Кіраўнікоў дзяржорганаў абавязалі пры прыёме на работу запытваць характарыстыкі з папярэдняй працы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка падпісаў Дэкрэт № 6, якім уносяцца змяненні ў Дэкрэт № 5 ад 15 снежня 2014 года "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый".
Дакумент прыняты ў мэтах павышэння кадравага патэнцыялу дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама рэалізацыі змяненняў, унесеных у Працоўны кодэкс.
Дэкрэтам устанаўліваецца абавязак кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый пры прыёме грамадзян на работу запытваць іх характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы, а таксама звесткі з адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях у адносінах да кандыдатаў на кіруючыя пасады.
Акрамя таго, у Дэкрэце вызначаюцца дакладныя патрабаванні да характарыстыкі. У ёй павінны будуць адлюстроўвацца прафесійныя, дзелавыя і маральныя якасці работніка, звесткі аб выкананні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў.
Парушэнне прадугледжанага Дэкрэтам парадку прыёму на работу, выдача характарыстык, якія змяшчаюць заведама недакладную інфармацыю, а таксама парушэнне тэрмінаў іх выдачы вядуць да прыцягнення да адказнасці, устаноўленай заканадаўствам.
Дэкрэт уступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.