтва Польшчы, іх палітыка. - Заўвага) вось тут ужо сядзяць у еўрапейцаў", і тых жа немцаў "пачынаюць дрыжыкі браць". "Яны ўжо ўсім надакучылі. Таму што там селі амерыканцы. Там ніякага суверэнітэту і незалежнасці няма. Тое, што скажуць амерыканцы, тое і робяць. Ніякіх там выбараў няма. Палякі не дурныя людзі. Але хто іх слухае? Там такая таталітарная краіна, што далей няма куды", - адзначыў беларускі лідар.
"І вось ён (пасол. - Заўвага) ляпнуў: мы будзем ваяваць супраць Расіі. Ну, чытай, адразу з нас пачнуць. Што павінны рабіць мы? Я яшчэ раз гавару: першае пытанне, якое мы абмяркуем з Пуціным, - як мы іх павінны паставіць на месца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што калі б у кіраўніцтве ва Украіне было пабольш розуму, то даўно ўсё скончылася б. "У рэшце рэшт, гэта нашы людзі ў асноўным. Мы разумеем іх, яны нас разумеюць. Вось там, асабліва Польшча - гіена Еўропы. Гэтыя літоўцы. Яны ж з палякамі таксама адзін аднаго ненавідзяць. Ведаеце чаму. Ну, вось аб'ядналі амерыканцы іх. Гэты пояс стварыўся. Яны рыхтуюцца супраць нас ваяваць. Ну, няхай паспрабуюць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму ўран - гэта балбатня. Калі яны разумныя, яны ніколі гэта не зробяць. Думаю, што ў бліжэйшы час удасца з адказнымі людзьмі ў Вялікабрытаніі пагаварыць і абмеркаваць гэта пытанне".
Рэзюмуючы, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер нельга "гуляць у нейкія ігрышчы": "Нам трэба сваё глядзець - беларусам і расіянам. Каб нашы людзі, як у 1941-м, не загінулі. Як тады ўсе прыміралі фашыстаў... Прымірылі, што пад Масквой былі праз некалькі месяцаў. Таму з гэтага трэба рабіць адпаведныя высновы".
Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму на Захадзе злуюцца з-за візіту Сі Цзіньпіна ў Расію.
"Мы ўпэўнены, што рухаемся ў правільным напрамку. Прынамсі, што датычыцца Беларусі і Расіі. Рухаемся туды, дзе адчынены нам дзверы. Дзе перад намі зачынілі дзверы - ну чаго ў гэтыя дзверы біцца? Яны да нас прыйдуць. Яны ціхенька з-пад плінтуса вылазяць, заходзяць, гандлююць і іншае. Еўропа ўжо выстаўляе прэтэнзіі Амерыцы, што, падштурхоўваючы іх (да санкцый і разрыву адносін. - Заўвага), амерыканцы вельмі добра гандлююць з расіянамі і гэтак далей. Гэта бізнес. І гэта паршывыя палітыкі на Захадзе, якія адной рукой ствараюць гэту сітуацыю, а другой спрабуюць неяк па-махлярску з намі не толькі размаўляць, але і гандляваць, і развіваць эканоміку. Таму ідзём туды, дзе нас чакаюць. Мы робім правільна. Але і яны зразумелі, што зрабілі няправільна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваіх ранейшых сустрэчах з высокімі прадстаўнікамі ЗША ў часы прэзідэнцтва Дональда Трампа. І тады Кіраўнік дзяржавы ім сказаў: "Вы што, звар'яцелі наогул? Перадайце свайму Прэзідэнту, што нічога лепшага для нас, для Расіі, для Кітая яны не зрабілі, аб'яднаўшы нас разам".
"Вы (Захад. - Заўвага) нас проста аб'ядноўваеце. А супраць гэтага фронту яны не выстаяць. Болтан (экс-саветнік Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. - Заўвага) гэта сёння паўтарыў. Таму яны злуюцца. Яны зразумелі, што яны зрабілі ўсё, каб аб'яднаць магутную рэсурсную, касмічную, ядзерную дзяржаву Расію і такую ж магутную, з чалавечым рэсурсам, ядзерную краіну, накіраваную ў будучыню (і ўжо лічыце першую краіну) - Кітай. Таму і злуюцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб прагнозах эканамічнага развіцця краіны, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што эканоміка Беларусі не рухнула і не рухне.
"Па першым квартале пацвярджаецца мой аптымізм у тым, што гэты год павінен і будзе не горшы за мінулы. Калі мы гэты год пройдзем так, як мінулы, і калі яшчэ і выканаем планы, якія намецілі на пасяджэнні Урада, мы будзем нармальна жыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выстаяць у няпростых умовах, у тым ліку і жорсткага санкцыйнага націску, удалося дзякуючы таму, што ў краіне захавалі моцную прамысловую базу, якая дасталася з савецкіх часоў. "Дзякуючы таму, што мы не разбурылі таго, што нам дасталася ад Савецкага Саюза. Чаму мы такія героі цяпер і я ў Іране, Кітаі магу гаварыць на нейкія эканамічныя тэмы і пра сучасныя тэхналогіі? Таму што мы ў савецкія часы былі самым мазгавым цэнтрам - Украіна, мы і часткова ў Прыбалтыцы. Што засталося ад гэтага? Нічога. Акрамя таго, што ў нас ёсць, - заявіў беларускі лідар. - Уся прадукцыя запатрабавана. Таму што мы стаім на плячах савецкіх гігантаў. І оптыка, і электроніка, і лазеры, і іншае - гэта ж Беларусь".
