Цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- 32
- 33:36
Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цырымонія інаўгурацыі прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці.
На цырымонію інаўгурацыі было запрошана некалькі соцень чалавек. Сярод іх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: "Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".
Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка вымавіў прысягу на беларускай мове. Затым ён падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У час выступлення на цырымоніі інаўгурацыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дае прысягу на вернасць Айчыне і народу з асаблівым пачуццём. "У ім вельмі шмат гордасці за беларусаў, якія з гонарам прайшлі выпрабаванні на трываласць, перш за ўсё, сваіх перакананняў, - сказаў ён. - Дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта - гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай. Мы не проста выбіралі Прэзідэнта краіны - мы абаранялі нашы каштоўнасці, наша мірнае жыццё, суверэнітэт і незалежнасць. І ў гэтым плане нам трэба яшчэ нямала зрабіць".
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэты год увойдзе ў гісторыю Беларусі як вельмі эмацыянальны перыяд. "Нашай дзяржаўнасці быў кінуты беспрэцэдэнтны выклік - выклік неаднаразова адпрацаваных безадмоўных тэхналогій знішчэння незалежных дзяржаў. Але мы аказаліся ў ліку вельмі нямногіх - нават, можа, адзіныя, - дзе "каляровая рэвалюцыя" не адбылася. І гэта выбар беларусаў, якія ні ў якім выпадку не хочуць страціць краіну", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтыя падзеі далі магчымасць пераканацца ў тым, што беларусы ў абсалютнай большасці любяць сваю зямлю, жадаюць ёй міру, спакою і працвітання. "Нягледзячы на страшэнныя падбухторванні звонку, захавалі павагу адзін да аднаго", - дадаў ён.
"Калісьці вышэйшай боскай воляй народ Беларусі лёгка і, прама кажучы, нечакана атрымаў сваю незалежнасць. І мы доўга ўспрымалі яе як данасць. Часам не цанілі. Сёння ж, выпакутаваўшы гэту перамогу, мы ўзняліся на новую ступень самасвядомасці. Астыўшы ад гарачкі электаральных баталій, убачылі, як сталее ўся наша нацыя. І няхай Беларусь па сусветных мерках зусім маладая незалежная дзяржава, але беларусы як нацыя ўжо не дзеці, мы - народ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што, знаходзячыся на краі сусветнага крызісу, неабходна вярнуць краіну да бяспечнага жыцця, якое было ў рэспубліцы заўсёды, прыйсці да згоды дзеля будучыні. "І мы гэта зробім. Я не магу, не маю права кінуць беларусаў, якія звязалі з дзяржаўным курсам не толькі палітычныя перавагі, але і свой лёс, будучыню сваіх дзяцей, усіх, хто ў такі складаны для Беларусі перыяд застаўся адданым краіне і народу. Гэта тыя, хто гераічна процістаяў пагрозе пандэміі, праяўляючы свае лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці, хто захаваў разважлівасць ва ўмовах дэзарыентацыі грамадства. Дзяржаўныя служачыя і людзі ў пагонах праявілі стойкасць, мужнасць і маналітнасць", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што гэта быў не толькі іх службовы абавязак, але і свядомы выбар. "Калі шчыра, я ўбачыў людзей на справе, зразумеў, што не толькі мяне, але і наш народ акружаюць патрыёты", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ва ўмовах поствыбарнай абстаноўкі калектывы прадпрыемстваў "паказалі ўсю сваю мудрасць, выбраўшы цэх, а не плошчу". Не падвялі працаўнікі вёскі, дзякуючы якім усе гэтыя месяцы рэгіёны жылі звычайным жыццём - апрацоўвалі і ўбіралі ўраджай з палёў.
