Інтэрв'ю тэлеканалу Sky News Arabia

  • 8
  • 28:52

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня даў інтэрв'ю тэлеканалу Sky News Arabia.

Інтэрв'ю прадаўжалася амаль гадзіну. Кіраўнік дзяржавы падрабязна адказаў на пытанні журналіста. Яны датычыліся сітуацыі вакол экстраннай пасадкі самалёта Ryanair, погляду Прэзідэнта на тое, ці было гэта правакацыяй, і калі так, то хто за ёй стаіць. У цэнтры ўвагі таксама была тэматыка ўзаемаадносін Беларусі з Захадам і магчымасці дыялогу з ЕС, санкцый і іх уплыву на эканоміку краіны. Адно з пытанняў датычылася тэмы нелегальнай міграцыі праз Беларусь у краіны Еўрасаюза. Акрамя таго, інтэрв'юера, у якасці якога выступіў галоўны рэдактар навін канала Імад аль-Атраш, цікавіў маючы адбыцца ўдзел Беларусі ў чарговай сесіі Генаральнай асамблеі ААН.

У інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка назваў загадзя спланаванай правакацыяй інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair, які 23 мая рухаўся па маршруце Афіны - Вільнюс, але прызямліўся ў аэрапорце Мінска пасля паведамлення аб узрыўным устройстве на борце.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заявы на прадмет таго, што менавіта беларускі бок змяніў маршрут руху самалёта Ryanair, з'яўляюцца сур'ёзным фэйкам: "Мы нікога не прымушалі да пасадкі ў Мінску і маршруты не мянялі. Гэта было рашэнне, я так разумею, пілота самалёта і гаспадароў гэтага борта. Па ўсіх міжнародных правілах, ведамасных інструкцыях мы не прымалі і не мелі права прымаць рашэнне аб пасадцы гэтага самалёта ў Мінску".

"Згодна з міжнародымі правіламі і правіламі ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі. - Заўвага) мы маглі прапаноўваць сваю дапамогу, што мы і зрабілі ў гэтых умовах. А рашэнне прымаў пілот. Ён развярнуўся за дзве хвіліны ад  вільнюскага аэрадрома. Развярнуў самалёт і яшчэ 15-17 хвілін ляцеў над Беларуссю, каб ажыццявіць вымушаную пасадку ў Мінску, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось галоўнае пытанне: чаму пілот прыняў такое рашэнне і не пасадзіў самалёт у порце назначэння? На яго ніхто не адказаў да гэтага часу. Нам усё зразумела. Але тыя, хто гэту кашу заварыў, яны нам на гэта пытанне не адказалі. І, напэўна, ні вы, інфармаваны журналіст і вашы калегі, ні грамадскасць на Захадзе, ды і ў Беларусі, мы не пачулі пілота і адказы на пытанні, якія цікавяць журналістаў і міжнародную грамадскасць па гэтай справе".

Прэзідэнт адзначыў: калі хтосьці прад'явіць факты, што менавіта беларускі бок прымусіў самалёт да пасадкі, то "мы папросім прабачэння перад усім светам за такое дзеянне".

"Падзеі з самалётам - гэта загадзя спланаваная правакацыя. Вы, напэўна, заўважылі, што гэты самалёт не паспеў яшчэ прызямліцца ў Мінску, як пасыпаліся абвінаваўчыя заявы. Гэта быў выхадны дзень, калі ўся Еўропа адпачывае, асабліва еўрапейскія чыноўнікі. Але, тым не менш, яшчэ не паспеў прызямліцца самалёт, усе пачалі гвалтам крычаць пра пірацтва беларускага боку. Усё было падрыхтавана. Ім патрэбна была гэта правакацыя. І падзеі пасля гэтага сведчаць аб тым, для чаго патрэбна была гэта правакацыя: каб зрабіць чарговыя крокі па ўдушэнні Беларусі, не дапусціць яе далейшага развіцця. Нам зразумела прычына гэтых дзеянняў з боку калектыўнага Захаду", - упэўнены беларускі лідар.

Што датычыцца затрымання Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ён быў толькі адным больш як з сотні іншых пасажыраў.

