Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанню ўдасканалення дзейнасці судоў і органаў юстыцыі

  • 1

З 1 студзеня 2014 года ў Беларусі павінна функцыянаваць новая сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі. Такую задачу 19 лістапада паставіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанню ўдасканалення дзейнасці судоў і органаў юстыцыі.

"Мы выступілі рашуча па некаторых пытаннях удасканалення нашай прававой сістэмы наогул, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я маю на ўвазе рашэнне па вылучэнню Следчага камітэта ў самастойны орган. І ніхто, прынамсі, за гэты час, не сказаў аб тым, што мы зрабілі няправільна. Усе падтрымліваюць гэта рашэнне, і мне паступае інфармацыя аб больш эфектыўнай рабоце праваахоўнай сістэмы ў цэлым. Сёння нам трэба паспрабаваць прыняць рашэнне па ўдасканаленню судовай сістэмы".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што суды - адна з галін дзяржаўнай улады. "Гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Гэта не нейкая навацыя, а агульнапрынятая сусветная практыка дэмакратычных дзяржаў. Таму любыя пераўтварэнні і аптымізацыю іх дзейнасці трэба праводзіць узважана і прадумана, - перакананы Прэзідэнт. - Павінны ўлічвацца набыты вопыт, сучасны стан айчыннай судовай сістэмы, сусветныя тэндэнцыі ў гэтым напрамку".

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, яму дакладваюць, што дзякуючы рэалізацыі шэрага новаўвядзенняў у рабоце судоў адбыліся прыкметныя паляпшэнні. У прыватнасці, знізілася сярэднямесячная нагрузка на суддзяў, укаранёны новыя формы і метады работы, накіраваныя на павышэнне якасці, аператыўнасці і даступнасці правасуддзя.

Разам з тым, паводле слоў Прэзідэнта, ёсць і шэраг праблем. У першую чаргу, гэта адсутнасць аднастайнасці ў прымяненні агульнымі і цяпер дзеючымі гаспадарчымі судамі норм матэрыяльнага права. Ёсць цяжкасці ў вызначэнні падсуднасці канкрэтных спрэчак. Ускладняе работу множнасць працэсаў ажыццяўлення правасуддзя.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам агульныя і гаспадарчыя суды дыстанцыраваліся адзін ад аднаго і гэта яшчэ больш ускладніла працэс судовай абароны і доступу да правасуддзя для грамадзян і арганізацый. Вядомы выпадкі, калі адна і тая ж прававая сітуацыя вырашалася агульнымі і гаспадарчымі судамі зусім па-рознаму, што недапушчальна.

"Таму сёння нам трэба прыняць аптымальныя рашэнні па актуальных і важных для дзяржавы і грамадства пытаннях удасканалення дзейнасці судоў", - сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што размова ідзе не аб механічнай перадачы паўнамоцтваў ад адных судовых органаў іншым або бяздумным капіраванні ідэй суседзяў. Задача ў тым, каб выйсці на больш высокі ўзровень якасці работы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, новая сістэма павінна ўключыць у сябе ўсё лепшае, што накоплена за папярэднія гады агульнымі і гаспадарчымі судамі.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ні ў якім выпадку рэфармаванне не павінна прывесці да павелічэння колькасці работнікаў або дадатковага расходавання бюджэтных сродкаў. "Наадварот, мы павінны прыйсці да значнага скарачэння колькасці абслуговага персаналу. Суддзяў у нас і так няшмат. Калі мы звернемся да паператворчасці, дзікай паператворчасці, напэўна, суды першае месца будуць займаць па гэтаму паказчыку. Спросцім розныя працэдуры, паператворчасць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па яго даручэнню створанай групай на чале з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерыем Міцкевічам сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі прапрацаваны магчымыя варыянты ўдасканалення судовай сістэмы і ўнесены прынцыповыя прапановы.

У прыватнасці, у Беларусі прапануецца стварыць адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі, у якую ўвойдуць агульныя і гаспадарчыя суды. Узначаліць гэту сістэму Вярхоўны Суд. Прэзідэнт адзначыў, што прапануецца стварыць менавіта адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі на прынцыпова новай аснове.

Размова таксама ідзе аб тым, каб перадаць Вярхоўнаму Суду функцыі па арганізацыйнаму, матэрыяльна-тэхнічнаму і кадраваму забеспячэнню судоў.

Прапануецца аб'яднаць судовых выканаўцаў у адзіную службу.

