Падпісаны Указ аб развіцці электраэнергетыкі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка падпісаў Указ № 153 "Аб развіцці электраэнергетыкі".
Дакумент накіраваны на рэгуляванне адносін паміж энергазабеспячальнымі арганізацыямі сістэмы Мінэнерга, юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія валодаюць электрагенерыруючымі крыніцамі (блок-станцыі), і спажыўцамі электраэнергіі. Раней уласнікі блок-станцый (арганізацыі ЖКГ і прамысловыя прадпрыемствы), якія не адносяцца да сістэмы Мінэнерга, не мелі магчымасці пастаўляць лішкі электраэнергіі ў аб'яднаную энергасістэму.
Указам прадугледжана магчымасць для ўладальнікаў блок-станцый перадаваць і (або) размяркоўваць лішкі электраэнергіі на ўласныя аб'екты ў межах як адной вобласці, так і рэспублікі (для блок-станцый устаноўленай электрычнай магутнасцю 25 МВт і больш); для ўладальнікаў блок-станцый, якія з'яўляюцца арганізацыямі ЖКГ, размяркоўваць у межах адной вобласці лішкі электраэнергіі спажыўцам; для спажыўцоў выбіраць пастаўшчыка электраэнергіі (арганізацыі сістэмы Мінэнерга або ўладальнікі блок-станцый, якія з'яўляюцца арганізацыямі ЖКГ).
Паслугі па аператыўна-дыспетчарскім кіраванні ў электраэнергетыцы, перадачы і (або) размеркаванні энергіі па электрычных сетках будуць аказвацца арганізацыямі сістэмы Мінэнерга.