Аб узнагароджанні

Указ № 5 ад 9 студзеня 2023 г.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ і распараджэнне, у адпаведнасці з якімі работнікі СМІ і сферы культуры ўдастоены медалёў і Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

За плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай журналістыкі і тэлебачання, выдатныя дасягненні ў сферы тэатральнага і музычнага мастацтва медаля Францыска Скарыны ўдастоены начальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Беларускага тэлеграфнага агенцтва Уладзімір Мацвееў, загадчык аддзела навін культуры галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Міхаіл Равуцкі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Андрэй Коласаў, а таксама галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ганна Маторная і саліст - вядучы майстар сцэны гэтага тэатра Дзмітрый Шабеця.

Васьмі работнікам СМІ аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта за значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, высокі прафесіяналізм, аб'ектыўнае і ўсебаковае асвятленне падзей грамадска-палітычнага і сацыяльна-культурнага жыцця краіны.

Падзякі Прэзідэнта ўдастоены трое супрацоўнікаў галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі: загадчыца аддзела рэпарцёраў Настасся Бенедзісюк, намеснік загадчыка аддзела палітычных аглядальнікаў Ілона Красуцкая і загадчыца аддзела выпуску Ірына Якаўлева.

Акрамя таго, Падзякай Прэзідэнта адзначаны заслугі намесніка дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Святланы Кнутавай і дырэктара дырэкцыі ранішняга вяшчання гэтага тэлеканала Таццяны Рудакоўскай, начальніка аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва Наталлі Ярэміч, начальніка аддзела па радыёвяшчанні "Альфа Радыё" выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Вадзіма Шэпета, загадчыка аддзела дызайну камп'ютарнай графікі дырэкцыі тэлевытворчасці ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Дзмітрыя Галоўчыца.