Падпісаны Указ аб інфармацыйнай сістэме абмену звесткамі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падпісаў Указ № 107 "Аб інфармацыйнай сістэме абмену звесткамі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства".

    Указ прыняты ў мэтах удасканалення падыходаў да фарміравання адзінай міграцыйнай прасторы на агульных прынцыпах дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дакумент накіраваны на рэалізацыю беларуска-расійскага міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

    Указам прадугледжваецца стварэнне інфармацыйнай сістэмы абмену звесткамі аб перасячэнні граніцы ў пунктах пропуску, выдадзеных і канфіскаваных (ануляваных) дакументах на права ўезду і выезду (транзіту), а таксама якія засведчваюць асобу замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

    Функцыянаванне інфармацыйнай сістэмы дасць магчымасць абменьвацца звесткамі ў электронным выглядзе ў рэжыме рэальнага часу аб грамадзянах трэціх краін, што павысіць аператыўнасць і спросціць працэдуры ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і арганізацый у ходзе забеспячэння нацыянальнай і грамадскай бяспекі.