Наведванне Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы
- 23
- 6
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць, дзе наведаў Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся, як выбудавана сістэма аказання медыцынскай дапамогі ў раёне, у тым ліку ў разрэзе развіцця міжрэгіянальных цэнтраў. Прэзідэнту было даложана, што Маладзечанская цэнтральная раённая бальніца мае больш за 1 тыс. ложкаў. У яе структуру ўваходзіць шэраг медустаноў рознага ўзроўню, уключаючы Радашковіцкую гарадскую бальніцу, радзільны дом, участковыя бальніцы, паліклінікі, фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторна-паліклінічную сетку. Абслугоўваецца тут усё насельніцтва раёна, а гэта больш як 136,2 тыс. чалавек. На базе клінікі завяршаецца фарміраванне міжраённага цэнтра спецыялізаванай медыцынскай дапамогі для жыхароў Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага і Мядзельскага раёнаў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручыў выбудаваць дакладную вертыкаль медустаноў ад ФАПаў да клінічных цэнтраў. Пры гэтым стаяла задача па магчымасці ўкараняць аказанне высокатэхналагічнай дапамогі на нізавым узроўні, развіваць міжрэгіянальныя цэнтры ў буйных гарадах, накшталт Маладзечна і шэрага іншых.
"Адзінаццаць міжрэгіянальных цэнтраў на базе буйных гарадоў - Маладзечна, Барысаў, Салігорск, Бабруйск, Ліда, Баранавічы... Вось там трэба гэту дапамогу з абласнога ўзроўню апускаць на міжрэгіянальныя цэнтры. Людзі ўсюды хочуць жыць і атрымліваць кваліфікаваную дапамогу", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Асобна абмяркоўвалася тэма арганізацыі медыцынскай дапамогі і ўмоў лячэння для пацыентаў з COVID-19. Як праінфармавалі Кіраўніка дзяржавы, у Маладзечанскай ЦРБ былі перапрафіляваны ў інфекцыйныя 335 ложкаў, або 32,5% ложкавага фонду. Стацыянарна пралечаны 3,6 тыс. пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, амбулаторна - 5,2 тыс. чалавек. Для аказання дапамогі такім хворым былі набыты камп'ютарны тамограф, два апараты ШВЛ, наркозна-дыхальны апарат і іншае абсталяванне.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць і ў далейшым захоўваць у структуры бальніцы такія аддзяленні, якія можна ў выпадку патрэбы выкарыстоўваць як інфекцыйныя.
Як расказала галоўны ўрач Маладзечанскай ЦРБ Дар'я Калядзіч, на сённяшні дзень у клініцы заняты 4 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх з 29 існуючых у наяўнасці. "Разгорнута 27 рэанімацыйных ложкаў, з іх 15 - на інфекцыю COVID-19", - сказала яна.
Паводле яе слоў, у бальніцы таксама пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю кіслародна-размеркавальная станцыя. Цяпер функцыянуюць 217 інфекцыйных ложкаў, у звычайным рэжыме работы перапрафілявана 118 ложкаў. Ёсць месячны запас лякарстваў для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, сродкаў індывідуальнай аховы, рэагентаў.
"Значыць, кавід вы навучыліся лячыць не горш, чым у краіне іншыя бальніцы", - падагульніў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з арганізацыяй лячэння ў Маладзечанскай ЦРБ, яе тэхнічным аснашчэннем. Пабываў Аляксандр Лукашэнка і ў чырвонай зоне, дзе лечаць пацыентаў з COVID-19, а таксама сустрэўся з работнікамі бальніцы.
Прэзідэнт падзякаваў урачам за іх работу ў няпросты час і за тое, што яны навучыліся спраўляцца з рознымі захворваннямі. "Вам дзякуй, што вы навучыліся лячыць розных людзей. Мы нічога не разумелі ў гэтым, нічога не ведалі, але цяпер мы навучыліся лячыць хворых", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, закранаючы праблему пандэміі каранавіруса. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заклікаў людзей на расслабляцца і папярэдзіў, што "гэта зараза ад нас яшчэ нікуды не дзелася". Таму важна не пагарджаць элементарнымі правіламі гігіены.