"Дзяржаўная палітыка ў галіне навукі, творчасці і спорту непазбежна пародзіць новых герояў. Хацелася б такіх, якія адэкватна ацэняць уклад у іх дзяржавы і будуць ёй заўсёды ўдзячныя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сіла беларускай улады, залог даверу да яе заключаюцца ў тым, што нават у самыя цяжкія часы мы не адмаўляліся ад сваёй сацыяльнай палітыкі, ад сацыяльна арыентаванай дзяржавы. "Падтрымка пенсіянераў, шматдзетных сем'яў, сацыяльна слабаабароненых слаёў грамадства застанецца візітнай карткай беларускага шляху пры любых абставінах і ў любых умовах", - заявіў Прэзідэнт.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: важна, каб і моладзь захоўвала павагу да сваіх бацькоў. "У нашых дзяцей перад вачыма дастойны прыклад рацыянальнай мудрасці. Мы паказалі, што стварэнне новага магчыма толькі на базе дасягнутага", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым дзяржава не адступіць ад сістэмнага руху наперад, не адмовіцца ад стаўкі на навацыі і эфектыўную эканоміку. "Мудрыя інвестары, якія мысляць катэгорыямі трансгранічнай камерцыі, ацэняць нашы дзеянні па стварэнні прывабных умоў для бізнесу. Але ў аснове дзяржаўнай палітыкі - чалавек і наша гатоўнасць на новым якасным узроўні адказаць яго чаканням", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Сярод прыярытэтаў Прэзідэнт таксама назваў новае грамадства, якое настроена на больш актыўнае пашырэнне грамадска-палітычных ініцыятыў. "Як я ўжо гаварыў, мы вядзём работу над новай Канстытуцыяй. Трэба стварыць умовы для развіцця сапраўднай, падкрэсліваю, партыйнай сістэмы, удасканаліць выбарчае заканадаўства, адпрацаваць пытанні рэфармавання мясцовага самакіравання, што ўжо робіцца. Пры гэтым я абсалютна перакананы, што адзінай формулай выжывання Беларусі з'яўляецца моцная ўлада, вернасць курсу, падтрымка людзей, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Аснова нашага развіцця - воля народа, якая праяўляецца тут, у сваёй краіне. І мы самі без усякага знешняга ўдзелу разбяромся ў нашых праблемах, прыйдзем да згоды, забяспечым супрацоўніцтва ўсіх слаёў грамадства пры захаванні законнасці і ўзаемнай павагі".
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь, як любая моцная дзяржава, застанецца адкрытай і дружалюбнай. "На скрыжаванні геапалітычных платформ мы маем намер захаваць сваю міратворчую місію", - сказаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, такія падыходы ўспрыняты беларускім народам, адпавядаюць яго ўкладу, спосабу жыцця і каштоўнасным арыенцірам. "І сёння, выстаяўшы перад масіраваным уздзеяннем тэхналогій, гэтак жа станем донарам стабільнасці, як і былі да гэтага часу", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што цяпер мы выходзім з чарады выпрабаванняў цяжкага высакоснага 2020 года - з абноўленай медыцынай і тэхналогіямі, сучаснымі формамі самаарганізацыі і ўзаемападтрымкі грамадства. "Мы праверылі на стрэсаўстойлівасць сельскую гаспадарку, значна ўмацавалі нашу энергетычную бяспеку. Беспрэцэдэнтны знешні націск толькі загартаваў нас, зрабіў больш рашучымі і бескампраміснымі ў барацьбе за сваё - чужога нам не трэба", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што калі дзяржаву і чакаюць новыя экзамены, то яна гатова. Следам за сусветнымі крызісамі абавязкова прыходзіць развіццё, адзначыў ён. "Думаю, што аднаўленне сусветнага грамадскага жыцця будзе імклівым, таму можам разлічваць на хуткі росквіт новых эканамічных, лагістычных, тэхналагічных і іншых рашэнняў. Неабходна ўвайсці ў гэты "рэнесанс", у поўнай меры скарыстацца яго магчымасцямі, развіваючы тое, што нам пад сілу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Усіх нас аб'ядноўвае энергія, настойлівасць і адданасць нашай любімай радзіме - незалежнай і свабоднай, мірнай і бяспечнай, добрай і адкрытай свету. За ўсімі выпрабаваннямі мы не страцілі сябе, а значыць, здольны самі будаваць тую краіну, якую любім і пра якую марым. Я зраблю ўсё для таго, каб вы ніколі не пашкадавалі, што першым Прэзідэнтам нашай Беларусі быў я", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.
Пасля цырымоніі інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі беларускія ваеннаслужачыя далі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных войскаў. Яны пакляліся перад беларускім народам і Галоўнакамандуючым, што заўсёды гатовы надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Радзімы.
"Мы, ваеннаслужачыя воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, запэўніваем увесь беларускі народ і вас, таварыш Галоўнакамандуючы, у тым, што заўсёды гатовы надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай Радзімы. Сёння, у дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы ўрачыста клянёмся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронца Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, абараняць нашу Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця! Клянёмся!" - прамовіў тэкст клятвы Міністр абароны Віктар Хрэнін.
