Прэзідэнт Беларусі прыняў кадравыя рашэнні

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці работу па рэфармаванні і абнаўленні ў дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта. Адпаведныя задачы Кіраўнік дзяржавы паставіў 21 снежня, назначаючы новае кіраўніцтва гэтага дзяржаўнага органа.

Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі назначана Наталля Качанава, Першым намеснікам - Максім Рыжанкоў.

"Перш за ўсё хачу сказаць публічна аб тым (нават не ведаю, як гэта назваць - ці то ўкіды, ці то меркаванні ў СМІ наконт назначэнняў у Адміністрацыі Прэзідэнта), што я пачуў гэтыя прапановы і ад нашых апазіцыйна мыслячых грамадзян, і ад так званай апазіцыі, і ад пятай калоны - іх прадстаўнікоў. Усе прапановы я пачуў і пры разглядзе кандыдатур, вядома ж, улічыў іх. Але тым не менш маё рашэнне такое", - сказаў ён.

Прэзідэнт ахарактарызаваў Наталлю Качанаву як вопытнага дзяржаўнага дзеяча, вельмі адданага дзяржаве чалавека. "Чалавек, які прыйшоў знізу. Для мяне гэта вельмі важна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у Адміністрацыі Прэзідэнта патрэбны тонкі і гібкі арганізатар бягучых працэсаў і вырашэння адпаведных пытанняў. "Працуючы ва ўрадзе, Вы ўжо ўбачылі тое, што трэба рабіць і чаго рабіць ні ў якім разе нельга. Так ці інакш, Вам давядзецца сутыкацца і абапірацца на той вопыт работы, які Вы набылі ва ўрадзе", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Наталлі Качанавай.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў арганізатарскія здольнасці Максіма Рыжанкова, нягледзячы на некаторыя правалы ў спорце. "Гэта, зразумела, не столькі Ваша віна. Але мяне падкупляе Ваша адказнасць і перажыванне за справу. А таксама энергія, з якой Вы працуеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт разлічвае, што сумесная работа Наталлі Качанавай і Максіма Рыжанкова дасць добры эфект.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць ідэалагічнага складніка ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта. "А культура, спорт, ды і ахова здароўя - гэта галоўная аснова нашай ідэалогіі", - адзначыў ён. Пры гэтым акцэнт робіцца менавіта на канкрэтных дзеяннях у той ці іншай сферы, а не проста на абмеркаванні ў СМІ. Хоць гэта абмеркаванне таксама павінна быць, прычым сумленным і аб'ектыўным.

Кіраўнік дзяржавы агучыў канкрэтныя прапановы і даў даручэнні па пытаннях рэфармавання структуры Адміністрацыі Прэзідэнта, пераразмеркавання функцый у сферы ідэалагічнай работы, складу і дзейнасці памочнікаў Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваіх даручэннях па дэбюракратызацыі і аптымізацыі дзяржапарату: "Мы павінны паказваць прыклад самой Адміністрацыі Прэзідэнта. І нам трэба яе рэфармаваць у тым плане, што гэта ўсё ж такі галоўны штаб Прэзідэнта".

"Яшчэ раз падкрэсліваю - дэбюракратызацыя - гэта галоўны клопат Адміністрацыі Прэзідэнта. Ідэалогія, кадры, экспертнасць па эканамічным напрамку, прававы напрамак у рабоце Прэзідэнта. Плюс работа праз памочнікаў з галінамі ўлады - судовай, заканадаўчай, банкаўскай. Магчыма, яшчэ", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць слабым пытаннем у Адміністрацыі Прэзідэнта работу са зваротамі грамадзян. "Мы працуем як у савецкія часы. Зразумела, што Адміністрацыя перагружана гэтымі зваротамі - людзі звяртаюцца сюды, як у апошнюю інстанцыю, - адзначыў ён. - І як мы працуем: мы ў асноўным адпраўляем, як у савецкія часы, заявы грамадзян тым, на каго яны часам скардзяцца".

"Калі чалавек звяртаецца па нейкіх пытаннях да нас, і толькі мы павінны і можам вырашыць гэта пытанне, адфутбольваць нельга. Удзяліце гэтаму напрамку сур'ёзную ўвагу. Калі трэба, памяняйце ўвесь склад, які займаецца гэтай бюракратычнай работай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у цэлым адзначыў, што Адміністрацыю Прэзідэнта трэба рэфармаваць спакойна і разумна. Сутнасць таго, што адбываецца, Аляксандр Лукашэнка назваў абнаўленнем. Пры гэтым не ставіцца пытанне, напрыклад, аб амаладжэнні - важны менавіта прафесійныя і працаздольныя кадры. "Хто можа працаваць, хоць у 80 гадоў няхай прыходзіць і працуе, прапануе свае паслугі. Я гатовы іх прыняць. Калі зусім малады чалавек і здольны - калі ласка, прыходзьце таксама. Месца знойдзецца", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў новаму кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта ў сціслыя тэрміны ўнесці прапановы па абнаўленні гэтага дзяржоргана, пасля чаго адпаведныя пытанні будуць абмеркаваны на вялікай сустрэчы з удзелам Прэзідэнта.

"Мы нікуды не дзенемся ад гэтага абнаўлення. Застануцца працаваць толькі тыя, хто будзе прафесіянальны, адукаваны, хто хоча працаваць і варушыцца. Няма рэзультатаў - няма вялікіх пасад. Гэта абнаўленне павінна закончыцца адпаведным статусам дзяржаўнага служачага. Мы павінны ўзняць яго на небывалую да гэтага часу вышыню", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Дзяржслужачых павінна быць столькі, колькі трэба. Таму што мы ўжо вельмі раздулі гэты інстытут. Астатнія дзяржслужачыя, як і ваенныя людзі, павінны атрымаць самы высокі статус. Але гэта павінен быць аптымальны мінімум у краіне. Лішніх людзей у дзяржапараце быць не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова Прэзідэнт адзначыў, што, як яму дакладваюць, у Беларусі дзяржапарат у разліку на колькасць насельніцтва найбольш мінімальны і аптымальны ў свеце. "Але я бачу, што мы яшчэ можам рухацца. Мы планавалі 50% скараціць. Вельмі цяжка будзе на першым этапе. Урад прапануе, і я накіраваў вам гэтыя дакументы сёння - каля 30% атрымліваецца, нават 33-35%. Гэта добры крок на гэтым этапе", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што скарачэнне колькасці дзяржапарату само па сабе не з'яўляецца самамэтай. "У параўнанні з іншымі не так ужо шмат мы грошай на гэта трацім. Галоўнае, што лішнія чыноўнікі, якія адзін у аднаго часам сноўдаюцца пад нагамі, - гэта шкода. Трэба пакінуць столькі, колькі трэба, скараціўшы адпаведныя функцыі, і перанесці гэтыя функцыі ўніз на прадпрыемствы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб сваім даручэнні дасягнуць у 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне $500: "Яшчэ раз падкрэсліваю - $500 у будучым годзе сярэдняя зарплата. Пры ўсіх цяжкасцях, чаго б гэта ні каштавала, - запатрабаваў беларускі лідар. - Ад гэтага мы нікуды не дзенемся. Таму давайце будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць іх".

Яшчэ адна тэма, на якой акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы, - пазбаўленне ад залішніх праверак бізнесу і навядзенне парадку з нарматывамі ў розных сферах.