Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 11
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 18 лютага правялі перагаворы ў Крамлі.

Кіраўнікі дзяржаў на сустрэчы абмеркавалі шырокае кола пытанняў. У іх ліку тэматыка развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, актуальныя выклікі бяспецы ў рэгіёне і сумесныя дзеянні па забеспячэнні нацыянальных інтарэсаў дзвюх краін, міжнародная праблематыка.

"Мы з Вамі рэгулярна сустракаемся, ёсць аб чым пагаварыць. Паколькі гэта першая сустрэча ў бягучым годзе, хочацца сказаць, што мінулы год быў вельмі плённым", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Ён адзначыў, што сустрэчы двух лідараў праходзяць рэгулярна, але ў бягучым годзе гэта першая вочная сустрэча і добрая магчымасць, каб зверыць гадзіннікі па многіх пазіцыях. "Хочацца сказаць, што мінулы год быў дастаткова плённы. Мы, па-першае, сур'ёзна рушылі наперад у сферы будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, нашы калегі прапрацавалі сур'ёзна, падрыхтавалі 28 добрых праграм. Ідзе, уласна кажучы, ужо даўно развіццё па вельмі многіх з гэтых напрамкаў. Па сутнасці, гэтыя 28 праграм абнавілі тое, што планавалі раней зрабіць", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Ён таксама звярнуў увагу, што прынята канцэпцыя міграцыйнай палітыкі, ваенная дактрына. "Праведзена вельмі вялікая работа", - лічыць расійскі лідар.

"Радуе, што актыўна развіваецца эканоміка, - падкрэсліў ён. - Значны рост - 38 з лішнім працэнтаў і амаль $35 млрд абарот. Гэта, вядома, вельмі добры паказчык. Ён сведчыць, што тое, што мы робім у сферы інтэграцыі, дае канкрэтную аддачу, а за гэтым стаяць працоўныя месцы, узровень жыцця людзей, заработная плата. Таму, мне думаецца, мы дзейнічаем у абсалютна правільным напрамку. Усё гэта сёння абмяркуем".

"Мы пагаворым аб рэгіянальнай сітуацыі, ацэнім, як ідзе ваеннае супрацоўніцтва - цяпер актыўная фаза ваенных вучэнняў. Заўтра разам нават паўдзельнічаем у адным са значных мерапрыемстваў у гэтым комплексе ваеннага супрацоўніцтва", - сказаў Уладзімір Пуцін.

"Нам трэба, вельмі важна цяпер у пачатку года, настроіцца такім чынам, каб процістаяць усякаму эканамічнаму націску. Як супраць нас, так і супраць вас. Нам складаней з гэтымі санкцыямі. Таму я хацеў бы і Вас праінфармаваць па гэтым пытанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што галоўнае - не зніжаць тэмпы супрацоўніцтва, якія былі набраны ў мінулым годзе: "Як Вы правільна сказалі, развіццё эканомікі ўжо сведчыць аб тым, што нічога ў іх (апанентаў у свеце. - Заўвага) не атрымаецца. Удушыць яны ніяк нас не змогуць. Думаю, мы дамовімся аб тым, каб надаць большую тут дынаміку".

У цэлым Прэзідэнт канстатаваў, што эканоміка як у Беларусі, так і ў Расіі ў мінулым годзе нядрэнна развівалася, але, вядома, адчуваюцца інфляцыйныя выклікі. "Калі б не гэтыя знешнія фактары, перш за ўсё інфляцыйныя, якія падкідваюць звонку... Ад іх нікуды не дзецца. Я бачу, і ў Расіі, і ў Беларусі мы стараемся, наколькі гэта магчыма ў рыначных умовах, процідзейнічаць інфляцыі. Гэта не так проста", - адзначыў беларускі лідар.