"Хтосьці папракае беларускія спецслужбы, што яны затрымалі Рамана Пратасевіча ў аэрапорце. Слухайце, дык яны ж самі (тыя, хто папракае. - Заўвага), як ён гаварыў, яго злілі. Яны нас праінфармавалі, што ён знаходзіцца сярод гэтых пасажыраў, калі ўжо самалёт сеў у аэрапорце. Мы яго ідэнтыфікавалі. І, зразумела, на яго была ўзбуджана ў Беларусі крымінальная справа, таму ён і быў затрыманы, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы хочам атрымаць адказ, хто праінфармаваў беларускія праваахоўныя органы па справе Рамана Пратасевіча. Мы гэта ведаем. Але мы хочам, каб тыя адказалі, хто гэта арганізоўваў. І Раман таксама гэта ведае. Ён пра гэта сказаў".

У якасці яшчэ аднаго аргумента Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь знаходзілася і знаходзіцца не ў тым становішчы, каб узбударажыць увесь свет парушэннем міжнародных норм і правоў. "Гэта сабе могуць дазволіць у Амерыцы, што яны і робяць. Яны растапталі ўсялякія міжнародныя нормы. Трэба ім разбамбіць Ірак - яны яго разбамбілі, трэба знішчыць Блізкі Усход - яны яго знішчылі, трэба было паставіць на калені Афганістан - яны яго паставілі і пайшлі адтуль. Гэта яны сабе могуць дазволіць. Ну, магчыма, маглі б дзейнічаць з прычыны сваёй моцы Кітай, Расія - магутная ў ваенных адносінах краіна. Але не мы. Мы ведаем сваё месца", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калектыўны Захад на чале з Вашынгтонам не могуць дазволіць Беларусі быць суверэннай і незалежнай дзяржавай. "А мы гаворым аб тым, што гэта наша права быць суверэннымі і незалежнымі і вызначаць сваю палітыку, не перашкаджаючы нікому. І мы дабіваемся гэтага права, мы яго абараняем і будзем абараняць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што калі б не было інцыдэнту з самалётам і затрыманнем Рамана Пратасевіча, то на Захадзе прыдумалі б нешта іншае. "Мы ў гэтым ужо абсалютна ўпэўнены. Гэта не проста логіка. Факты апошніх падзей і факты, якія мы маем цяпер, пасля прызямлення самалёта ў Мінску і затрымання Рамана Пратасевіча, сведчаць аб тым, што прыдумалі б нешта іншае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены: пытанне зусім не ў самалёце і Пратасевічы, а ў тым, што ў апанентаў не атрымалася ажыццявіць у Беларусі чарговую каляровую рэвалюцыю, якіх ужо нямала было ў свеце. "Гэта была чарговая правакацыя, каб выйсці на больш сур'ёзны этап удушэння Беларусі. Такі метад яны выбралі. Калі б гэты метад для ўвядзення эканамічных санкцый і пачатку гібрыднай вайны супраць Беларусі не атрымаўся, яны ажыццявілі б іншы. Што яны і робяць сёння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, хто можа стаяць за такімі правакацыямі, хто ў іх зацікаўлены і ініцыюе, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "За правакацыямі перш за ўсё, гэта нам абсалютна вядома, стаяць ЗША, іх спецслужбы і не толькі. Перш за ўсё гэты парадак дня фарміруюць там палітыкі, а спецслужбы - выканаўцы. Таму што заказаць забойства Прэзідэнта і журналістаў, значных грамадзян Беларусі, учыніць тэрарыстычныя акты магчыма толькі са згоды вышэйшага кіраўніцтва той ці іншай краіны. Вынанаўцы або краіны, з якіх ажыццяўляецца выкананне гэтых мерапрыемстваў, мы іх таксама ведаем - гэта Літва, часткова Латвія, перш за ўсё Польшча і Украіна".

