Наведванне Мінскага завода колавых цягачоў
- 18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня наведаў Мінскі завод колавых цягачоў.
Кіраўніку дзяржавы далажылі, што ў цэлым заводы працуюць. "Я ведаю, нягледзячы на тое, што некаторыя бадзяюцца. Ну, 150 на якім-небудзь прадпрыемстве, нават 200 (чалавек. - Заўвага) надвор'е не робяць, па-першае. Па-другое, трэба разумець, што "дрэнны" Прэзідэнт трымаў лішнюю колькасць, каб людзей не выкідвалі на вуліцу. Зыходзіць трэба з гэтага. Хто хоча працаваць, няхай працуе. Не хочуць працаваць, што ж, мы іх не прымусім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца непасрэдна МЗКЦ, Прэзідэнт звярнуў увагу: "Вам тут няма чаго ім тлумачыць. Што яшчэ трэба? Br1,5 тыс. заработная плата (сярэдняя па прадпрыемстве. - Заўвага), перспектыва, нармальна людзі працуюць. Што ім тлумачыць? Іх проста трэба адзін раз папярэдзіць: хто выйдзе за вароты, назад не вернецца. Гэта ж абароннае прадпрыемства".
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання МЗКЦ удзяліў шмат часу размове з работнікамі прадпрыемства, адкрыта адказаў на іх вострыя пытанні адносна абстаноўкі ў краіне, расказаў, да чаго ў далейшым могуць прывесці неабдуманыя дзеянні і празмерная палітызацыя.
"Калі вы рабацягі і нармальныя людзі, вы павінны працаваць, мужыкі. Выстаўляйце свае патрабаванні, патрабуйце, крычыце, але толькі не спыняйце вытворчасць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Яшчэ раз паўтараю (не крыўдзіцеся на мяне), але мяне вы на калені не паставіце. І не рабіце, каб было горш вам і вашым сем'ям. Вы гэта адчуеце праз тыдзень пасля таго, як учыніце бардак на прадпрыемстве. Падумайце над тым, што я сёння гавару і што сказаў учора".
Размаўляючы з працоўным калектывам, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі правялі выбары і іншых выбараў не будзе: "Ніколі вы ад мяне не дачакаецеся, каб я пад націскам нешта зрабіў. Іх (выбараў. - Заўвага) не будзе. Таму што не будзе ні МЗКЦ, ні МАЗа, ні БЕЛАЗа, за паўгода мы знішчым усё. Выбары не садзейнічаюць нармальнай абстаноўцы. Прытым мноства праблем цяпер".
"Цывільна адбыліся выбары. Не могуць быць фальсіфікаваны 80%", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я ведаю, разумею, што адбываецца. Таму давайце пагаворым па сутнасці. Вы - рабочыя людзі. Вы таксама мяне ведаеце. Вы заўсёды падтрымлівалі Прэзідэнта. Гэта я ведаю. Няхай не ўсе. Але запомніце, па-мужчынску вам скажу (і вы выслухайце, а потым дзейнічайце, як хочаце): самае страшнае ў жыцці - гэта здрадніцтва. Я не хачу вас папракнуць, што вы камусьці здрадзілі. Таму што я добра ведаю, што адбываецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Паслухайце, я ніколі вам не здраджваў і не здраджу, - запэўніў Прэзідэнт. - Жылі, нібыта, спакойна, ціха, зайздросцілі нам, паважалі. Што вы зрабілі з краінай? Вы ж з гэтага будзеце выкарабквацца! Супакойцеся, сядзьце, працуйце. А потым з вамі ў студзені тут сустрэнемся, і вы скажаце, што адбылося і што трэба яшчэ зрабіць".
"Не правакуйце! Я ўсё перажыў. Перажыву і гэта. Але вы думайце аб сабе цяпер. Вось я сёння пайшоў. Што заўтра, вы падумалі? - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Вы, калі ласка, каб была зарплата, не губіце сваё прадпрыемства. Лукашэнка заўтра пойдзе, але ж вы тут застаняцеся".
