Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (карэкціруецца Указ № 504 ад 15 кастрычніка 2007 г.)
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня падпісаў Указ № 246, якім унесены карэкціроўкі ва Указ ад 15 кастрычніка 2007 года № 504 "Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў".
Для абароны грамадзян ад нядобрасумленных удзельнікаў здзелак пры адчужэнні аўтамабіляў удакладнены з улікам правапрымяняльнай практыкі асобныя дзеючыя палажэнні, што рэгулююць рынак транспартных сродкаў. У прыватнасці, выключана магчымасць правядзення здзелак куплі-продажу транспартных сродкаў праз афармленне рахунку-даведкі і правядзення разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізічнымі асобамі па такіх дагаворах у наяўнай форме. Права выбару формы разлікаў па здзелках паміж фізічнымі асобамі пры гэтым захавана.
Дакументам уведзены абавязак па заключэнні дагавораў аб адчужэнні транспартных сродкаў толькі ў пісьмовай форме. Ва Указе таксама замацаваны патрабаванні аб адлюстраванні ў дагаворы звестак аб адсутнасці на момант яго заключэння абмежаванняў (абцяжарванняў) і забарон на ажыццяўленне здзелак з транспартным сродкам.
Цяпер дагаворы куплі-продажу транспартных сродкаў, што заключаюцца паміж фізічнымі асобамі, могуць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю не толькі ў адпаведных рэгіструючых органах (ДАІ і Мінсельгасхарч), але і шляхам натарыяльнага засведчання.
Гэтыя палажэнні Указа ўступяць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.
-
Спампаваць 246uk.pdf588 Кб