"Апошнім часам мы бачым кіраўніцтва тэрарыстамі, якія дзейнічаюць у Беларусі, з боку Германіі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Разумееце, з імі па-добраму немагчыма. З імі немагчыма паводле закона. Дэмакратыя, правы чалавека, права міжнароднае - гэта ўсё словы. Мы зусім нядаўна пры спробе ўчынення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі і забойства журналістаў, вашых калег, і плануемых акцый затрымалі вялікую колькасць людзей. Мы высветлілі, адкуль імі кіравалі - з тэрыторыі Германіі. Мы гэтыя факты перадалі немцам - кіраўніцтву Германіі - для прыняцця мер згодна з міжнароднымі нормамі. І што, вы думаеце, нам да гэтага часу адказалі? Не, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - З боку збеглых беларусаў, апазіцыянераў заўзятых, нават не апазіцыянераў, а экстрэмістаў, тэрарыстаў, якія сядзяць у Літве і ў Польшчы, спланаваны чарговыя правакацыі супраць Беларусі тэрарыстычнага характару. Мы такія факты накіравалі праваахоўным органам Літвы і Польшчы, каб нам выдалі гэтых арганізатараў або судзілі іх. Вы думаеце, былі якія-небудзь дзеянні з боку кіраўніцтва Літвы і Польшчы? Не, наадварот, нагнятаецца сітуацыя. Таму з імі на чалавечай мове, на мове права дарэмна размаўляць. Ды вы і самі не горш за мяне гэта ведаеце".

Прэзідэнту было зададзена пытанне, ці ёсць на гэты момант нейкі дыялог або пасрэдніцкія паслугі ў выбудоўванні гэтага дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. "Што датычыцца дыялогу з Еўропай, вы бачыце, які ў нас дыялог. Яны абвінавачваюць нас, мы спрабуем апраўдацца або адбіцца ад гэтых абвінавачванняў. Гэта цяжка назваць дыялогам у такой сітуацыі. Што датычыцца пасрэднікаў, я наогул не люблю пасрэдніцтва ўсялякае. Я люблю, калі без пасрэднікаў ідзе размова, каб яна не была скажоная", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён адзначыў, што калі б, напрыклад, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і кіраўніцтва гэтай краіны захацелі выступіць у ролі пасрэднікаў, то ён не адмовіўся б: "Гэта аб'ектыўныя людзі, сумленныя і прыстойныя. Таму калі еўрапейцы прымаюць вашу прапанову да дыялогу і пасрэдніцтва, то Эміраты маглі б стаць такім пасрэднікам. Я - за".

Прэзідэнт, адказваючы на просьбу журналіста пракаменціраваць папрокі ў адрас Беларусі наконт дачынення да росту патокаў нелегальных мігрантаў, заявіў: "Я сказаў бы: факты на стол, што мы садзейнічаем нелегальнай міграцыі грамадзян трэціх краін у Літву. Ніхто нам такія факты аб тым, што мы падтрымліваем або садзейнічаем гэтай міграцыі, на стол не паклаў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спробы нелегальна трапіць праз тэрыторыю Беларусі ў Еўрасаюз адбываюцца, але гэтаму садзейнічаюць тры ключавыя фактары, якія і пералічыў Кіраўнік дзяржавы.

"Першае. Павінны быць людзі, якія хочуць паехаць з якой-небудзь краіны ў іншую краіну. Такіх людзей дастаткова ў свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Азіі. Другі фактар: павінны быць людзі, праваднікі, якія возьмуць гэтых людзей і пастараюцца даставіць туды, куды яны хочуць", - растлумачыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, такімі праваднікамі рухае ў першую чаргу фінансавы інтарэс, яны атрымліваюць ад мігрантаў грошы за свае паслугі. "І такія людзі ў свеце ёсць. Магчыма, і ў Беларусі. Іх трэба знайсці і згодна з законам прад'явіць ім прэтэнзіі", - адзначыў Прэзідэнт.

"І трэці фактар: там, куды хочуць трапіць мігранты, павінны быць зацікаўленыя людзі, каб іх на граніцы ўзяць і даставіць у краіну прызначэння, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - І гэта таксама фінансавы інтарэс".

