Нагрудны знак Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта заснаваны ў Беларусі
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 21 мая падпісаў Указ № 168 аб заснаванні нагруднага знака Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дакументам зацверджаны палажэнне аб нагрудным знаку, яго відарыс і апісанне.
Нагрудны знак уяўляе сабой залатую зорку з васьмю прамянямі, у цэнтры якой - круглая аснова зялёнага колеру, абрамленая залатым дубовым лісцем і надпісам "Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". На круглай аснове вертыкальна размешчаны сярэбраны ключ, паверх якога накладзены чырвоны шчыт з залатой аблямоўкай і Дзяржаўным гербам.
Узнагароджваць нагрудным знакам будуць работнікаў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі і арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму або акцыі якіх знаходзяцца ў яго кіраванні, калі яны дасягнулі значных вынікаў у працоўнай (службовай), грамадскай і іншых відах дзейнасці, унеслі істотны ўклад у вырашэнне задач, якія стаяць перад Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Беларусі. Да ўзнагароды могуць быць прадстаўлены і іншыя асобы за эфектыўнае садзейнічанне ў вырашэнні абазначаных задач, актыўнае развіццё і ўмацаванне міжведамасных сувязей.