Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам
- 16
- 10:55
Беларусь была, ёсць і будзе надзейным партнёрам для Кітая. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 снежня на перагаворах у Пекіне са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
"Рады ў дружалюбнай абстаноўцы абмеркаваць з Вамі актуальныя пытанні супрацоўніцтва. І, як гэта заўсёды было паміж намі, выказаць свой пункт гледжання на тыя ці іншыя праблемы міжнародных адносін. Развіццё ўсебаковага і ўсепагоднага стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая вызначана адзінствам нашых ідэалогій і самой логікай сусветных падзей і працэсаў, якія адбываюцца сёння, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша сустрэча 1 сакавіка (2023 года. - Заўвага) стала шмат у чым лёсавызначальнай і задала дынаміку на ўвесь год. З сакавіка арганізавана больш за 120 узаемных візітаў. Гэта розныя візіты. І, што больш за ўсё радуе, - гэта візіты, якія звязаны з вытворчасцю, гандлёва-эканамічнымі адносінамі".
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што гістарычнае павышэнне ўзроўню адносін надало магутны імпульс паглыбленню традыцыйных напрамкаў, дало старт новым вектарам і механізмам супрацоўніцтва.
"Беларусь была, ёсць і будзе надзейным партнёрам для Кітая. Думаю, ужо нікога ў Кітаі ў гэтым не трэба пераконваць. Усё гэта было на маіх вачах на працягу апошніх 30 гадоў, і нават больш: першы раз я прыехаў у Кітай, калі быў дэпутатам парламента", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў шматгадовае знаёмства з Сі Цзіньпінам і сумесную работу над развіццём двухбаковых адносін.
"У нас вялікі вопыт, мы ведаем, што трэба нашым краінам. І мы вельмі многа ў гэтым плане зрабілі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Мы даўно вызначыліся, што мы будзем супрацоўнічаць, жыць у дружбе з Кітаем. Як я ўжо сказаў, гэтай дружбе больш за 30 гадоў. І з гэтага шляху мы ні разу не звярнулі ні ўлева, ні ўправа", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за гэту сустрэчу, адзначыўшы, што ў кітайскага лідара апошнім часам вельмі напружаны графік - вялікая колькасць міжнародных сустрэч, не гаворачы ўжо аб пытаннях унутранай палітыкі ў самім Кітаі.
"Абдумваючы гэты тэзіс, я падумаў: ну што ж, - гэта цяжар аднаго з лідараў нашай планеты, - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Таму я Вам вельмі ўдзячны за гэту сустрэчу, за аператыўнасць".
"Калі я рыхтаваўся да гэтага візіту і сваіх калег распытваў (размова пра нараду з кіраўніцтвам Урада і Адміністрацыі Прэзідэнта, на якой абмяркоўваліся ў тым ліку пытанні развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. - Заўвага) аб тым, што трэба зрабіць, што не рухаецца наперад, каб сказаць Старшыні пра гэта, мы не знайшлі ніводнага пытання, па якім не было б руху. Адзінае пытанне, якое я хацеў бы з Вамі абмеркаваць сёння, - гэта хуткасць", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Час настолькі спрасаваны. І ад нас (можа, на шчасце, можа, на жаль) гэта спрасаванасць не залежыць. Ён настолькі спрасаваны, што мы часам адстаём, не паспяваем. Гэта не толькі Кітай, Беларусь… Усюды так адбываецца ў свеце. І той, хто першы прыйдзе да сваёй мэты, той і будзе на вяршыні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі ў час перагавораў таксама заявіў аб падтрымцы вылучанай раней кітайскім лідарам канцэпцыі пабудовы Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.
"Вы толькі што сказалі пра "Пояс і Шлях". Я даўно для сябе зрабіў выснову, што "Пояс і Шлях" - гэта, як Вы сказалі, ужо не канцэпцыя сёння. Гэта практыка ўжо. Рэалізуемая. І ніхто сёння з гэтым не можа спрачацца, і ніхто не можа знайсці нават дробязь для таго, каб крытыкаваць. Самае галоўнае, што мэтай Вы вызначылі адзіны лёс чалавецтва. У адрозненне ад заходніх краін, якія спрабуюць раздзяліць усё на часткі, Вы паставілі адзіную мэту для ўсіх. Хто можа спрачацца з гэтым? Ніхто. Свет будзе за гэта ўдзячны Вялікаму Кітаю", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы вельмі зацікаўлены, каб Кітай быў магутнай дзяржавай, каб Кітай развіваўся. І ў гэтым не толькі наш інтарэс - гэта інтарэс усёй планеты, таму што тут (у Кітаі. - Заўвага) жыве вялікая колькасць таленавітых працавітых людзей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін у сваю чаргу заявіў, што кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў імя стварэння Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.
