Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. Перагаворы з Уладзімірам Пуціным
- 3
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 мая прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. У Сочы прайшлі перагаворы Кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
У час перагавораў Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што, сапраўды, шмат было размоў наконт гэтай сустрэчы. "Нечакана нават для мяне. Вось, сустракаюцца часта і іншае... Але гэта наш план. Мы аб гэтым аб'явілі яшчэ ў канцы мінулага года, што мы, як Вы правільна сказалі, паступова будзем абмяркоўваць тыя пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мы ўперліся ў нейкае пытанне і не можам яго без спецыялістаў разгледзець, то мы перададзім яго спецыялістам, яны рыхтуюць нам. Мы сустракаемся, зноў рухаемся. Галоўнае, што рухаемся наперад. Вы правільна адзначылі рост тавараабароту. Мы падлічваем цяпер літаральна кожную долю працэнта. І бачым, што мы перасягнём у гэтым годзе - Беларусь і Расія - свой тавараабарот дакавіднага ўзроўню. Тут якраз у нас тэмпы нядрэнныя".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі тэмп росту ВУП прыкладна такі ж, як і ў Расіі. "Нам жа, ведаеце, прадракалі ледзь ці не стагнацыю нейкую. Эканоміка ў Расіі расце. Зразумела, прывязаная да Расіі і наша эканоміка нармальна рухаецца. Але заўсёды ёсць жадаючыя падкінуць нам праблем. Вы пра іх ведаеце", - сказаў ён.
"Я Вас праінфармую. Карыстаючыся такімі давернымі адносінамі з Вамі, захапіў некаторыя дакументы. Пакажу Вам, каб Вы разумелі, што адбываецца. Проста публічна я пры падрыхтоўцы да сустрэчы Вам скажу наступнае, каб Вы разумелі, што гэта за людзі. Хоць мы з Вамі у гэтым ключы абмяркоўвалі многія праблемы", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Ён нагадаў пра перыяд мінулага года, калі розным краінам давялося вывозіць сваіх грамадзян з іншых дзяржаў на фоне абмежаванняў, выкліканых пандэміяй. "Напэўна, больш за Расію ніхто не ратаваў сваіх людзей, вывозячы з курортаў. І нават з Індыяй нам вы дапамагалі, чалавек 200 вывезлі беларусаў, недзе мы адначасова вывозілі расіян - "Белавія" наша. Тады ўсё закрылася. Адзін аэрапорт у Мінску працаваў, і вывозілі сваіх людзей. Яны (шэраг замежных краін, у тым ліку ў Еўрасаюзе, ЗША. - Заўвага) усё закрылі, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Яны папрасілі "Белавія", і наша кампанія вывезла тысячы, тысячы чалавек: шведаў, немцаў, палякаў, літоўцаў (у іх наогул наглуха было закрыта), амерыканцаў. Тысячы вывозілі ў Мінск, паколькі аэрапорт быў адкрыты адзіны. А потым амерыканцаў у нас забіралі або мы ім туды адвозілі. Не ўяўляеце, як яны былі нам удзячныя - "Белавія" - за вывезеных людзей, выратаваных".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на рэакцыі гэтых жа краін на выпадак з самалётам Ryanair, які зрабіў пасадку ў Мінску з-за паведамлення аб мініраванні. "Гэты выпадак з самалётам, да якога "Белавія" не мае ніякіх адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Там самалётаў "Белавія" не было (у інцыдэнце з самалётам Ryanair. - Заўвага), яна базіруецца ў аэрапорце, там і вы лятаеце, і іншыя (расійскія самалёты і іншых краін. - Заўвага). Чужы самалёт. Папракаюць ваенных, што мы яго там пасадзілі. "Белавія" пры чым? Замачылі па поўнай. І калі б не вы - у гэты перыяд, я гляджу, Масква адмаўляе: ляціце вакол Беларусі - не прымаюць самалёты ў Маскве. Адразу адчулі. Але за што пакаралі працоўны калектыў "Белавія"? За тое, што яны ў COVID іх вывозілі тысячамі. Вось іх твар", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"Я пакажу Вам некаторыя дакументы. Вы зразумееце, што там адбываецца і адбывалася. Ідзе спроба расхістаць сітуацыю да ўзроўню жніўня мінулага года", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым прыгадаў выпадак, калі на Захадзе ў свой час пасадзілі самалёт Прэзідэнта Балівіі. "Прэзідэнта вывелі з самалёта, і нічога - цішыня", - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся і адзначыў, што ёсць і іншыя выпадкі ў свеце, калі прымушалі да пасадкі самалёты тых ці іншых краін і пры гэтым ніхто не крычаў наконт гэтага. "Проста зразумела, што ад нас хочуць гэтыя "сябры" нашы заходнія. Што тут абмяркоўваць... Але няма тых вышынь, якія бальшавікі не бралі. Возьмем і мы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Уладзімір Пуцін на сустрэчы адзначыў рост беларуска-расійскага тавараабароту і падкрэсліў важнасць замацавання пазітыўных тэндэнцый у супрацоўніцтве дзвюх краін.
"Дзякуй, што прыехалі. Як і дамаўляліся. Мы дамаўляліся аб гэтым яшчэ да чарговага вітка...", - пачаў размову Уладзімір Пуцін.
"Усплёску эмоцый", - падхапіў думку Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Так, усплёску эмоцый. Нам без гэтых падзей ёсць аб чым пагаварыць. Маючы на ўвазе, што ў першым квартале бягучага года Расія застаецца ключавым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Мы назіраем значны рост тавараабароту - 18,4%. Гэта добрая тэндэнцыя. Важна яе захаваць пры актыўнай рабоце ўрадаў", - прадоўжыў расійскі лідар.
Уладзімір Пуцін адзначыў, што якраз сёння Прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін знаходзіцца ў Беларусі для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, у яго былі кантакты са сваімі калегамі. "Ён мне тэлефанаваў нават сёння, расказваў аб тым, як ідзе работа", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Ён падкрэсліў, што ўжо ў чэрвені будзе здадзены ў прамысловую эксплуатацыю першы блок БелАЭС. "Гэта таксама яшчэ адзін добры прыклад нашага супрацоўніцтва. Ёсць добрыя пазітыўныя тэндэнцыі па іншых напрамках. Усё гэта, безумоўна, будзе ў цэнтры нашай увагі", - заявіў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што прадаўжаецца работа і над пытаннямі будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. "Мы робім гэта зыходзячы з таго, каб забяспечыць інтарэсы як Беларусі, так і Расіі. Мы рухаемся ў гэтым напрамку. Упэўнены, гэта работа дае ўжо канкрэтныя вынікі нашым грамадзянам. Пытанне толькі ў тым, каб рабіць усё паслядоўна, не спяшаючыся, не забягаючы наперад, а дзейнічаць паэтапна, маючы на ўвазе якраз забеспячэнне нашых інтарэсаў, як кожны з бакоў сам для сябе вызначае", - падкрэсліў расійскі лідар.
Адышоўшы ад дзелавой тэматыкі, расійскі лідар адзначыў, што ў Сочы цяпер добрае надвор'е. "Можам пакупацца", - запрасіў ён. "З задавальненнем", - адрэагаваў Прэзідэнт Беларусі.
"Мора становіцца ўсё цяплей і цяплей. Думаю, што гэта таксама будзе садзейнічаць дасягненню вынікаў нашай сённяшняй сустрэчы", - выказаў упэўненасць Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў калегу за чалавечае запрашэнне: "Менавіта ў пятніцу, каб, сапраўды, у выхадныя дні можна было і ў мора акунуцца. Я так і зразумеў гэта запрашэнне".