Наведванне рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця"

  • 17
  • 6:51

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 снежня наведаў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця".

У час паездкі Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі неабходна прадоўжыць актыўнае развіццё рэпрадуктыўных тэхналогій.

"На злобу, нядаўна абмяркоўвалі гэту праблему: гавораць, у нас незакончаная гэта сістэма. У нас няма банка. У нас гэта не развіта, давайце мы гэтым зоймемся прынцыпова. Зробім хаця б не горш, чым у Расіі. Гэта жанчыны мне гаварылі літаральна два-тры дні таму, выпадкова: што ў нас гэта значна адстае, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму давайце гэта зробім і зробім вельмі хутка - у першым паўгоддзі будучага года. Прымем усе рашэнні, каб было не горш, чым у самых развітых краінах. Калі мы згадзіліся, што ЭКА быць (не важна, 800 чалавек звярнулася па ЭКА або два чалавекі), давайце развяжам гэта пытанне. Зробім усё, каб жанчына магла нарадзіць".

У выніку прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій у Беларусі штогод нараджаецца каля тысячы дзяцей. Як расказалі Кіраўніку дзяржавы, у гэтым годзе ў больш як 800 сямейных пар выканана адна спроба экстракарпаральнага апладнення ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, з іх у "Маці і дзіця" - больш як 500 выкананых ЭКА.

У навукова-практычным цэнтры Аляксандр Лукашэнка наведаў новы корпус клінічнага аддзела анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і дырэктар РНПЦ "Маці і дзіця" Сяргей Васільеў далажылі Прэзідэнту аб арганізацыі перынатальнай дапамогі ў краіне і рабоце РНПЦ.

Кіраўніку дзяржавы расказалі аб паспяховым выкананні ўнікальнай унутрывантробнай аперацыі.

"Пачынаем ужо рабіць на самім плодзе больш сур'ёзныя аперацыі. Два тыдні таму мы зрабілі першую ў рэспубліцы - у дзіцяці была спіннамазгавая грыжа. Гэта калі вялікі дэфект і тырчыць спінны мозг. Зрабілі надрэз на матцы, нейрахірург ушыў гэту грыжу, дзіця паклалі назад, ушылі. Вось ужо прайшло два тыдні, дзіця прадаўжаюць выходжваць", - расказаў дырэктар РНПЦ "Маці і дзіця" Сяргей Васільеў.

Афіцыйна аперацыя гучала як "унутрывантробная карэкцыя прыроджанага пароку развіцця (ППР) цэнтральнай нервовай сістэмы плода - адкрытая спіннамазгавая грыжа па тыпе рахісхізу". Аперацыя была паспяхова выканана на тэрміне цяжарнасці 25-26 тыдняў. Праз два тыдні, паводле даных УГД, адзначаюцца актыўныя рухі ног, што робіць магчымым паспяховы прагноз па захаванні функцый ніжніх канечнасцей. Цяжарнасць у жанчыны прадаўжаецца.

Аляксандр Лукашэнка наведаў у новым корпусе лячэбны блок, у тым ліку аддзяленне, дзе выходжваюць дзяцей вагой ад 500 г, а часам і меншых. "Надзеньце ўсе маскі! І мне дайце маску. Гэта дзеткі!" - скамандаваў Кіраўнік дзяржавы на ўваходзе ў аддзяленне.

Прэзідэнт з цеплынёй паразмаўляў з медперсаналам і асабліва мамамі немаўлят. Сярод іх былі і тыя, чые малюткі ўжо даволі падраслі, каб іх можна было спакойна ўзяць на рукі. Кіраўнік дзяржавы з гатоўнасцю адрэагаваў на прапанову сфатаграфавацца з нованароджанымі і іх маці. Для маленькіх Яраслава і Марка, калі яны падрастуць, гэта будзе асаблівае памятнае фота - яны зручна размясціліся на руках у Аляксандра Лукашэнкі.

Зразумела, перад Новым годам Прэзідэнт прыехаў са шматлікімі падарункамі для маці і іх малышоў, а таксама ўрачоў, якія штодзень выходжваюць малютак. З салодкімі падарункамі - рознымі сартамі вінаграду, арэхамі і не толькі - дапамаглі калегі Кіраўніка дзяржавы па СНД з паўднёвых краін. Аляксандр Лукашэнка нядаўна вярнуўся з Санкт-Пецярбурга, дзе праходзіў нефармальны саміт Садружнасці, і цяпер шчодра падзяліўся перададзенымі для яго пачастункамі. "Гэта не я вырасціў. Я ў Піцеры быў. Гэта ў нас добрыя сябры. Мы дружна жывём з прэзідэнтамі", - адзначыў беларускі лідар.

Але галоўным падарункам ад Аляксандра Лукашэнкі для РНПЦ стаў новы апарат ультрагукавой дыягностыкі.

Варта адзначыць, што ў цэлым у пераднавагодні дзень у Прэзідэнта традыцыйны рабочы графік. Раніцу Аляксандр Лукашэнка пачаў з хакейнай трэніроўкі са сваёй камандай, павіншаваў іх з надыходзячым Новым годам. "Павіншаваў хакеістаў. Правялі інтэнсіўную трэніроўку", - сказаў ён. Гэта ўжо таксама традыцыя.

На заканчэнне свайго наведвання РНПЦ ён падзякаваў урачам, але папярэдзіў, што расслабляцца пакуль не трэба. "Дзякуй вам, урачам дзякуй. Я чаму да вас сёння прыехаў - таму што Новы год, вядома. Але нас з вамі чакае і наступны год няпросты, - сказаў ён. - Я вам удзячны, па-першае. А, па-другое, прашу не расслабляцца. Таму што хто яго ведае, як будзе складвацца абстаноўка. І справа не ў пандэміі, каранавірусе, - гэта мы ўжо навучыліся лячыць, мы гэта вылечым. Але нам трэба быць гатовымі да ўсіх падзей".

"У нас "вайна" не скончана. У будучым годзе нам давядзецца ратаваць людзей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Засталося павіншаваць народ з Новым годам і падпісаць Указ аб Годзе гістарычнай памяці. Год насычаны, але не горшы за папярэдні", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.