"Мой вялікі сябар, вельмі рады яшчэ раз Вас бачыць. У рамках Вашага дзяржаўнага візіту ў Кітай у канцы лютага і пачатку сакавіка бягучага года мы выйшлі на важныя дамоўленасці на карысць дынамічнага развіцця кітайска-беларускіх адносін. На кожным этапе ў нас атрымліваюцца новыя дамоўленасці. На працягу года ўмацоўваецца палітычны ўзаемадавер, міжнароднае ўзаемадзеянне. Відавочны новыя вынікі супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Пояс і Шлях", - сказаў кітайскі лідар.
Старшыня КНР канстатаваў, што калі 10 гадоў таму ініцыятыва "Пояс і Шлях" з'яўлялася канцэпцыяй, то цяпер да супрацоўніцтва ў яе рамках далучыліся больш як 140 краін і міжнародных арганізацый.
Сі Цзіньпін падкрэсліў, што Беларусі пад моцным кіраўніцтвам яе Прэзідэнта ўдалося пераадолець уздзеянне розных негатыўных фактараў, захаваць сацыяльную гармонію і стабільнасць, ажыццявіць эканамічнае аднаўленне і рост, што заклала трывалую аснову для далейшага развіцця.
"Для Кітая захаванне стабільнасці і доўгатэрміновага развіцця вельмі важна. І мы атрымалі вялікія поспехі ў гэтай рабоце. У сучасным свеце адбываюцца тытанічныя перамены, узнікаюць новыя рызыкі і выклікі. Многае з таго, што адбываецца, для нас з'яўляецца нечаканым. Кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае узаемадзеянне ў імя стварэння Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва", - заявіў кітайскі лідар.
Пасля завяршэння перагавораў лідары краін абмяняліся падарункамі, пасля чаго прадоўжылі размову за рабочым абедам.
Аляксандр Лукашэнка падарыў Сі Цзіньпіну некалькі мастацкіх вырабаў, якія сімвалізуюць Беларусь і беларуска-кітайскую дружбу. Сярод падарункаў - мастацка-дэкаратыўнае пано "Беларусь мая", на якім паказана прыгажосць беларускай прыроды і ўтульныя дамы на фоне дуброў і азёр. У ніжняй частцы пано размешчаны калоссе, кветкі лёну і валошкі, якія сімвалізуюць прыгажосць і багацце беларускай нацыі.
Сімвалічна і скульптурная кампазіцыя "Беларуска-кітайская дружба. Адзін пояс - адзін шлях". У ёй знайшлі адлюстраванне як гісторыя, так і сучаснасць - ад каравана вярблюдаў да высакаскорасных паяздоў. А сімвалічны зямны шар утрымліваюць разам "Рукі дружбы".
Акрамя мастацкіх вырабаў, Прэзідэнт Беларусі падарыў кітайскаму калегу эксклюзіўны набор шакаладных цукерак і кошык беларускіх прадуктаў. "Гэта прадукты, падобныя на тыя, што мы пастаўляем у Кітай. Але ўжо апошнія навінкі", - растлумачыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Адным з падарункаў Аляксандру Лукашэнку ад Сі Цзіньпіна стала шаўковая карціна з кітайскімі горнымі пейзажамі.
"А я толькі хацеў сказаць, каб Кітай падарыў нам карціну для Палаца Незалежнасці, якая ў цэнтры будзе стаяць. Вось гэта будзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, убачыўшы падарунак.
Мяркуючы па рэакцыі Сі Цзіньпіна, магчыма, Палац Незалежнасці ўпрыгожыць не толькі гэта карціна. "Які памер, які пейзаж?" - адразу пацікавіўся кітайскі лідар.
"Каб там душа была кітайская", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Дамовіліся", - адказаў Сі Цзіньпін.
У агульнай колькасці Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін размаўлялі амаль чатыры гадзіны.