Кіраўнік дзяржавы таксама станоўча выказаўся пра работу медыкаў Маладзечанскай ЦРБ: "У Маладзечне на даволі высокім узроўні працуюць і ўрачы, і малодшы і сярэдні персанал. Гэта радуе. Гэта паказчык", - адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у 11 буйных гарадах краіны ёсць міжраённыя цэнтры медыцынскай дапамогі, накшталт такіх, што ў Маладзечанскай ЦРБ. "Думаю, што і там прыкладна такі ж будзе ўзровень (аказання меддапамогі. - Заўвага)", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт згадаў і пра з'яўленне ў Беларусі брытанскага штама каранавіруса. "Панікаваць не трэба. Мы да гэтага рыхтаваліся, абмяркоўвалі гэту праблему і ведаем, што рабіць. Вы (медыкі. - Заўвага) таксама ведаеце, што рабіць. Галоўнае - без панікі. Спакойна мы пройдзем гэтыя этапы", - падкрэсліў ён.
Адно з зададзеных пытанняў датычылася мэтавай падрыхтоўкі медыкаў у ВНУ. Цяпер гэта магчыма толькі для далейшай работы ў сельскай мясцовасці і малых населеных пунктах з насельніцтвам да 20 тыс. чалавек. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што не трэба гэтым абмяжоўвацца, каб даць магчымасць мэтавай падрыхтоўкі і для патрэб іншых населеных пунктаў.
"Гэта мы зробім. Я ведаю гэту праблему. Яна не першы раз перада мной ставіцца", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што калі прымалася рашэнне аб мэтавай падрыхтоўцы медыкаў менавіта для малых населеных пунктаў, там была сур'ёзная кадравая праблема, і трэба было выратоўваць сітуацыю. "Таму прадаставілі такую магчымасць. Але падыход няправільны. Мы гэта цяпер бачым. Што значыць - да 20 тыс. можна, а дзе 70-100 тыс. і больш - там нельга? Таму трэба падыходзіць больш канкрэтна: патрэбна ў Маладзечна тры ўрачы, значыць улады з вашай падачы прымаюць рашэнне (грамадскія арганізацыі падключым), што трэба іх падрыхтаваць. Вы іх падабралі, за іх галавой адказваеце. Мэтавыя накіраванні трэба выдаваць тым, каму вы лічаце патрэбным, хто будзе сапраўдны ўрач", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што мэтавую падрыхтоўку не трэба абмяжоўваць колькасцю якіх-небудзь гарадоў і вёсак. "Можа, і ў Мінску недзе трэба некаму даць мэтавае накіраванне. Але ён вернецца канкрэтна туды, куды павінен", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама заявіў, што ў бліжэйшы час на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы зноў вернуцца да пытанняў вышэйшай адукацыі. "Будзем глядзець. Гэта ж не толькі ва ўрачоў. Будзем па ўсіх напрамках глядзець па мэтавай падрыхтоўцы. І я не прыхільнік абмяжоўваць нават па прафесіях і спецыяльнасцях".