Па некаторых напрамках сучасная Беларусь зрабіла значны рывок у развіцці і перасягнула іншыя краіны. Напрыклад, мікраэлектроніка. "Яны проста малайцы. Яны ні ў чым не адсталі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Хоць існуе меркаванне, што айчынная прадукцыя мікраэлектронікі нібы па нанаметрах уступае замежнай. Але, як высветлілася пасля нядаўняй нарады па мікраэлектроніцы, пазіцыі беларускіх прадпрыемстваў даволі моцныя. І пра гэта, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён расказаў у тэлефоннай размове Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. "У нас ёсць усё для таго, каб ляталі самалёты, перамяшчаліся танкі і ў космас запускаць ракеты, - сказаў беларускі лідар. - Я гавару яму так па-простаму: "Калі мы сёння тэлефон, айфон не вырабім, мы яго купім. Але каб трактары, электрамабілі, матацыклы, аўтамабілі, ракеты і баявая тэхніка, самалёты перамяшчаліся, у нас ёсць усё".
На развіццё сферы мікраэлектронікі Беларусь і Расія накіроўваюць дадатковыя фінансавыя сродкі, што будзе садзейнічаць далейшаму тэхнічнаму прагрэсу ў галіне, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Можа, і добра, што яны (краіны Захаду. - Заўвага) увялі санкцыі. Мы цяпер будзем займацца сабой, не будзем разлічваць, як Расія (раней. - Заўвага), што газ, нафту прадалі, мільярды долараў атрымалі і назад ім аддалі за ўсякую "дробязь". Мы самі гэту "дробязь" будзем ствараць і рабіць у Расіі і Беларусі. Такія ў нас планы", - вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы.
"Абсалютна дакладна тое, што мы не рухнулі. Вы гэта адчуваеце. Так, па-рознаму жывуць людзі... Але мы не рухнулі і не рухнем", - канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы спыталі пра палітычную кампанію, якая будзе праходзіць у наступным годзе ў краіне, і аб тым, у якім стане да гэтага падыходзіць грамадства. "Калі галаву будзем у руках трымаць, будзе ўсё нармальна", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пачатак наступнага года ў сувязі з правядзеннем выбарчых кампаній, паводле слоў Прэзідэнта, будзе няпростым. Але пазітыўны момант у тым, што па часе яна не будзе супадаць з іншымі штогадовымі маштабнымі падзеямі, як, напрыклад, пасяўная кампанія. "Таму справімся з гэтым. Але расслабляцца, вядома, не трэба. Таму што тыя мярзотнікі, якія збеглі, некалькі соцень чалавек найбольш актыўных, яны павінны паказаць сваім спонсарам, што яны не проста ўмеюць у Telegram-каналах посціцца і іншае. А мэта адна - вайна. Я вас папярэджваў. Яны спрабавалі і так, і гэтак: мяцеж, каляровыя рэвалюцыі, вайна ў СМІ (яна і цяпер прадаўжаецца). Але застаўся ў іх адзін рычаг паспрабаваць - гэта ўзяць зброю і паспрабаваць ваяваць. Вось яны і спрабуюць прадэманстраваць, яны рыхтуюцца. Мы гэта ведаем, ведаем іх пайменна", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
У прыватнасці, такая падрыхтоўка асоб для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі вядзецца ў падраздзяленнях з беларускіх беглых, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне. "Мы ведаем, куды яны рыхтуюцца, як рыхтуюцца. Цяпер пачалі актыўнічаць. Калі ім цяпер грошы не дадуць, час іх злічаны. Таму яны і спрабуюць даказаць, што яны нешта могуць, і ўсё гэта - пад выбары. У лютым 2024 года парламенцкія выбары, усіх саветаў выбары - адзіны дзень галасавання. І праз некаторы час мы пераходзім да выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Як звычайна, праз некаторы час пераходзім у прэзідэнцкую кампанію. Мы рыхтуемся з пункту гледжання забеспячэння бяспекі для людзей. А астатняе - калі ласка, вы вырашайце. Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што патрэбна вам іншае жыццё - гасподзь з вамі, паспрабуйце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт упэўнены, што на фоне апошніх падзей беларусы інакш пачалі глядзець на многія рэчы. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на мір і спакой, якія забяспечаны на беларускай зямлі і якія трэба цаніць. "Я не хачу, каб было так, як сёння ва Украіне. У мяне дзеці, у многіх з вас дзеці. Хацелася б, каб дзеці жылі нармальна", - сказаў Прэзідэнт.