Ёсць шэраг і іншых прапаноў. "Хацелася б пачуць усе станоўчыя і адмоўныя моманты аб'яднання агульных і гаспадарчых судоў, выпрацаваць механізм вырашэння іншых пытанняў, непарыўна звязаных з такім пераўтварэннем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Валерыя Міцкевіча, прапановы прапрацаваны з усімі зацікаўленымі структурамі, падрыхтаваны праекты трох заканадаўчых актаў: Дэкрэта і двух указаў. Ён запэўніў, што пераўтварэнні будуць праведзены ў рамках існуючай штатнай колькасці судоў і органаў юстыцыі і не прывядуць да дадатковага расходавання бюджэтных сродкаў. Пры гэтым ставіцца задача - забяспечыць пераемнасць гаспадарчага правасуддзя, не дапусціць зніжэння яго эфектыўнасці, стварыць перадумовы для ўдасканалення самой судовай дзейнасці і развіцця яе інфарматызацыі ў рамках аб'яднанай сістэмы.

Пры аб'яднанні агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі будзе па сутнасці створаны адзіны вышэйшы судовы орган па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных і эканамічных справах - Вярхоўны Суд, які аб'яднаецца з Вышэйшым Гаспадарчым Судом. На думку Валерыя Міцкевіча, гэта дасць магчымасць уніфікаваць судовую практыку, забяспечыць аднастайнае тлумачэнне і прымяненне ўсімі судамі норм матэрыяльнага права, аблегчыць доступ да правасуддзя для грамадзян і арганізацый, выключыць магчымасць адмаўленняў у судовай абароне з-за непадведамнасці спрэчкі тым або іншым судам.

Ён адзначыў, што з'явіцца таксама рэальная магчымасць увасобіць у новай сістэме ўсё лепшае і найбольш прагрэсіўныя дасягненні як агульных, так і гаспадарчых судоў, паскорыць укараненне ў яе дзейнасць інфармацыйных тэхналогій, вывесці аб'яднаную судовую сістэму на якасна новы, больш высокі ўзровень функцыянавання.

Каб пазбегнуць зніжэння эфектыўнасці гаспадарчага судаводства прапануецца захаваць гаспадарчыя суды абласцей як суды адпаведнай спецыялізацыі, перайменаваўшы іх у эканамічныя, яны будуць ахопліваць усю сферу эканамічных адносін. Акрамя таго, вырашаюцца і іншыя звязаныя з аб'яднаннем пытанні, у прыватнасці, утварэнне ў Вярхоўным Судзе судовай калегіі па эканамічных справах, якую ўзначаліць намеснік старшыні Вярхоўнага Суда, пашырэнне кампетэнцыі пленума і прэзідыума Вярхоўнага Суда з улікам надзялення іх паўнамоцтвамі па разгляду эканамічных спраў, стварэнне агульных органаў судзейскай супольнасці, у тым ліку кваліфікацыйнай калегіі суддзяў, якія аб'яднаюць у сабе паўнамоцтвы дзеючых сёння асобных кваліфікацыйных калегій агульных і гаспадарчых судоў. Прапанаваны механізм аб'яднання дасць магчымасць таксама забяспечыць адзінства падыходаў да пабудовы судовых сістэм з іншымі краінамі - удзельніцамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Пры гэтым прапанаваныя варыянты пераўтварэння беларускага правасуддзя ўлічваюць спецыфіку дзяржаўнага ладу краіны, яе палітычныя і прававыя традыцыі.

Валерый Міцкевіч падкрэсліў, што аб'яднанне агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі магчыма без папярэдняй карэкціроўкі Канстытуцыі, але з далейшым яе змяненнем у частцы выключэння згадвання аб Вышэйшым Гаспадарчым Судзе. Пры гэтым раздзел асноўнага Закона, у якім знаходзіцца шэраг артыкулаў, што падлягаюць карэкціроўцы, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.

Яшчэ адным пытаннем, якое патрабуе вырашэння, з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці забеспячэння дзейнасці судоў. Цяпер у сістэме агульных і гаспадарчых судоў прымяняюцца розныя падыходы да арганізацыйнага, матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння іх дзейнасці. Гаспадарчыя суды ўсіх узроўняў самастойныя ў гэтым плане, у той час як агульныя суды на абласным і раённым узроўні забяспечваюцца Міністэрствам юстыцыі. У мэтах уніфікацыі судовага адміністравання прапануецца ўсе адпаведныя паўнамоцтвы адносна судоў агульнай юрысдыкцыі перадаць ад Мінюста Вярхоўнаму Суду, які ў поўнай меры будзе адказваць за ўсе пытанні функцыянавання сістэмы, пачынаючы непасрэдна з працэсу ажыццяўлення правасуддзя і завяршаючы матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем судоў. Такое пераўтварэнне зробіць зразумелымі межы адказнасці Вярхоўнага Суда і Мінюста на прававым полі судовай дзейнасці, дасць магчымасць пазбегнуць існуючага цяпер дубліравання паўнамоцтваў і размывання кампетэнцый гэтых органаў, значна павысіць асабістую адказнасць кіраўнікоў судоў усіх узроўняў за падбор кадраў і вынікі іх работы. Для выключэння ведамаснай замкнутасці, забеспячэння бесстароннасці і аб'ектыўнасці пры правядзенні атэстацыі суддзяў і вырашэнні пытанняў прыцягнення іх да дысцыплінарнай адказнасці ў склад кваліфікацыйнай калегіі суддзяў усіх узроўняў будуць уключаны незалежныя ад судовай сістэмы прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і вучоныя-юрысты.