"Мы ў бліжэйшы час вернемся да цэнтралізаванага тэсціравання, аб чым я нямала гаварыў. Прапановы ўжо ўнеслі. І па мэтавым назначэнні. Вырашым гэту праблему", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Адна з работніц бальніцы пацікавілася меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі наконт добраахвотнага страхавання насельніцтвам медыцынскіх расходаў. "Скажу па-філасофску: ведаеце, калі б гэта было (масава. - Заўвага), мы цанілі б уласнае здароўе", - сказаў Прэзідэнт. Ён прывёў у якасці прыкладу ЗША, дзе дзясяткі мільёнаў чалавек не маюць медыцынскай страхоўкі, і гэта каштуе вялікіх грошай. У Беларусі ж, наадварот, бясплатная медыцына, і людзі часам менш уважліва ставяцца да ўласнага здароўя. "Таму нам трэба сачыць за сабой", - параіў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца страхавой медыцыны, то ў Беларусі гэты напрамак паступова развіваецца. Паводле даных Кіраўніка дзяржавы, за пяцігодку ў два разы ў краіне павялічылася колькасць тых, хто добраахвотна страхуе свае медрасходы, і цяпер іх больш за паўмільёна чалавек. Пры гэтым існуючая сістэма аховы здароўя паказала сваю эфектыўнасць і ў перыяд пандэміі, і на гэта дзяржавай трацяцца вялікія сродкі.
"Мы прытрымліваемся гэтага прынцыпу. І, як бачыце, ён спрацоўвае. Пройдзе час, мы ўсе гэта ацэнім і пераацэнім. Як я часта гавару, мы людзей на сартуем. Як у вайну сартуюць людзей у багатых краінах. Мы, дзякуй богу, гэтага не робім. Гэта, вядома, і маральны наш бок, але і матэрыяльны. Мы па-славянску ўсім светам спрабуем выцягнуць хворага чалавека", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"На ўсялякі выпадак (афармляюць страхоўкі. - Заўвага). А ўвогуле ж бясплатна ўсіх лечым, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Я не спяшаюся пераводзіць усіх на так званую страхавую медыцыну".
"Трэба паступова ісці. Рэвалюцыйна тут (з развіццём страхавой медыцыны. - Заўвага) не атрымаецца. Будзе вельмі балюча, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Калі ёсць дысцыпліна і парадак у краіне, тады будзе толк. Таму не спяшайцеся ламаць тое, што стварылі сваімі рукамі. А гэты напрамак будзем паступова развіваць, падштурхоўваючы да гэтага людзей, але не будзем іх праз калена ламаць. Не ў кожнага ёсць гэтыя сродкі, і не ў кожнага прадпрыемства ёсць магчымасць адкласці гэтыя грошы на рахунак".
У час сустрэчы з калектывам медустановы Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў вытворчасць вакцыны ад СOVID-19 у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што ў другой палове гэтага года Беларусь зробіць сваю вакцыну.
Паводле яго слоў, да канца сакавіка пачнецца вытворчасць у Беларусі расійскай вакцыны. "У 20-х чыслах пачнём вырабляць вакцыну. Да канца месяца мы вырабім. І вельмі спадзяюся, што недзе ў другой палове гэтага года мы не проста вырабім вакцыну па расійскай тэхналогіі, а зробім сваю. Спецыялісты працуюць. Гэта значыць, ужо на нашай базе, нашых тэхналогіях", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка згадаў і пра пастаўкі ў Беларусь кітайскай вакцыны, адзначыўшы, што яе ў свеце ацэньваюць станоўча. "Гэта значыць, мы прадаставім вам розныя вакцыны", - сказаў ён.
"За вакцыну не хвалюйцеся. Чаго б нам гэта ні каштавала, мы абаронім сваіх людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца таго, ці мае ён сам намер прышчэплівацца ад каранавіруса, Прэзідэнт сказаў: "Я спадзяюся, што ў мяне яшчэ антыцелы захаваліся, хоць часу са жніўня дастаткова прайшло. Трэба ўжо глядзець. Але я спадзяюся. Не панікую. У мяне няма магчымасці панікаваць. Калі Прэзідэнт запанікуе, следам будзеце вы, а потым увесь народ. Я прыняў рашэнне, што калі ў мяне ёсць антыцелы, мне вакцынавацца не трэба. Але настане час, трэба будзе паспрабаваць".
На заканчэнне ён пажадаў усім здароўя, а таксама іх родным і блізкім.