Нарада па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі ўлады
- 10
- 13:26
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 30 сакавіка нараду па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на пачатковым этапе станаўлення і развіцця краіны вырашэнне вялікага пласта пытанняў было замкнута на Прэзідэнце. "Гэта было зроблена для таго, каб навесці парадак у рабоце з бюджэтам, зберагчы дзяржаўную маёмасць, нетры, усё тое, што належыць (і я спадзяюся, будзе належаць) беларускаму народу. Не дапусціць алігархіі, абвальнай прыватызацыі і, як вынік, расслаення ў нашым грамадстве, выбудаваць ключавыя інстытуты ўлады", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што гэтыя працэсы сёння можна ацэньваць па-рознаму, ёсць розныя пункты гледжання на прынятыя рашэнні. "На што я заўсёды гаварыў: як змаглі, так зрабілі. Пасля нас зробяць лепш, валодаючы гэтым вопытам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Але галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, што дзякуючы такому падыходу да размеркавання паўнамоцтваў удалося сканцэнтраваць розных прадстаўнікоў улады на правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі на ўсіх узроўнях. Сёння ў краіне выбудавана сістэма кантролю, адрэгуляваны механізмы беражлівай і эфектыўнай работы з фінансамі, а рашэнні, прынятыя на верхніх узроўнях улады, бездакорна даводзяцца да кожнага выканаўцы, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што выканальніцкая дысцыпліна ў краіне кульгае. "Скажу адкрыта: напэўна, кожны з прысутных тут не думае, што ў нас поўная аднадумнасць, моцны апарат кіравання на розных узроўнях. Хапае і ў апараце кіравання, асабліва да апошніх падзей: некаторыя з-пад плінтуса паглядалі, як жа дзень волі пройдзе, веснавое наступленне працоўных і іншае. Потым зразумелі - не тое, як пішуць, асабліва расіяне, улада ўстаяла. Улада стаяла і будзе стаяць, мы дзяржаву захавалі і будзем яе далей умацоўваць. Таму, хто хоча працаваць - вылазьце з-пад плінтуса і пачынайце працаваць. У нас вельмі шмат работы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Вяртаючыся да пытання станаўлення дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чвэрць стагоддзя - немалы этап развіцця, тым больш для такой маладой дзяржавы, як Беларусь. "Таму, як я гаварыў раней, настаў час яшчэ раз паглядзець на тое, якія рашэнні і на якім узроўні павінны прымацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, апошнім часам з'явіліся некаторыя асобы, якія вельмі клапоцяцца наконт паўнамоцтваў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гаварыў аб папраўках у Канстытуцыю яшчэ ў час звароту з пасланнем да беларускага народа і парламента некалькі гадоў таму. І тады былі падрыхтаваны два варыянты Канстытуцыі. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы абавязкова запатрабаваў персаніфікаваць папраўкі, каб было зразумела, хто менавіта выступіў з той ці іншай ініцыятывай. "І што вы думаеце? Два варыянты, а змяненняў амаль ніякіх. Таму што людзі разумелі, што за ўсялякія прапановы і змяненні трэба будзе потым адказваць, несці адказнасць", - адзначыў Прэзідэнт.
Цяпер падрыхтоўкай паправак у асноўны закон краіны займаецца Канстытуцыйная камісія ў складзе 36 чалавек. "Яны ўсе персанальна будуць адказваць за тыя прапановы, якія ўнясуць як мінімум Прэзідэнту. Прэзідэнт вынесе Канстытуцыю на рэферэндум, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Вырашаць будзе народ. Грамадства нечага хоча ў плане змянення Канстытуцыі - будзе, і будзе абсалютна сумленна".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што рашэнне аб неабходнасці ўнясення канстытуцыйных змяненняў наспявала даўно і прымалася выключна зыходзячы з унутраных інтарэсаў краіны і грамадства. "Тым, хто забыў гэта, нагадваю, што не Расія і не кіраўніцтва Расіі (як цяпер гэтыя ідэі прынята падкідваць у Расіі) прымушаюць Лукашэнку Канстытуцыю перарабляць. Не. Гэтым мы займаемся даўным-даўно. Падышлі да таго, што гэтыя змяненні павінны быць, таму што Лукашэнка не вечны і мы не ведаем, хто будзе наступным, і які ён будзе - дыктатар, аўтарытарны кіраўнік, - мы таксама не ведаем. Гэта першая важнейшая прычына, па якой нам давялося звярнуцца да Канстытуцыі", - заявіў беларускі лідар.