Акрамя таго, прапануецца ўдасканаліць сістэму дзейнасці судовых выканаўцаў. Сённня рэгуляванне дзейнасці судовых выканаўцаў агульных судоў ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі, а служба судовых выканаўцаў гаспадарчых судоў поўнасцю знаходзіцца ў веданні саміх гаспадарчых судоў. Пры гэтым функцыі штодзённага кантролю за дзейнасцю судовых выканаўцаў замацаваны за суддзямі. Паводле слоў намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерыя Міцкевіча, у выніку суддзі выконваюць неўласцівыя ім функцыі, што стварае дадатковую нагрузку на іх і часта зводзіць адпаведны кантроль да фармальнага ўзроўню.

Прапануецца сфарміраваць адзіную цэнтралізаваную вертыкаль выканання, у якую ўвойдуць ствараемыя пры Міністэрстве юстыцыі Дэпартамент прымусовага выканання і яго тэрытарыяльныя органы, створаныя на базе перадаваемых аблвыканкамамі ў падпарадкаванне Мінюста галоўных упраўленняў юстыцыі. Пры гэтым асноўная роля ў забеспячэнні своечасовасці і якасці выканання судовых рашэнняў будзе адводзіцца непасрэдна судоваму выканаўцу, што павысіць як узровень іх уласнай адказнасці, так і ўзровень адказнасці іх кіраўнікоў, у тым ліку за падбор і расстаноўку кадраў. За судамі плануецца захаваць працэсуальны кантроль за выкананнем судовых рашэнняў і іншых выканаўчых дакументаў шляхам вырашэння скаргаў на дзеянні і бяздзейнасць судовага выканаўцы, а аддзяленне сістэмы выканання ад судоў зробіць гэты кантроль яшчэ больш прынцыповым. Акрамя таго, не будуць перадавацца судовым выканаўцам і застануцца ў кампетэнцыі судоў пытанні прыняцця найбольш строгіх мер, якія істотна абмяжоўваюць правы даўжнікоў, напрыклад такія, як права на выезд з Рэспублікі Беларусь, кіраванне транспартнымі сродкамі і іншыя.

На думку рабочай групы, перадача Міністэрству юстыцыі галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў дасць магчымасць аптымізаваць іх дзейнасць, а таксама без павелічэння штатнай колькасці работнікаў дзяржаўнага апарату сфарміраваць тэрытарыяльныя органы Дэпартамента прымусовага выканання і ажыццявіць іх арганізацыйнае, кадравае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Пры гэтым за перадаваемымі галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі плануецца захаваць усе функцыі і задачы, якія імі выконваюцца на гэты час, у прыватнасці такія, як рэгістрацыя суб'ектаў гаспадарання, прававая экспертыза актаў мясцовых органаў, кантроль за натарыятам, адвакатурай і загсамі. Каардынацыя гэтай работы і яе суправаджэнне будзе ажыццяўляцца Міністэрствам юстыцыі. Адначасова з мэтай павышэння матывацыі даўжнікоў на добраахвотнае выкананне абавязацельстваў прапануецца павялічыць памер утрымання з даўжнікоў пры прымусовым выкананні па маёмасных спагнаннях з 5% да 10% ад спагнаных сум, што адпавядае ўзроўню аналагічных утрыманняў у іншых краінах постсавецкай прасторы.

Аднак Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне аб неабходнасці перадачы Міністэрству юстыцыі галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў. На яго думку, пры аблвыканкамах неабходна захаваць такія структуры, пры гэтым значна іх узмацніўшы і аб'яднаўшы з юрыдычнымі аддзеламі кіраўніцтва справамі абласных выканаўчых камітэтаў. Прэзідэнт прапанаваў правесці эксперымент у Мінскім аблвыканкаме, аб'яднаўшы з 1 студзеня 2014 года юрыдычныя службы ў адзінае ўпраўленне юстыцыі. "Вось убачыце, што горш не будзе, наадварот, гэта надасць ім значнасць, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Мы гэта ў Мінскай вобласці адпрацуем і праз паўгода ўвядзём ва ўсіх аблвыканкамах".

Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала адзначыў, што прапанаваная канцэпцыя ўдасканалення судовай сістэмы з'яўляецца лагічным прадаўжэннем агульнай судова-прававой рэформы, якая праходзіць цяпер у краіне. Паводле яго слоў, прынятыя змяненні пазітыўна паўплывалі на якасць і аператыўнасць беларускага правасуддзя. Аднак наспела неабходнасць удасканалення самой судовай сістэмы. Валянцін Сукала адзначыў, што абсалютная большасць краін, уключаючы дзяржавы постсавецкай прасторы, Мытнага саюза, ідуць па шляху развіцця спецыялізаваных судоў, але ў рамках адзінай судовай сістэмы з адным вышэйшым судом як каардынуючым і накіроўваючым цэнтрам судовай палітыкі і судовай практыкі. "Такая мадэль пабудовы судовых сістэм у абсалютнай большасці еўрапейскіх дзяржаў. Аб'яднанне сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі як асноўнай сістэмы нашага правасуддзя сёння і сістэмы гаспадарчых судоў з адным вышэйшай судом на чале, адным пленумам, адным прэзідыумам, безумоўна, будзе фарміраваць адзіную, зразумелую, дакладную судовую практыку, адзіныя класічныя формы правасуддзя і адзіны статус усіх суб'ектаў судовай улады", - сказаў Валянцін Сукала.

Прапанаваныя змяненні ў меншай ступені закрануць абласныя гаспадарчыя суды і іх штодзённую практычную дзейнасць.

Старшыня Вярхоўнага Суда падкрэсліў, што пры аб'яднанні дзвюх сістэм ні на адну гадзіну не будзе спынены сам працэс правасуддзя.

Ён таксама дадаў, што агучаныя прапановы падтрымліваюцца ўсім судзейскім корпусам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што катэгарычна супраць палавінчатых рашэнняў. "Калі мы вырашылі стварыць адзіную сістэму правасуддзя ў нашай краіне, значыць, давайце будзем яе ствараць. Але адназначна, каб дзесьці не заставалася хвастоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт лічыць неабходным скасаваць ваенныя суды, перадаўшы вядзенне такіх спраў у кампетэнцыю судоў агульнай юрысдыкцыі. "Мы ствараем у дзяржаве нейкія асаблівыя структуры для людзей у пагонах. Такім чынам ствараючы, груба кажучы, дзяржаву ў дзяржаве. Суд ёсць суд, ён для ўсіх аднолькавы. Ну і што, што яны ў пагонах, яны такія ж грамадзяне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мне каштавала немалых намаганняў, каб засцерагчы вас ад тэлефоннага права, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да судзейскага корпуса. - Ніводны чалавек не скажа, што ў Беларусі існуе тэлефоннае права".

"Усё павінна быць сумленна. Ніхто не можа даць указанне суддзі. Ніхто не можа рабіць націск на суддзю. Усё павінна быць незалежна. Суддзя судзіць толькі па закону", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы - слугі народа. Я каторы раз гэта паўтараю. Мы павінны служыць народу, і я як Прэзідэнт, і вы - тыя, каго я назначаю", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Валянцін Сукала ў сваю чаргу заўважыў, што судзейскі корпус цяпер мае поўную незалежнасць.

Сваё меркаванне па ўзнятых на нарадзе пытаннях выказалі міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, першы намеснік старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Васіль Дземідовіч, старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, губернатары. Усе прысутныя прыйшлі да агульнай высновы аб неабходнасці стварэння адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі.

Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт падкрэсліў, што з 1 студзеня ў краіне павінна функцыянаваць адзіная судовая сістэма - ніякіх асаблівых перашкод для гэтага няма.

"Мы ствараем новую магутную адзіную судовую сістэму. І размова ідзе не толькі аб аб'яднанні судоў, гэта і іншыя мерапрыемствы, якія з гэтага вынікаюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што да гэтага працэсу павінны больш актыўна падключыцца губернатары.

Ён адзначыў, што да вырашэння пытання ў Беларусі падышлі даўно: "Калі раней, удасканальваючы ў тым ліку судовую сістэму, мы гаварылі аб форме, то цяпер ужо гаворым аб сутнасці, аб змесце гэтай сістэмы".

"Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Вярхоўны Суд, іншыя суды... Яны ў сваёй сістэме сталелі, раслі, і настаў час, калі мы бачым, што яны выраслі да таго, што мы сёння спакойна можам на іх базе стварыць гэту магутную нацыянальную судовую сістэму", - сказаў Прэзідэнт.

"Краіна наша кампактная, і мець па адным і тым жа напрамку некалькі структур - няма такой неабходнасці. Мы з аднаго цэнтра спакойна можам кіраваць гэтай сістэмай, прымаць рашэнні, але затое мы будзем разумець, што лагічна і па сутнасці мы будзем дзейнічаць у адным ключы, у адным напрамку, не будзе ніякіх рознагалоссяў у прыняцці рашэнняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 снежня прадставіць яму дапрацаваныя праекты ўказаў і Дэкрэта.