Віншаванне Султану Амана Хайсаму бен Тарэку аль Саіду

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Султана Амана Хайсама бен Тарэка аль Саіда і жыхароў гэтай краіны з Нацыянальным днём. 

    "Вялікае свята сімвалізуе адзінства і моц краіны, а таксама гонар за яе дасягненні, - гаворыцца ў віншаванні. - Ваша дзейнасць па развіцці Амана як цэнтра эканамічнай і палітычнай стабільнасці ў рэгіёне, стратэгічныя ініцыятывы па мадэрнізацыі інфраструктуры ствараюць умовы для росту дабрабыту аманскіх грамадзян і ўмацоўваюць міжнародны аўтарытэт Султаната".

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Аман у рамках больш чым 30-гадовай дружбы ўпэўнена рухаюцца наперад, паглыбляючы ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах.

    "Разлічваю на вашу асабістую падтрымку ў рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей па пашырэнні тавараабароту, прамысловага партнёрства з акцэнтам на сумесныя вытворчасці, распрацоўцы транспартна-лагістычных маршрутаў і інвестыцыйных праектаў, нарошчванні супрацоўніцтва ў галіне інфармацыйных тэхналогій і гуманітарных сферах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Буду вельмі рады сустрэцца з Вамі для абмеркавання перспектыў развіцця нашых адносін".

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Хайсаму бен Тарэку аль Саіду выдатнага здароўя і ажыццяўлення планаў, а народу Амана - міру і далейшага прагрэсу.