Прэзідэнт нагадаў, што цяпер вядзецца работа над варыянтамі змянення Канстытуцыі краіны, якія прадугледжваюць пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў. "Нельга гэту Канстытуцыю аддаваць незразумела каму. Таму што будзе бяда. Я гэтага больш за ўсё баюся", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы ў гэтым плане падзяліцца прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі. "Канстытуцыя новая патрэбна. Два варыянты мне прапанавалі. Я іх адхіліў, таму што яны мала адрозніваюцца ад гэтай. Ідзе работа над трэцім варыянтам. Прыходзьце, сядайце - і працуем над Канстытуцыяй. Выносім на рэферэндум, прымаем Канстытуцыю, і я вам свае паўнамоцтвы па Канстытуцыі перадам. Але не пад націскам і не праз вуліцу!", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Так, я ж не святы. Вы ведаеце маю строгасць. Вы ведаеце, што калі б не было строгасці, не было б краіны. Вы дакладна ведаеце, што я вашых дзяцей не пакрыўджу і краіну нікому не аддам. Гэта галоўнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я не вечны. Але калі вы загубіце першага Прэзідэнта, вы будзеце губіць, як у суседніх краінах, усіх астатніх. Беларусы не павінны гэтага рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на правакацыі і парушэнне грамадскага парадку будзе адпаведны адказ. Ён звярнуў увагу, што многія затрыманыя ўдзельнікі масавых беспарадкаў мэтанакіравана планавалі і ўчынялі такія дзеянні, прычым яшчэ ў дзень выбараў, да закрыцця ўчасткаў для галасавання. Многія з іх, як высветлілася, былі ў стане алкагольнага ап'янення або пад уздзеяннем наркатычных сродкаў.
"Я разумею, што многія напружаны сітуацыяй, якая склалася на вуліцах, што там было насілле і гэтак далей і да таго падобнае. Адказваю вам і на гэта пытанне. Патрэбна была падстава для таго, каб вы крычалі: "Сыходзь!" Добрая падстава. Хоць не без таго, вы ведаеце, што я даручыў разабрацца з кожным фактам. Не без таго, што нехта трапіў пад гэту раздачу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што сілавыя дзеянні сталі вынікам правакацый з боку некаторых удзельнікаў вулічных беспарадкаў, а аднаму з праваахоўнікаў наогул зламалі пазваночнік. "На правакацыі будзем адказваць адпаведным чынам, - падкрэсліў беларускі лідар. - Супакойцеся. Калі ў кагосьці ёсць дзеці, вазьміце галаву ў рукі і зразумейце, што ніколі ваенны чалавек вам не даруе, калі вы яго б'яце ў спіну на аўтамабілі. Я прасіў да гэтых падзей: не правакуйце іх. Яны будуць абараняць свае сем'і, на якія сёння ідзе націск праз сацыяльныя сеткі".
"Не хочаце насілля, не правакуйце. Вы зразумейце: яны (праваахоўнікі. - Заўвага) павінны парадак навесці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзеючая ўлада не зацікаўлена ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, гэта было ініцыявана іншымі асобамі. "Сітуацыю не я стварыў. Мне навошта гэта сітуацыя? Не патрэбна. Яе стварылі. Чаму амапаўцы аказаліся на вуліцы? Ім што, захацелася? Не. Іх вывелі туды навесці парадак", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, сілы правапарадку накіраваны для забеспячэння бяспекі. "Не ў палітыцы справа - у бяспецы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы спрабуем не паддавацца на правакацыі".
Наведваючы МЗКЦ, Прэзідэнт заявіў, што ўлада ў Беларусі ніколі не падзе.
Яны (праціўнікі дзеючай у Беларусі ўлады. - Заўвага) людзей атруцілі сацсеткамі. І ў некаторых склалася меркаванне: усё, улады няма, улада пала. Улада ніколі не падзе. Вы мяне ведаеце. А з імі мы разбяромся. Проста трэба пацярпець", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Але калі складзецца момант, што далей цярпець не трэба... Мы бачым, што бразгаюць гусеніцамі. Я ж бачу. І своечасова выбралі момант. Яны проста сёння справакавалі гэту абстаноўку, каб мы адцягнулі сваіх ваенных на ўнутраныя дзеянні. Хто сёння можа гарантаваць, што тыя сілы, якія падцягваюцца звонку, яны да нас абыякавыя? Ды не, мы з Пуціным аднаго меркавання, што ўсё там - заварушка гэта - не здарма", - дадаў Прэзідэнт.