У адказ прагучала трохкратнае "Клянёмся!" ад ваеннаслужачых, пасля чаго аркестр выканаў Дзяржаўны гімн.
Прэзідэнт звярнуўся да салдат і сяржантаў, курсантаў і прапаршчыкаў, афіцэраў і генералаў, суайчыннікаў і гасцей цырымоніі. "Уступленне на пасаду Кіраўніка дзяржавы - гэта перш за ўсё вялікі гонар і каласальная адказнасць перад народам незалежнай Беларусі. Мы даём клятву на вернасць Радзіме ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі, - сказаў ён. - Гэта свяшчэнная дата нагадвае нам, што адданасць сваёй Айчыне і гатоўнасць аддаць жыццё за свабоду ў беларусаў у крыві. Сёння за намі Беларусь. І мы зробім усё, каб зберагчы галоўнае - мір на сваёй зямлі. Мір, за які заплачана мільёнамі жыццяў самаадданых воінаў, іх маці, бацькаў, жонак і дзяцей".
"Гэта наш абавязак перад імі. Гэта наша благаславенне будучым пакаленням на шчаслівае і стваральнае жыццё", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння камусьці вельмі не падабаецца, што тут, у цэнтры Еўропы, усё яшчэ ёсць бяспечны астравок, дзе стабільнасць і сацыяльная справядлівасць - не пустыя словы, а асноўная ідэя дзяржавы і апора народаўладдзя, вышэйшая форма дэмакратыі.
"Азіраючыся назад, ужо можна сказаць, што мы разам з вамі прадухілілі катастрофу, сарвалі чарговы гібрыдны рэвалюцыйны сцэнарый па расхістванні асноў беларускай дзяржаўнасці. Можа нехта з нас, людзей у пагонах, сёння не разумее, што адбылося. Але я ўпэўнены, літаральна праз малы прамежак часу ўсе вы - хто стаіць перада мной - зразумееце, што вы выратавалі мір на гэтым кавалачку зямлі, адстаялі суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны", - адзначыў Прэзідэнт.
"Зразумейце, гэта не кожны беларус, на жаль, сёння разумее. Але вельмі хутка зразумее. Гэта - наша работа. Мы павінны былі выканаць гэту работу. І мы яе выканалі. Нас правяралі на трываласць, спрабавалі распаліць варожасць і нянавісць, падзяліць краіну і пасеяць хаос. Не атрымалася і не атрымаецца!" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў гэтых складаных умовах сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі выстаяла і на справе даказала сваю эфектыўнасць, гатоўнасць да адбіцця любых рызык, выклікаў і пагроз. "Мы яшчэ раз даказалі ўсім, што народ не дарэмна траціў капейку на наша ўтрыманне, што мы не дарэмна елі беларускі хлеб. Я як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі абавязваюся адстойваць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны, яе тэрытарыяльную цэласнасць, чаго мне гэта ні каштавала б", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што за мінулыя гады ўсе разам зрабілі нямала: працавалі ў полі, будавалі дамы, гадавалі дзяцей, узводзілі атамную электрастанцыю, запускалі ў космас першы айчынны спадарожнік, распрацоўвалі сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі, укараняючы інавацыі.
"У нас моцная і баяздольная армія. Але галоўнае - мы выхавалі ў яе радах не адно пакаленне сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. І гэта ўжо сёння мы прадэманстравалі разам са сваімі братамі-расіянамі, што ў нас ёсць армія, якая стаіць упоравень з адной з мацнейшых армій нашай планеты - расійскай арміяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння праходзяць беспрэцэдэнтныя ў гісторыі нашай незалежнасці і нашай краіны вучэнні. На тэрыторыі Беларусі і на тэрыторыі Расіі. Яшчэ ніколі не было столькі найноўшай зброі задзейнічана ў гэтых вучэннях. І нават ракетаносцы Ту-160, якія намецілі дарогу ўздоўж нашых заходніх граніц, каб прадэманстраваць усім, што гэтыя граніцы надзейна абаронены".
"Вы, паважаныя сябры, выбралі высакародную прафесію. На вас глядзяць родныя і блізкія, вашы дзеці, мільёны беларусаў, якія вераць, што знаходзяцца пад надзейнай аховай Узброеных Сіл краіны. Давер народа - гэта не проста вялікі гонар. Апраўдаць яго - наш з вамі сэнс жыцця. Няхай жывуць нашы слаўныя абаронцы Айчыны! Няхай жыве наша любімая Беларусь! Ура!" - рэзюмаваў Прэзідэнт.