Гаворачы аб ваенна-палітычным спектры пытанняў, Прэзідэнт адзначыў: "Ён сёння сіламі нашых заходніх партнёраў выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі. Нам даводзіцца рэагаваць і ў плане нашых ваенных вучэнняў, і дыпламатыі. Думаю, і тут таксама ў іх наўрад ці нешта атрымаецца. Яны першы раўнд вельмі моцна прайгралі. Сёння ўжо, гляджу, выходзяць на другі раўнд. Палохаючы ўвесь свет, што заўтра мы нападзём на Украіну, акружым, знішчым і гэтак далей. Хоць і ў планах ніколі ў нас, колькі мы ні абмяркоўвалі гэтыя пытанні, не было. Але вучыць людзей ваяваць мы будзем (размова аб правядзенні вучэнняў і армейскай падрыхтоўцы. - Заўвага), нікуды ад гэтага не дзенешся".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні наведаў беларуска-расійскія вучэнні "Саюзная рашучасць - 2022" - паглядзеў і расійскія, і беларускія падраздзяленні. "Шмат было іншаземцаў, журналістаў. Вельмі ўражвае. Як гаварылі, заўтра, калі ўсё будзе нармальна, мы пабудзем з Вамі на цікавым мерапрыемстве. Паўдзельнічаем у гэтых мерапрыемствах. Гэта таксама наша жыццё, людзей нашых - беларусаў і расіян", - сказаў ён.

У час размовы з журналістамі па выніках перагавораў Уладзімір Пуцін пажадаў Беларусі паспяховага правядзення рэферэндуму па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю.

"Перш за ўсё хацеў бы выказаць удзячнасць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за тое, што ён адгукнуўся на запрашэнне і прыехаў у Маскву. Разумеем, што рабочы графік Прэзідэнта цяпер вельмі загружаны ў сувязі з неабходнасцю падрыхтоўкі важнага ўнутрыпалітычнага мерапрыемства, якое мае адбыцца 27 лютага, - агульнанацыянальнага рэферэндуму аб новай рэдакцыі Канстытуцыі. Вядома ж, жадаем беларускім сябрам яго паспяховага правядзення", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіна правядзе рэферэндум дастойна ў адпаведнасці з інтарэсамі беларускага народа: "Зразумела, я праінфармаваў Прэзідэнта Расіі аб тым, як Беларусь рыхтуецца да важнейшай палітычнай падзеі - канстытуцыйнага рэферэндуму. Мы правядзём яго дастойна ў адпаведнасці з інтарэсамі беларускага народа, і гэта не будзе ніяк супярэчыць адносінам з нашай брацкай Расіяй", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Захад актыўна спрабуе рукамі нашых "збеглых", калі не дэстабілізаваць, то хаця б падрасхістаць сітуацыю ў краіне. Там, праўда, даўно ўжо ніхто не цешыць сябе ілюзіямі паўтору жніўня 2020 года", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі Беларусь і Расія змогуць пераадолець самыя складаныя сітуацыі, процістаяць любым выклікам і пагрозам, пабудаваць агульную будучыню. "І няхай нават ніхто не разлічвае, што мы завагаемся перад нейкімі складанасцямі, цяжкасцямі і праблемамі", - канстатаваў беларускі лідар.

"Улічваючы вастрыню сітуацыі, сёння мы з Прэзідэнтам шмат увагі ўдзялілі менавіта гэтай праблематыцы і абмеркавалі нашы магчымыя сумесныя дзеянні як адказ на агрэсіўныя паводзіны заходніх партнёраў, - сказаў беларускі лідар. - Яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніхто не хоча не проста вайны, але нават абвастрэння сітуацыі, нейкіх канфліктаў. Нам гэта не трэба - ні расіянам, ні беларусам".

Прэзідэнт адзначыў, што людзі, якія сочаць за развіццём сітуацыі, разумеюць, што цяпер нагнятанне напружанасці залежыць нават не ад Украіны, і гэта відавочна для ўсіх.

"Упершыню за дзясяткі гадоў мы апынуліся на парозе канфлікту, на жаль, здольнага зацягнуць, як у варонку, практычна ўвесь кантынент, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы бачым сёння ва ўсёй красе безадказнасць і, выбачайце ўжо за шчырасць, неразумнасць шэрага заходніх палітыкаў, паводзіны, што не паддаюцца логіцы і разумнаму тлумачэнню, кіраўнікоў краін-суседак, іх проста-такі балючае жаданне прайсціся па самым краі". У прыватнасці, было згадана аб істотным абвастрэнні сітуацыі на Данбасе, дзе людзі ўжо гатовы бегчы з тэрыторыі.

