Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы ў Маскве

  • 12

Беларусь і Расія вырашылі ўсе вострыя пытанні двухбаковых адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 снежня ў Маскве па выніках пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы.

Парадак дня ВДС уключаў амаль паўтара дзясятка пунктаў. Удзельнікі пасяджэння разгледзелі асноўныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў розных сферах. Да пачатку пасяджэння прэзідэнты Беларусі і Расіі правялі двухбаковую сустрэчу, каб зняць усе вострыя пытанні і абмеркаваць перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашняя форма правядзення двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў дзеяздольная, эфектыўная і прыжывецца ў далейшым.

Гаворачы аб праведзеным напярэдадні пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яно было вельмі эфектыўным і плённым. "Мы зрабілі яшчэ адзін крок да запаветнай мэты - стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што быў закладзены добры фундамент на будучае. "Камусьці, магчыма, гэта не падабаецца, але мы вызначыліся і ідзём сваім шляхам. І я ўпэўнены, што мы дасягнём жаданага выніку", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, Саюзная дзяржава на фоне значнага руху наперад па шляху еўразійскай інтэграцыі мае патрэбу ў якаснай мадэрнізацыі. Неабходна поўная выразнасць адносна спалучэння функцый Саюзнай дзяржавы і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, каб аб'яднанні не дубліравалі адзін аднаго.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў фармаце "двойкі" абкатваўся шэраг рашэнняў, якія цяпер паспяхова рэалізаваны ў "тройцы". "Лічу, што і ў далейшым за Саюзнай дзяржавай павінна захавацца роля ледакола ў вырашэнні складаных пытанняў", - сказаў ён.

У цэлым Прэзідэнт Беларусі канстатаваў інтэнсіўнае развіццё і двухбаковых беларуска-расійскіх адносін, і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. Ён адзначыў, што ўпершыню за апошнія некалькі гадоў праводзіцца другое пасяджэнне ВДС за год.

"У 2013 годзе традыцыйна ішла рэалізацыя раней пачатых і новых сумесных праграм, што фінансуюцца з саюзнага бюджэту, цесна ўзаемадзейнічалі профільныя міністэрствы, супрацоўнічалі рэгіёны. Беспрэцэдэнтнага для постсавецкай прасторы ўзроўню дасягнула супрацоўніцтва ваенных, дыпламатаў і праваахоўнікаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён асабліва адзначыў зробленыя бакамі захады па ўмацаванні рэгіянальнай групоўкі войскаў, узмацненні аховы знешняй граніцы і паветранай прасторы. На яго думку, гэта паказчык глыбіні двухбаковага ўзаемадзеяння. У гэтым кантэксце Прэзідэнт Беларусі згадаў паспяховыя сумесныя беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні "Захад-2013".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на добрае развіццё двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін на фоне крызісу ў сусветным гандлі. Беларусь і Расія не толькі не знізілі аб'ёмы ўзаемнага тавараабароту, але нават прыбавілі без уліку энергетычнага складальніка. Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта сведчыць аб тым, што значна прыбаўляе рэальны сектар. "Няхай наш тавараабарот і меншы, чым у мінулым годзе, але ён амаль на паўмільярда долараў перасягнуў узровень 2011 года", - сказаў беларускі лідар.

"Усё гэта можа здацца звычайным і руцінным. Але ў гэтым і заключаецца галоўнае дасягненне нашага праекта - мы сталі зусім натуральна, як належнае, успрымаць наша цеснае двухбаковае супрацоўніцтва. І такая арганічнасць - вынік шматгадовай карпатлівай работы", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў адсутнасць дынамікі ў пытанні дасягнення роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі ў сацыяльнай сферы. Ён падкрэсліў, што чакае ад Пастаяннага камітэта і ўрадаў дзвюх краін больш актыўных дзеянняў у гэтым напрамку.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў важнасць работы, праводзімай у рамках Саюзнай дзяржавы, для ўсіх інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Саюзнай дзяржаве па многіх напрамках работа ідзе з апярэджаннем і задае тон іншым інтэграцыйным аб'яднанням. На яго думку, усё гэта вельмі важна.

Уладзімір Пуцін падтрымаў ідэю стварэння беларуска-расійскага міжрэгіянальнага форуму і адзначыў умацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Па выніках пасяджэння ВДС Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Урады Беларусі і Расіі выпрацавалі рашэнні па самых вострых і складаных пытаннях парадку дня нашых адносін. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што не засталося ніводнага пытання, якое мы маглі б паставіць перад расіянамі, або просьбаў, з якімі мы маглі б звярнуцца да расійскага боку. Мы вырашылі ўсе пытанні напярэдадні Новага года".

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падзякаваў расійскаму боку за праект па будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Як адзначыў Уладзімір Пуцін, агульная сума расійскага фінансавага ўдзелу складае $10 млрд. Ён нагадаў, што першы блок станцыі плануецца ўвесці летам 2018 года, другі блок - у 2020 годзе.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што дзякуючы Расіі Беларусь увайшла ў клуб касмічных дзяржаў, ствараючы сумесна з расіянамі касмічныя апараты, адзін з якіх працуе ўжо на арбіце. Ён расказаў, што бакі дамовіліся паскорыць стварэнне сумесных прадпрыемстваў па кааперацыі ў гэтай сферы.

