Адобраны праект міжурадавага пагаднення з Угандай аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лютага падпісаў Указ 68, якім адобрыў у якасці асновы для правядзення перагавораў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Уганды аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

    У адпаведнасці з дакументам грамадзяне дзвюх краін - уладальнікі дыпламатычных і службовых пашпартоў вызваляюцца ад неабходнасці атрымання віз для ўезду, выезду і транзіту, калі працягласць іх бесперапыннага знаходжання на тэрыторыі прымаючага боку не перавышае 30 дзён з даты ўезду, а агульная працягласць знаходжання на працягу каляндарнага года - 90 дзён.

    На правядзенне перагавораў па праекце пагаднення і яго падпісанне ўпаўнаважана Міністэрства замежных спраў.