"У мяне склалася ўражанне, што асобныя надзеленыя высокімі і адказнымі пасадамі палітыкі з так званага свабоднага свету проста паталагічна небяспечныя і для навакольных, і, самае галоўнае, для ўласных народаў", - заўважыў Прэзідэнт.

"Мы не хочам вайны, але калі нехта не можа суняцца, то адказ будзе цалкам асіметрычным. Напэўна, усе ў свеце гэта разумеюць. І ў гэтым напрамку, абараняючы бяспеку сваіх народаў і свае дзяржавы, мы будзем дзейнічаць адэкватна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Уладзімір Уладзіміравіч заўважыў, я абсалютна з ім згодны: нас спрабуюць разарваць, развесці, і не толькі Расію і Беларусь, але ўсе тыя дзяржавы, якія настроены на яднанне. Гэта таксама не той шлях, нічога не атрымаецца. Казахстан - сведчанне таго. Мы гэта цэнім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Шанцы гэтых людзей сілай зламаць Беларусь мізэрныя. І ўсё далей і далей яны будуць больш мізэрныя. Нічога ў іх не атрымаецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што абвінавачанні беларускіх улад у дыктатуры і націску на крытыкуючых уладу ўсяго толькі прычына націснуць на дзяржаву. "Гэта казка. Нікога ніхто не цкуе, не душыць. Мы проста адэкватна рэагуем на тых, каго яны падштурхоўваюць да дзяржаўнага перавароту ў Беларусі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"У ходзе сённяшніх перагавораў падрабязна абмяркоўвалася тэма ўмацавання адзінай абароннай прасторы Расіі і Беларусі. Мы дамовіліся і ў далейшым калектыўна прымаць усе неабходныя меры для ажыццяўлення бяспекі дзвюх краін у святле нарастаючай ваеннай актыўнасці краін НАТА на знешніх граніцах Саюзнай дзяржавы", - сказаў Уладзімір Пуцін.

"Сумесна далі высокую ацэнку вучэнням "Саюзная рашучасць - 2022", актыўная фаза якіх прадоўжыцца ў Беларусі да 20 лютага. Павінен канстатаваць, што гэтыя вучэнні маюць толькі абарончы характар і нікому не пагражаюць", - сказаў Прэзідэнт Расіі ў час размовы з прадстаўнікамі СМІ.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заўважыў, што ўжо неаднаразова тлумачыў сутнасць вучэння: ва ўмовах узрастання ваеннай небяспекі на граніцах Саюзнай дзяржавы, напаўнення Украіны зброяй Беларусь і Расія вымушаны шукаць адэкватныя спосабы адбіцця магчымага нападзення, у тым ліку і на сваіх паўднёвых рубяжах. "Няма нічога дзіўнага, што мы прыглядаемся да гэтых рубяжоў, поўдня Беларусі. Гэта амаль паўтары тысячы кіламетраў. Шукаем пункты, дзе нам перш за ўсё весці абарону", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Расіі і Беларусі агульная сістэма ППА, адзіная рэгіянальная групоўка войскаў, сумесныя цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў, Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы. "І мы гэтыя напрамкі ваеннай дзейнасці ніколі ні ад каго не ўтойвалі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Таму правядзенне вучэння - гэта наша агульнае і абумоўленае абстаноўкай рашэнне. Ды і праводзім мы вучэнне максімальна транспарэнтна, на сваёй тэрыторыі. Пры гэтым ні ад каго нічога не ўтойваем, усё адбываецца пад пільным поглядам цэлай арміі аташэ і прэсы".

Гаворачы аб тэматыцы перагавораў з расійскім калегам, Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: размова, безумоўна, ішла і аб інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. Ён нагадаў, што ў лістападзе 2021 года быў падпісаны Дэкрэт Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, у якім зацверджаны асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і 28 саюзных праграм. "Прыкладна на 30% мы рушылі наперад у выкананні гэтых праграм", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер асаблівая ўвага дзвюх дзяржаў засяроджана на рэалізацыі праграм у такіх напрамках, як падатковая сфера, мытнае супрацоўніцтва, фарміраванне аб'яднанага рынку газу.

