Падпісаны Указ "Аб асаблівасцях будаўніцтва і прыёмкі аб'ектаў у эксплуатацыю"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 студзеня падпісаў Указ № 46 "Аб асаблівасцях будаўніцтва і прыёмкі аб'ектаў у эксплуатацыю". У адпаведнасці з дакументам істотна спрашчаецца будаўніцтва юрыдычнымі асобамі аб'ектаў, што адносяцца да чацвёртага і пятага класаў складанасці (згодна з класіфікацыяй, устаноўленай будаўнічымі нормамі Беларусі).

    Прыёмка ў эксплуатацыю такіх аб'ектаў, узведзеных па паўторна прымяняемых праектах або праектах, што прайшлі дзяржаўную будаўнічую экспертызу, будзе ажыццяўляцца толькі на аснове заключэння органаў дзяржбуднагляду без атрымання заключэнняў іншых наглядных органаў.

    Заказчыкам прадастаўляецца права будаваць (узводзіць, рэканструяваць, мадэрнізаваць) названыя аб'екты на аснове чарцяжоў, дастатковых для пацвярджэння выканання патрабаванняў бяспекі, і эскізнага праекта, узгодненага падраздзяленнем па архітэктуры мясцовага выканкама.

    Склад і аб'ём неабходных чарцяжоў вызначаецца заказчыкам самастойна. Парадак узгаднення эскізнага праекта і яго склад будзе ўстаноўлены Урадам.

    Указам выключаецца неабходнасць атрымання дазвольнай дакументацыі, распрацоўкі перадпраектнай, праектнай дакументацыі і правядзення яе экспертыз (будаўнічай, экалагічнай і іншых).

    Асноўнымі ўмовамі прымянення спрошчанага парадку будаўніцтва з'яўляюцца наяўнасць у заказчыка зямельнага ўчастка, прадастаўленага ва ўстаноўленым парадку, а назначэнне будуемага аб'екта павінна адпавядаць зацверджанаму генеральнаму плану развіцця тэрыторыі.

    У мэтах забеспячэння бяспекі ўзводзімых аб'ектаў Указам прадугледжаны асаблівы парадак прыёмкі іх у эксплуатацыю, улічваючы патрабаванні экалагічнай, пажарнай бяспекі і будаўнічых норм.

    Нормы Указа ў частцы спрошчанага парадку прыёмкі аб'ектаў у эксплуатацыю ўступаюць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.