Краіны прадаўжаюць супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы. "Мы вельмі жорстка і рашуча будзем абараняць інтарэсы нашых дзяржаў, нашых грамадзян, забяспечваючы абарону Беларусі і Расіі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прынятыя на гэтым пасяджэнні рашэнні яшчэ раз сведчаць аб пашырэнні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння па ўсім спектры работы. "Працэс стварэння ўмоў для развіцця і ўмацавання Саюзнай дзяржавы хоць і праходзіць няпроста, але дае практычную аддачу", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, Саюзная дзяржава была і застаецца лакаматывам усіх інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё больш адчувальным фактарам эканамічнага развіцця становіцца функцыянаванне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. "Вядома, у Саюзнай дзяржаве намі напрацавана больш аб'ёмная дагаворна-прававая база, якая паслужыла прыкладам і паскорыла прыняцце дакументаў у рамках МС і АЭП. Таму страчваць гэты праект ні ў якім выпадку нельга", - сказаў беларускі лідар. Ён з задавальненнем адзначыў падтрымку гэтага праекта расійскім бокам.

"Мы зробім усё, каб яго захаваць, каб ён паказваў прыклад цеснага супрацоўніцтва, якое можа быць не толькі на постсавецкай прасторы, але і на тэрыторыі ад Лісабона да Уладзівастока", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што прыярытэтамі для далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца павышэнне эфектыўнасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, цесная вытворчая кааперацыя, фарміраванне аб'яднанай транспартнай сістэмы, агульнага рынку працы.

Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расія прадаставіць Беларусі дадатковую пазыку да $2 млрд. "У ходзе сённяшняй сустрэчы ўрад Расійскай Федэрацыі прыняў рашэнне аказаць садзейнічанне нашым калегам у сувязі з тым, што адбываецца на сусветных рынках, і прадаставіць Рэспубліцы Беларусь дадатковыя пазыковыя сродкі ў 2014 годзе ў аб'ёме да $2 млрд.", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя сродкі - не падарунак Беларусі, і яны будуць працаваць на развіццё эканомік дзвюх краін. "Хацеў бы сказаць некаторым, якія крытыкуюць у нас у Беларусі за гэта і расіян у тым ліку, што ні ўрад Расіі, ні Прэзідэнт, якія ўмеюць добра лічыць грошы, нічога проста так не робяць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што беларуская эканоміка спажывае ад 60% да 70% рэсурсаў і камплектуючых прадпрыемстваў Расіі, дзе працуюць, паводле прыкладных ацэнак, да 10 млн. расіян. "Пачынаючы ад фінішнай вытворчасці, вы такім чынам падтрымліваеце і сваю эканоміку - расійскую", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на няпростую эканамічную сітуацыю ў свеце, у тым ліку ў Расіі, якая з'яўляецца асноўным спажыўцом беларускіх тавараў. Акрамя таго, Беларусь у выніку недружалюбных дзеянняў "Уралкалія", які абваліў сусветны калійны рынак, страціла больш як $1,5 млрд. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму боку за прынятыя рашэнні падтрымаць эканоміку Беларусі ў гэты вельмі цяжкі час.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на праблемы ў сусветным гандлі, Беларусі і Расіі ў бягучым годзе ўдалося падтрымаць стабільна высокі ўзровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Беларусь выйшла на першае месца па тавараабароце сярод краін СНД і на пятае - сярод усіх знешнегандлёвых партнёраў Расіі. "Мы самыя блізкія народы, самыя блізкія дзяржавы ў свеце, бліжэйшых - няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія дамовіліся павышаць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з карупцыяй, падпісаўшы адпаведнае міжурадавае пагадненне.

Бакі падпісалі таксама міжурадавыя пагадненні аб рэалізацыі праграмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй да 2020 года і аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

Зацверджана новая Праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2014-2015 гады.

Традыцыйна абмяркоўваўся бюджэт Саюзнай дзяржавы. Яго аб'ем на 2014 год складае амаль 5 млрд. расійскіх рублёў. Гэтыя рэсурсы будуць накіраваны на фінансаванне больш як 36 сумесных праграм і мерапрыемстваў.

Яшчэ адной важнай тэмай, вынесенай на ВДС, стала падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Гэта наша агульная гісторыя, агульны боль, але і наш вялікі здабытак і агульны гонар. Памяць з'яўляецца сімвалам сучаснасці і залогам паспяховай будучыні нашых краін. Гэта ўсведамляюць і нашы праціўнікі, якія вельмі актыўна спрабуюць перапісаць і сказіць гісторыю, сцерці гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і Перамозе ў ёй нашых народаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму боку за каласальную падтрымку на міжнароднай арэне ў цяжкую мінуту націску на Беларусь. "Я разумею, што гэта няпроста для Расіі, паколькі ёй самой хапае гэтага націску. Тым не менш не было такога выпадку, каб яна не падтрымала ў міжнародных арганізацыях, на міжнароднай арэне па самых вострых пытаннях", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў гатоўнасць усіх беларускіх аб'ектаў, пабудаваных да зімовай Алімпіяды ў Сочы. "Мы з гэтай задачай справіліся і, як абяцалі, пабудавалі ўсе нашы аб'екты. Яны ўсе функцыянуюць і поўнасцю заняты, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - І для расіян, і для беларусаў мы стварылі цудоўны курорт сусветнага ўзроўню, дзе будзе прыемна адпачываць і летам, і зімой".