Аляксандр Лукашэнка параўнаў групы, якія арганізуюць нелегальную міграцыю, з транснацыянальнымі мафіёзнымі структурамі, падобнымі да тых, што займаюцца гандлем наркотыкамі, зброяй. "У сувязі з гэтым я літоўцам, палякам, немцам, яшчэ камусьці, Еўрасаюзу, які вельмі перажывае наконт гэтага, параіў бы прычыны шукаць у сябе, на сваёй тэрыторыі, а потым ужо нас папракаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Калі яны (літоўцы, палякі, немцы або французы) хочуць утаіць ісціну, можна папракаць Беларусь у тым, што мы маем дачыненне да гэтай міграцыі. Калі яны хочуць па-сапраўднаму змагацца супраць нелегальнай міграцыі і ўвесці гэту нелегальную міграцыю ў нармальнае рэчышча, што няхай пачынаюць з сябе", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на наяўнасць у Літве груповак злачыннага характару, чыё дачыненне да нелегальнай міграцыі з'яўляецца відавочным.

"Чаму яны гэтага не бачаць? Як толькі яны ліквідуюць групоўкі, якія за грошы прывозяць у Літву нелегальных мігрантаў, нелегальная міграцыя ў Літву будзе ніжэйшая чым у мінулым годзе. Адзінкі будуць. Таму няхай пачынаюць працаваць. Калі ім патрэбна будзе дапамога, мы гэту дапамогу ім акажам, але ўжо не бязвыплатна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што з літоўскага боку ў сітуацыі, якая склалася, прынамсі, дзіўна патрабаваць ад Беларусі абароны ад нелегальных мігрантаў. "Яны ўвялі супраць нас санкцыі, яны пайшлі на ўдушэнне маёй краіны, на ўдушэнне майго народа. Я - Прэзідэнт гэтага народа. Я павінен, ацэньваючы сітуацыю, прымаць пэўныя дзеянні, каб народ не ўдушылі, каб краіну не знішчылі. Прымаючы супраць беларускага народа такія дзеянні, яны хочуць, каб мы іх абаранялі ў гэтай сітуацыі? Слухайце, прынамсі, гэта дзіўна", - перакананы Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што арганізацыя работы па спыненні на граніцы проціпраўных дзеянняў, нелегальная міграцыя гэта, пастаўкі зброі, наркотыкаў, патрабуе значнага фінансавання. "Калі вы хочаце, каб мы вам у гэтым дапамагалі, дык вы не накідвайце нам на шыю пятлю", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Ствараючы тут, у цэнтры Еўропы, ачаг жахлівага напружання, разгарнуўшы супраць нас і супраць Расіі, ды і супраць Кітая гібрыдную вайну, еўрапейцы ў самым цэнтры Еўропы ствараюць не проста ачаг напружання. Яны ўсё вядуць да развязвання трэцяй сусветнай вайны", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта ўжо відавочна не толькі для экспертаў, але і для звычайных грамадзян.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што эскалацыя напружанасці адбываецца не па волі народаў Літвы, Польшчы, Украіны, Германіі, іншых краін. "Гэта вар'яцтва палітыкаў. І я разумею, чаму гэта адбываецца. Таму што Еўрапейскі саюз, Заходняя Еўропа перш за ўсё, - гэта каланіяльныя дзяржавы. Адносіны Злучаных Штатаў Амерыкі з еўрапейскімі краінамі - гэта адносіны гаспадара з падпарадкаванымі калоніямі. Вось у чым сутнасць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Многія мерапрыемствы ў краінах Еўрасаюза, нават у магутнейшых краінах Еўрасаюза, ажыццяўляюць Злучаныя Штаты Амерыкі. Гэтыя мерапрыемствы амерыканцаў на тэрыторыі Еўропы наогул непадкантрольныя нават кіраўніцтву гэтых краін", - прадоўжыў Прэзідэнт. У пацвярджэнне сваіх слоў ён нагадаў пра скандал з праслухоўваннем тэлефонных размоў кіраўніцтва еўрапейскіх дзяржаў. "Хто гэта рабіў? Амерыканцы. Чыімі рукамі? Рукамі еўрапейскіх дзяржаў, спецслужбаў Еўропы", - адзначыў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне аб уплыве санкцый на Беларусь, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што іх увядзенне не было нечаканым і меры процідзеяння прадумваліся загадзя. "Вядома, санкцыі - справа непрыемная для любой краіны. Я гэтага не ўтойваю. Але мы разумелі, што рана ці позна гэтыя санкцыі супраць нас будуць уведзены. Супраць нашых асобных людзей (там паўтары або дзве сотні сапраўдных патрыётаў нашай краіны), якія кіруюць краінай, абараняюць яе, і супраць асноўных нашых прадпрыемстваў. Для чаго? Для таго, каб разваліць эканоміку. Мы гэтага чакалі і рыхтаваліся да гэтага", - растлумачыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, эканоміка краіны з пачатку гэтага года дэманструе стабільны рост. "За першае паўгоддзе бягучага года прырост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі склаў прыкладна 3,5%. Гэта больш, чым мы планавалі ў мінулым годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды імкнулася развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны з рознымі краінамі, і ў гэтым кантэксце заходнееўрапейскі напрамак не з'яўляўся для многіх айчынных прадпрыемстваў адзіным або прыярытэтным. "Яны ўвялі санкцыі супраць нашых прадпрыемстваў, але прадукцыю гэтых беларускіх прадпрыемстваў яны даўно на свой рынак не пускаюць. Вось і ўся дэмакратыя, і міжнародны гандаль. Таму мы супрацоўнічалі і з вашым рэгіёнам, з Цэнтральнай Азіяй. Але галоўны наш партнёр - гэта Расія", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю.

