Падпісаны Закон, які датычыцца каштоўных металаў і каштоўных камянёў

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 6 снежня падпісаў Закон "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб каштоўных металах і каштоўных камянях".

    Дакумент прыводзіць заканадаўства ў адпаведнасць з Пагадненнем аб асаблівасцях ажыццяўлення аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.

    Законам, у прыватнасці, прадугледжваецца сістэмная карэкціроўка дзеючага паняційнага апарату і ўвядзенне новых тэрмінаў і іх азначэнняў у адпаведнасці з пагадненнем. Нацыянальны банк надзяляецца правам устанаўліваць патрабаванні да ўліку і захоўвання каштоўных металаў і каштоўных камянёў пры ажыццяўленні з імі банкаўскіх аперацый.

    Урад сумесна з Нацыянальным банкам надзелены правам вызначаць парадак правядзення аперацый і разлікаў з мернымі зліткамі, вырабленымі ў Рэспубліцы Беларусь, з каштоўнымі камянямі (брыльянтамі).

    Прадугледжана таксама пашырэнне паўнамоцтваў Міністэрства фінансаў. Гэта датычыцца рэгулявання цэн і ўстанаўлення тарыфаў на паслугі па арганізацыі скупкі каштоўных металаў і каштоўных камянёў у грамадзян: нарматворчасці для рэгулявання такіх відаў дзейнасці, як прыёмка, перапрацоўка (апрацоўка) лому і адходаў каштоўных металаў, афінаж каштоўных металаў; ажыццяўлення кантролю і нагляду ў сферах дзейнасці, звязанай з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі.

    Законам таксама ўстанаўліваюцца ўмовы продажу юрыдычнымі асобамі, крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі грамадзянам каштоўных камянёў - толькі ў аграненым выглядзе ў спецыяльнай упакоўцы, цэласнасць якой не парушана, пры наяўнасці сертыфіката (атэстата, пашпарта), які засведчвае якасныя і вагавыя характарыстыкі на кожны каштоўны камень.