Некаторыя рабочыя звярталіся і з практычнымі пытаннямі. Напрыклад, узнімалася тэма жыллёвага будаўніцтва, падтрымкі ў гэтым плане шматдзетных сем'яў. Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым аспекце ў Беларусі шмат зроблена, і дзяржава мае намер прадаўжаць гэту палітыку.
Кіраўнік дзяржавы таксама пабываў у цэхах прадпрыемства, азнаёміўся з яго работай. Затым наведаў цэхі МАЗа, якія знаходзяцца па суседстве, дзе паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і з імі таксама абмеркаваў бягучую сітуацыю.
Прэзідэнт заклікаў у цяперашняй сітуацыі прымаць узважаныя рашэнні, не абапіраючыся толькі на інфармацыю з некаторых крыніц у інтэрнэце.
Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці згадаў шматлікія фэйкі пра нерухомую маёмасць, грашовыя сродкі, якія нібыта яму належаць. "Таму я гавару: знойдзеце - забірайце", - адзначыў ён.
"Сёння трэба думаць не айфонам-тэлефонам, а мазгамі. Думайце! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вы перадайце ўсім, што ніхто нікога ўгаворваць не будзе. Усё. Надышоў той рубеж, што калі вы яго пераступіце - Гасподзь з вамі. Калі вы вываліце на вуліцы, мы перацерпім. Калі вы пойдзеце ламаць - адкажаце. Вось вам мужчынская размова".
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што цяпер трэба прымаць спакойныя, узважаныя рашэнні, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі. Але прытрымлівацца гэтага прынцыпу не ва ўсіх атрымліваецца, часта спрацоўвае эфект натоўпу. У гэтым прызнаўся і адзін з рабочых, з якім пагутарыў Прэзідэнт у час наведвання цэхаў прадпрыемства. На прамое пытанне Кіраўніка дзяржавы мужчына адказаў, што ён, знаходзячыся ў вялікім натоўпе людзей, разам з імі выкрыкваў пратэсныя лозунгі. "Я ведаю, што такое крычаць, калі ўсе крычаць. Не крыкнеш - нібыта дрэнны", - пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка эфект уплыву натоўпу.
Прэзідэнт падкрэсліў, што рабочыя павінны адказна працаваць, а не займацца палітычнай дзейнасцю. "У палітыку хочаце? Калі ласка. Ніхто не супраць. Але там іншыя законы. І закон натоўпу - гэта з палітыкі. Калі ласка, ідзіце. Але толькі ведайце, там вас Прэзідэнт не будзе гладзіць па плячы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. І вопыт работы на пасадзе Прэзідэнта дазваляе яму меркаваць аб магчымых варыянтах развіцця падзей, аб наступствах тых ці іншых дзеянняў. "Я напрацаваўся. Але калі я сыходжу, я ведаю, што будзе з вамі: вы будзеце наступнаму крычаць сыходзь, але вельмі рана, літаральна праз 2-3 гады", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Як бы ні было, я за ўсіх вас адказваю. Нават калі вы не хочаце. І я не хачу гэтай бойкі, таму што мне яна не патрэбна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з работнікамі.
"Што датычыцца гэтага завода (МЗКЦ. - Заўвага): чаго не хапае? Вы - суб'екты эканамічнай дзейнасці, эканомікі. Вас схіляюць у палітычную плоскасць. Але запомніце: там - у палітыцы, куды вы рынуліся, - іншыя законы. Каб потым не было балюча ні мне, ні вам, ні народу, калі мы страцім дзяржаву", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
"Другое: калі хтосьці не хоча працаваць і хоча пайсці, ніхто нікога не будзе ганьбаваць. Калі ласка, з заўтрашняга дня або сённяшняга, - вароты адчынены", - падкрэсліў Прэзідэнт.