Аднак для пераразмеркавання паўнамоцтваў няма неабходнасці змяняць Канстытуцыю, гэта будзе зроблена да ўнясення паправак у асноўны закон, запэўніў Прэзідэнт. "Для пераразмеркавання паўнамоцтваў, нават вялікіх паўнамоцтваў, Канстытуцыю змяняць не трэба. Мы яе мяняем па іншых прычынах, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Да таго, як зрабіць змяненні ў Канстытуцыі, мы пераразмяркуем паўнамоцтвы, каб не думалі, што ўсё сканцэнтравана ў руках Прэзідэнта і ён прымае ўсе рашэнні".
"У Прэзідэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэнне знізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут Прэзідэнт, ён будзе Кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, таму што, калі мы "растворым" будучага Прэзідэнта (не мяне гэта датычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы перш за ўсё, краіне не быць. Яна знікне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Вывучыць магчымасць пераразмеркавання паўнамоцтваў і ўзмацнення адказнасці паміж рознымі органамі або галінамі ўлады Прэзідэнт даручаў яшчэ ў мінулым годзе. Савет Міністраў, мясцовыя органы ўлады і парламентарыі падрыхтавалі пакет прапаноў, якія могуць пашырыць сферу дзейнасці ўрада і іншых дзяржорганаў.
"Я іх уважліва вывучаў. І мая першая прапанова - не трэба імгненна, агулам усё прымаць. Гэта павінен быць эвалюцыйны працэс. Але да ўнясення праекта новай Канстытуцыі на рэферэндум мы павінны гэты працэс завяршыць. Гэта значыць на працягу бягучага года трэба канчаткова вызначыцца, якія паўнамоцтвы будуць у Прэзідэнта, урада, парламента, губернатараў, калі трэба - і ніжэй", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, частка рашэнняў сапраўды наспела сёння. Ён растлумачыў, што перад тым як трапіць да яго на падпісанне, дакументы праходзяць праз некалькі ўзроўняў кантролю, гэта значыць сістэма выбудавана. "Няма неабходнасці, можа, цягнуць асобныя рашэнні на ўзровень Прэзідэнта і рабіць гэты фільтр. Урад разумее, як трэба прымаць рашэнні, гэта ўсё аформлена заканадаўча. Таму па некаторых паўнамоцтвах ёсць падставы і неабходнасць пакінуць гэта на ўзроўні Урада. Па іншых прапановах, я абсалютна перакананы, размываць паўнамоцтвы Кіраўніка дзяржавы мы не будзем. Яшчэ раз падкрэсліваю: размова не ідзе пра Лукашэнку. Размова ідзе перш за ўсё пра будучыню. Гэта датычыцца ў першую чаргу тых сфер, дзе вырашаюцца важнейшыя пытанні для любога жыхара, суб'екта гаспадарання і дзяржавы ў цэлым. Больш таго, часта яны маюць незваротны характар", - сказаў Прэзідэнт.
Перш за ўсё размова ідзе пра зямельныя адносіны, а дакладней пытанні распараджэння зямлёй, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Тут маё жалезнае патрабаванне: на землі сельгаспрызначэння або ляснога фонду прэтэндаваць можна толькі па асобным рашэнні Прэзідэнта. Тым больш, як мне дакладваюць, у рэгіёнах ёсць тысячы ўчасткаў, якія не запатрабаваны. А маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў наогул могуць атрымаць іх бясплатна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна ім быў падпісаны ўказ аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі. Цяпер пустуючыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, змогуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да адной базавай велічыні.
