Нарада па пытаннях арганізацыі работы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі
- 8
- 5:47
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка сабраў нараду па пытаннях арганізацыі работы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
У мерапрыемстве ў Кіраўніка дзяржавы прынялі ўдзел Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Вольга Чупрыс, Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч, Старшыня ЦВК Ігар Карпенка і начальнік сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч.
"Шэсць чалавек. Прыцягвайце, каго вы лічыце патрэбным. Людзі пачуюць сёння маю пазіцыю. І парламент, і Адміністрацыя Прэзідэнта, і Урад, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, іншыя дзяржаўныя органы ўлады падключацца і будуць працаваць у тым ключы, які вы задасце ў гэты пераходны перыяд ад аднаго склікання парламента да другога. Трэба зрабіць усё, каб дэпутаты неадкладна пачалі сваю работу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І вельмі вас прашу: вам таксама давядзецца ўсім працаваць, дапамагаючы ўраду пры фарміраванні і падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу, яго пасяджэння і нарады. Паглядзіце, які план павінен быць, як мы будзем праводзіць пасяджэнне. Канстытуцыйна вызначана законам, калі павінна адбыцца першае пасяджэнне. Трэба рабіць усё ў адпаведнасці з законам і паглядзець, якія пытанні нам трэба першачаргова разгледзець на гэтым першым пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу".
"Работы хопіць усім. Работы дастаткова", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры неабходнасці трэба дапамагчы і ЦВК у вырашэнні бягучых пытанняў. "У яго ж (кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі. - Заўвага) няма там вялікай колькасці людзей, якія займаліся б тымі ці іншымі пытаннямі", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звярнуў увагу на арганізацыйныя пытанні, якія датычацца як работы і жыцця новых парламентарыяў, так і тых, хто завяршае сваю работу ў Палаце прадстаўнікоў. Пытанне выплаты зарплаты, працаўладкаванне, выбранне новага складу кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, фарміраванне камісій, заахвочванне дэпутатаў за добрасумленную працу, падтрымка ў працэсе фарміравання УНС - усе гэтыя пытанні ў цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, 25 сакавіка - апошні тэрмін, калі павінны пачаць выкананне сваіх абавязкаў нававыбраныя дэпутаты. "У сувязі з гэтым хачу вас папрасіць. Усе мы людзі, жыць трэба, сем'і карміць. Давайце дамовімся так, што да першага красавіка нававыбраныя дэпутаты зарплату будуць атрымліваць па месцы свайго жыхарства, а з першага красавіка мы будзем ім заработную плату плаціць, як належыць дэпутатам. Калі будуць якія-небудзь нюансы, вы мне дакладвайце, прымем адпаведнае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на чыста арганізацыйныя пытанні, у тым ліку зыходзячы са свайго дэпутацкага вопыту ў мінулым: "Ведаю як дэпутат, што гэты перыяд няпросты, чахарды хапае, нагрузка на сакратарыят вялікая".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў пры неабходнасці аказаць начальніку сакратарыята і ў арганізацыйным, і ў матэрыяльным плане адпаведную падтрымку. "Каб ён мог падрыхтаваць працоўныя месцы дэпутатам, выслухаць іх пажаданні ў рэшце рэшт. Гэта звычайны рабочы момант", - растлумачыў беларускі лідар.
Ён дадаў, што ў тым ліку даручыць Кіраўніку спраў Прэзідэнта падключыцца ў фінансавым плане, калі гэта будзе патрэбна.
"Усіх вас папрашу папрацаваць цяпер пару тыдняў у парламенце вельмі сур'ёзна, каб дапамагчы дэпутатам стаць у гэту каляіну і падрыхтаваць і правесці першае пасяджэнне нашага парламента. Нам трэба, будзем адкрыта гаварыць, аказаць неабходную падтрымку дэпутатам (гэта ўжо, як яны папросяць) па фармаванні кіруючых органаў Палаты прадстаўнікоў", - даручыў Прэзідэнт.
Размова пра выбранне Старшыні Палаты прадстаўнікоў, яго намесніка, кіраўнікоў камісій. "Залішне не ўмешвацца. Гэта справа дэпутатаў, як яны вызначаць там па рэгламенце, у адпаведнасці з законам гэтыя мерапрыемствы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама даручыў падрыхтаваць яго традыцыйную сустрэчу з парламентарыямі мінулага склікання. "Тут таксама трэба будзе вельмі сур'ёзна падрыхтавацца да гэтай сустрэчы. Трэба падзякаваць, узнагародзіць, Уладзімір Паўлавіч (Андрэйчанка. - Заўвага), тых, хто заслужыў, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Тут не павінна быць ніякіх абмежаванняў, але і не павінна быць "навалам" гэта ўсё. Так, як гэта ў нас прынята: тыя, хто актыўна працаваў. І над Канстытуцыяй многія дэпутаты працавалі".
"Парламент быў як ніколі салідны, прыстойны, праблем нікому не ствараў, працаваў так, як трэба. Таму павінны быць заахвочаны тыя дэпутаты, якія гэтага заслугоўваюць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адно важнае пытанне ў жыцці тых, хто завяршае парламенцкую дзейнасць, - працаўладкаванне на новыя месцы. "Гэта падрыхтаваныя людзі, вельмі сур'ёзная школа", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі патрэбна якая-небудзь дапамога з майго боку, умяшанне ў працэс працаўладкавання дэпутатаў мінулага парламента, вы мяне інфармуйце. Будзем вырашаць гэтыя пытанні", - запэўніў Прэзідэнт.