У Беларусі змяняюцца патрабаванні да размяшчэння вонкавай рэкламы
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня падпісаў Дэкрэт № 3 "Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы".
Цяпер змест вонкавай рэкламы, у тым ліку што размяшчаецца на білбордах і транспарце, неабходна будзе ўзгадняць з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Парадак узгаднення будзе вызначаць Савет Міністраў.
Гэтыя меры дадуць магчымасць папярэдзіць выпадкі размяшчэння недакладнай або неэтычнай рэкламы.
Прадугледжаныя Дэкрэтам навацыі не закрануць рэкламу, якая размяшчаецца на аўтамабілях і мае выключна інфармацыю аб таварных знаках і знаках абслугоўвання, перавозках пасажыраў і грузаў, нумары тэлефона дыспетчара таксі, а таксама продажы гэтага аўтамабіля.