"Але пад Мінскам і абласнымі цэнтрамі, паблізу вадаёмаў і запаведных мясцін зямля застанецца пад строгім кантролем. Вы ведаеце чаму: гэта агульны здабытак, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы не можам ператварыцца, як у суседняй краіне: глядзіш на возера каля буйнога горада - простаму чалавеку туды не падысці. Чаму? Таму што агароджу пабудавалі адразу ў ваду і арганізавалі прычалы для сваіх "пасудзін". Гэта нядобра. Мы гэтага пазбеглі".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо неяк спрабаваў перадаць паўнамоцтвы па размеркаванні зямельных рэсурсаў губернатарам. У выніку былі прыклады, калі самыя ўрадлівыя землі аддаваліся пад будаўніцтва складоў. "Таму я ўжо нагледзеўся, у мяне быў вопыт перадачы гэтых паўнамоцтваў уніз. Гэта не таму, што губернатары дрэнныя. Проста такія рэчы павінны быць жалезна ў адных руках, - перакананы Прэзідэнт. - Бо ўсё роўна губернатар будзе ўносіць прапановы, і па вертыкалі праз Урад да Прэзідэнта мы вывучым гэтыя пытанні і прымем рашэнні".
"Словам, зямельныя, лясныя пытанні перадаваць каму-небудзь забараняецца. Гэта забароненая тэма. Бываюць выключэнні, але тады прыйдзіце, дакажыце Прэзідэнту - ён прыме рашэнне. Думаю, нашы дзеці і ўнукі дзякуй за гэта скажуць. І будучы Прэзідэнт, які будзе кіраваць краінай, таксама падзякуе ўсім нам за тое, што мы пакінулі такія пытанні і паўнамоцтвы ў Прэзідэнта", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не супраць разгледзець прапановы па асучасніванні дзеючай практыкі, спрашчэнні адміністравання за кошт укаранення лічбавых тэхналогій.
"Па іншых момантах мы актыўна абмяркуем кожны блок пытанняў, заслухаем абгрунтаванні для прыняцця канчатковых рашэнняў", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пераразмеркаванне паўнамоцтваў адбываецца нячаста, таму трэба ўзважыць усе за і супраць па кожным пункце. Пры гэтым у аснову, падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна ставіць непахісныя прыярытэты - камфорт і дабрабыт насельніцтва.
"Што хвалюе перш за ўсё? Ці гатовы тыя, хто хоча дадатковых паўнамоцтваў, да іх рэалізацыі? Гэта ж не толькі дадатковае права аператыўна і гібка вырашаць пытанні, але і нагрузка, дадатковая адказнасць. Адказнасць - ключавы аспект ва ўсёй гэтай нашай рабоце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што прававыя акты аб перадачы паўнамоцтваў павінны змяшчаць выразны адказ на пытанне: хто канкрэтна будзе адказваць за прымаемыя рашэнні? І ніякага дваякага тлумачэння тут быць не павінна, адзначыў ён.
"Ці прадуманы магчымыя рызыкі? Ці не здарыцца так, што праз нейкі час у кожным рэгіёне ўстановіцца свая практыка прыняцця рашэнняў, і яна будзе адрознівацца. Да чаго гэта можа прывесці ў сучасным свеце, мы разумеем. У мяне таксама ёсць вопыт: гэта было ў Расіі. І я помню маладога Пуціна, калі ён толькі стаў Прэзідэнтам пасля Ельцына, мы абмяркоўвалі гэта пытанне: што ні рэгіён (хоць у Расіі гэта апраўдана, яна велізарная краіна), абсалютна розныя рашэнні. І ў кучу сабраць Расію многага каштавала. Нам трэба гэта ці не?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: працэс пераразмеркавання паўнамоцтваў павінен быць цесна ўвязаны з канстытуцыйнай рэформай. "Мы не павінны прымаць рашэнні, якія ў выніку работы над Канстытуцыяй потым давядзецца адмяняць або прыводзіць у іншы стан. Таму трэба будзе цесна весці работу з Канстытуцыйнай камісіяй. І на аснове новай Канстытуцыі мы павінны прыйсці да выверанай і ідэальна прадуманай вертыкалі ўлады з абноўленымі паўнамоцтвамі", - падагульніў Прэзідэнт.