Каманда Прэзідэнта стала пераможцам Рэспубліканскай хакейнай лігі
- 34
- 4:54
Каманда Прэзідэнта Беларусі 4 красавіка стала пераможцам 19-га сезона Рэспубліканскай хакейнай лігі.
У другім паядынку фінальнай серыі на лёдзе "Алімпік-Арэны" ў Мінску дружына Кіраўніка дзяржавы абыграла хакеістаў Мінскай вобласці з рэзультатам 4:2 (1:0, 1:2, 2:0).
У паўфінале каманда Прэзідэнта перайграла хакеістаў Брэсцкага рэгіёна (3:1), а яе сапернікі па вырашальнай серыі былі мацнейшыя за зборную Гомельскай вобласці (5:3). Уладальнікамі бронзавых узнагарод цяперашняга турніру сталі брастаўчане, якія адолелі ў гульні за трэцяе месца гамяльчан з мінімальнай перавагай у ліку - 5:4.
Бамбардзірскую гонку сезона выйграў Андрэй Касціцын, у актыве якога 22 ачкі (6 шайбаў і 16 рэзультатыўных перадач). Таксама вызначаны лепшыя па гульнявых амплуа: галкіпер - Сцяпан Гарачэўскіх (каманда Прэзідэнта), абаронца - Аляксандр Кудраўцаў (Мінская вобласць), Мацвей Вінкевіч (Магілёўская вобласць).
На папярэднім этапе лядовая дружына Кіраўніка дзяржавы атрымала вікторыі над хакеістамі Магілёўскай вобласці (9:3), Гомельскай вобласці (12:2), Гродзенскай вобласці (10:5) і Віцебскай вобласці (12:6), а яшчэ дзве сустрэчы з камандамі Брэсцкай і Мінскай абласцей завяршыліся ўнічыю з аднолькавым рэзультатам - 5:5.
Для каманды Прэзідэнта цяперашні чэмпіёнскі тытул 17-ы па ліку. Па адным разе чэмпіёнамі станавіліся хакеісты Гомельскай і Мінскай абласцей.
Арганізатары хакейнага аматарскага турніру - Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.


