Сустрэча з дэлегацыяй Кангрэса ЗША
- 1
Зацікаўленасць Беларусі ў развіцці паўнацэнных партнёрскіх адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі застаецца нязменнай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на сустрэчы з дэлегацыяй Кангрэса ЗША.
У гэтыя дні ў Мінску праходзіць важнейшае міжнароднае мерапрыемства - 26-я летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. "Наколькі мне вядома, дэлегацыя са Злучаных Штатаў самая шматлікая. З гэтага вынікае, што Кангрэс Злучаных Штатаў не толькі ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням работы Парламенцкай асамблеі АБСЕ, але і, напэўна, праяўляе інтарэс да нашай краіны, - адзначыў Прэзідэнт. - Кіраўніцтва вашай дзяржавы пасля лістападаўскіх выбараў мінулага года чакана сканцэнтравалася на ўнутраных справах краіны, перш за ўсё на эканоміцы, сацыяльнай сферы. Гэта зразумела, гэта задача любога Прэзідэнта. Тым не менш знешняя палітыка новай Адміністрацыі ЗША паступова набывае форму. Думаю, у хуткім часе будуць сфармуляваны знешнепалітычныя падыходы Вашынгтона і да Беларусі".
У гэтым кантэксце візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі ЗША набывае асаблівае значэнне, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Ён дасць магчымасць адкрыта абмеркаваць надзённыя пытанні нашых узаемаадносін. У вас, членаў вышэйшага заканадаўчага органа Злучаных Штатаў Амерыкі, ёсць магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з нашай краінай, скласці сваё меркаванне пра Беларусь, яе людзей, пра сітуацыю ў дзяржаве, рэгіёне. Зрабіць на падставе ўбачанага і пачутага ўласныя вывады, - дадаў беларускі лідар. - Пры гэтым хачу заўважыць, што ніякіх перашкод для вас не будзе. Вы можаце наведаць любую кропку нашай дзяржавы, нават самую закрытую. Мы ўсё гэта для вас арганізуем".
![]()
Прэзідэнт заявіў, што зацікаўленасць Беларусі ў развіцці паўнацэнных партнёрскіх адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі застаецца нязменнай. "За апошнія два-тры гады мы аднавілі пэўны ўзровень палітычнага даверу. Але без узаемнага жадання гэта было б немагчымым. Лічу, што папярэдняе дзесяцігоддзе, якое мы пражылі ва ўмовах няпэўнасці, санкцый, - гэта перыяд упушчаных магчымасцей для нашых адносін, - сказаў ён. - Мы пачынаем пакрыху выходзіць з гэтага стану. Мы спрабуем развіваць супрацоўніцтва з вашай дзяржавай у галінах, дзе супадаюць нашы інтарэсы".
Так, цяпер краіны сумесна працуюць над пытаннямі забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў, барацьбы са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій, узаемадзеянне ў галіне навукі і культуры.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова выслухаць любыя прапановы і заўвагі, нават аргументаваную крытыку з боку Злучаных Штатаў. У сваю чаргу беларускі бок будзе вельмі адкрыты адносна сваёй пазіцыі па ЗША.
"Неабходна ў канструктыўным ключы прадаўжаць весці пачаты з амерыканскім бокам дыялог па адчувальных тэмах. Час паказаў, што гэта эфектыўны механізм збліжэння пазіцый, устаранення існуючых паміж нашымі краінамі рознагалоссяў, - сказаў Прэзідэнт. - Мы павінны рухацца наперад - ад узаемных прэтэнзій і патрабаванняў да актыўнага супрацоўніцтва. Трэба навучыцца ўспрымаць тое, што адбываецца ў нашых краінах, у шырокім рэгіянальным і глабальным кантэкстах. Вядома, гэта няпроста рабіць, але мы павінны ставіць перад сабой менавіта канструктыўныя мэты".
Беларусі, дадаў ён, вядомы чаканні амерыканскага боку ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і іншых пытанняў. "Мы ад іх не адыходзім, гатовы іх абмяркоўваць у любым фармаце і месцы - у Мінску, Вашынгтоне або Нью-Ёрку, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Тое ж самае датычыцца выбарнай тэматыкі і гэтак далей".
![]()
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што цяпер дынаміка развіцця беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва крыху спала. "Некаторыя нашы нядобразычліўцы гавораць аб тым, што нармалізацыя "выдыхнулася", што ў нашых адносінах з ЗША зноў надыходзіць перыяд крызісу. Я не згодны: крызісу ніякага няма. Але дэфіцыт ідэй прысутнічае. Таму наша сённяшняя сустрэча вельмі важна для падтрымання нават той дынамікі, якая некалі была напрацавана", - лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць выслухаць любыя заўвагі і ідэі, а таксама прапанаваў падумаць над тым, як бакі маглі б надаць беларуска-амерыканскім адносінам большую актыўнасць.
У сваю чаргу кіраўнік дэлегацыі ЗША ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, старшыня Хельсінкскай камісіі ЗША Роджэр Уікер заявіў, што бачыць цудоўныя магчымасці для станоўчых змяненняў у двухбаковым супрацоўніцтве. "Эканамічныя і ўнутраныя пытанні пасля выбараў у лістападзе атрымалі ў нас пэўны прыярытэт. Аднак мы паступова звяртаем наш позірк на знешнюю палітыку, і вельмі важнай яе часткай будуць узаемаадносіны з Беларуссю", - адзначыў ён.
У час сустрэчы перш за ўсё былі абмеркаваны перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусі і ЗША. Бакі падзяліліся меркаваннямі аб развіцці супрацоўніцтва па самых розных напрамках, галоўным чынам у палітычнай і эканамічнай сферах.
Асаблівы інтарэс быў праяўлены да міжнароднага парадку дня, у сувязі з гэтым узнімалася сітуацыя ва Украіне, дзе прадаўжаецца ўзброены канфлікт. Кангрэсмены з ЗША пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі яго ацэнкай падзей у суседняй краіне, а таксама бачаннем шляхоў вырашэння канфлікту.
Члены амерыканскай дэлегацыі таксама адзначылі вялікі ўклад Мінска ва ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне.
У час сустрэчы з Прэзідэнтам парламентарыі асобна спыніліся на ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Некаторыя з кангрэсменаў працяглы час працуюць па гэтай тэматыцы, у тым ліку па аказанні дапамогі грамадзянам у лячэнні ад захворванняў, і маюць намер у час свайго цяперашняга візіту правесці ў Беларусі адпаведныя сустрэчы.
Кіраўнік дзяржавы запрасіў кангрэсменаў наведаць беларускія раёны, якія пацярпелі ў выніку аварыі, каб яны змаглі на свае вочы ўбачыць, як развіваюцца гэтыя рэгіёны.
Адной з галоўных тэм стала абмеркаванне работы Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Члены высокай дэлегацыі з ЗША адзначылі добрую арганізацыю ў Мінску 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ, падкрэсліўшы, што яны падтрымліваюць вылучаныя Беларуссю глабальныя ініцыятывы.
На завяршэнне сустрэчы бакі выказалі надзею, што супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі будзе актывізавана па ўсіх напрамках.