Асобны блок перагавораў быў прысвечаны эканоміцы. "Прыемна, што мы спрацавалі нядрэнна ў мінулым годзе. Нягледзячы на розныя пандэміі і вірусы, мы нарасцілі наш тавараабарот амаль да $40 млрд, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Важна, што і беларуская, і расійская эканомікі актыўна раслі ўвесь год - і па тэмпах ВУП, і па вытворчасці прамысловай прадукцыі, і па многіх іншых напрамках рэальнага сектара".

"Зразумела, мы гаварылі больш не пра поспехі, а пра праблемныя пытанні. Іх становіцца менш, але яны пакуль ёсць. Абмяркоўвалі меры па падтрымцы эканомікі і ўмацаванні фінансавай стабільнасці, нарошчванні дзелавой актыўнасці, развіцці кааперацыі", - прадоўжыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, закраналася і тэматыка ўзросшага санкцыйнага націску на абедзве краіны. "Мы, вядома, ужо навучыліся процістаяць гэтым санкцыям, умацаваліся. Мы гэта канстатавалі, тавараабарот паміж намі аб гэтым сведчыць. Але тым не менш мы вымушаны вельмі шмат увагі ўдзяляць процідзеянню санкцыйнаму націску, і мы аб гэтым сёння вельмі шмат гаварылі", - сказаў беларускі лідар. - Таму што гэты эканамічны бандытызм, спроба навязаць нам эканамічную вайну, а яна ўжо развязана супраць нас, яна нам дорага каштуе".

"Дарэчы, не менш, а то і значна больш пацерпяць тыя, хто ў санкцыйнай вайне палез на перадавую", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён выказаў удзячнасць за падтрымку Прэзідэнту Расіі: "Я ўдзячны Вам, Уладзімір Уладзіміравіч, за тыя распараджэнні, якія Вы толькі што аддалі кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, нічога не скрываючы ад мяне, у маёй прысутнасці".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што абедзве дзяржавы выстаяць і ўмацуюць свае пазіцыі: "Тое, што мы, беларусы і расіяне, выстаім і выйдзем з гэтай гібрыднай вайны, гэта ўжо зразумела. Мы бачым, як узмацнілася кааперацыя ў прамысловасці, а ў структуры двухбаковага гандлю з'явіліся дзясяткі новых таварных пазіцый і як дыверсіфікуюцца нашы знешнегандлёвыя патокі. Свет вялікі - на ўсе вароты замкі не павесіш і ўсе транспартныя шляхі не перакрыеш".

Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што Беларусь будзе будаваць свой порт пад Санкт-Пецярбургам.

"Я ўдзячны Уладзіміру Уладзіміравічу за тое, што ён непасрэдна аддаў каманды, як я папрасіў. Нам патрэбны порт. У парушэнне міжнародных пагадненняў нам закрылі тыя дарогі і шляхі, парты, дзе мы працавалі. А гэта нельга: калі дзяржава не мае выхаду да мора, ніхто не мае права закрыць гэты шлях, калі ты маеш выхад да мора. Гэта парушэнне. Прэзідэнт Расіі аддаў распараджэнне (я яго папрасіў, каб дапамаглі нам расіяне: не было валакіты, бюракратыі; справа не ў грашах, грошы на гэта ёсць), каб мы пад Піцерам маглі пабудаваць свой порт і перавальваць мільёны тон грузаў там, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры мне былі аддадзены распараджэнні, каб неадкладна гэта будаўніцтва пачалося".

"І мы будзем грузіць на працягу года-паўтара (не ведаю, колькі: пасол займаўся гэтым пытаннем) там гэтыя мільёны тон грузаў. Але ўжо калі мы пойдзем з Украіны, Літвы, якая на 30 працэнтаў фарміравала свой бюджэт за кошт нашага транзіту, мы туды не вернемся. Таму мы выстаім", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што Захад і ў далейшым будзе ўсяляк спрабаваць націскаць на Беларусь і Расію, шукаць прычыну для развязвання эканамічнай вайны. "Якая б ні была сітуацыя, санкцыі - гэта і момант магчымасцей. І галоўнае - гэта імпартазамяшчэнне. Мы ўсё роўна выйдзем з гэтай сітуацыі нават па самых адчувальных для нас, беларусаў і, перш за ўсё, расіян, самых сучасных і сур'ёзных тэхналогіях. Мы ўмеем рабіць усё", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.