"Таму мы спакойна развіваемся, глядзім, якую гадасць яны яшчэ нам могуць падкінуць, і рыхтуемся да гэтага. Але пакуль - плюс 3,5% ВУП", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расказаў падрабязнасці перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якія прайшлі ў Санкт-Пецярбургу.

Беларускі лідар адзначыў дружалюбны характар адносін з расійскім калегам. "У нас з ім вельмі добрыя, цесныя адносіны. Мы разумеем адзін аднаго. У нас адзіная абарона нашых дзяржаў. Бываюць у нас прэтэнзіі адзін да аднаго і спрэчкі па пэўных пытаннях, але ёсць чырвоныя лініі, за якія мы ніколі не пераходзілі. І абарона, бяспека Беларусі і Расіі - гэта справа святая. Таму галоўная ўвага была ўдзелена гэтаму пытанню на перагаворах", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы лідараў дзвюх краін была дасягнута дамоўленасць аб цане на вуглевадароды на наступны год, а таксама аб пастаўках беларускай прадукцыі на расійскі рынак. "Мы Расію не просім купляць усё, што мы вырабляем. Нават пытанне так не стаіць. І Прэзідэнту Расіі я сказаў: мы гатовы на рыначных умовах гандляваць на тэрыторыі Расіі тымі прадуктамі і таварамі, якія выключна патрэбны Расіі і якія яна не вырабляе або вырабляе ў недастатковай колькасці", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, абмяркоўваўся і блок эканамічных пытанняў, таксама з улікам санкцый, уведзеных супраць Беларусі і Расіі з боку ЗША і Еўрасаюза. "Мы даручылі ўрадам рэалізаваць канкрэтны план (ён выпрацаваны) па процідзеянні санкцыям і па развіцці нашых дзяржаў у гэты перыяд часу", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, ці збіраецца ён прымаць удзел у чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. "Гэта пытанне я яшчэ не разглядаў. Але або я, або прадстаўнікі Беларусі на вельмі высокім узроўні, вядома ж, будуць прысутнічаць на Генасамблеі і будуць мець магчымасць выказацца па ўсіх пытаннях, па якіх Беларусь лічыць патрэбным гэта зрабіць", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь была ў ліку першых краін, хто падпісаў статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. "Мы гэта вельмі цэнім і даражым гэтым. Таму мы заўсёды прымаем удзел на тым ці іншым узроўні, у той ці іншай форме з прадстаўнікамі высокага ўзроўню ў сесіях Генеральнай Асамблеі ААН", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.