Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2024 год
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2024 год. Адпаведны Указ № 119 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 29 сакавіка.
Усяго ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму ў гэтым годзе ўключаны 120 аб'ектаў, 41 з якіх плануецца ўвесці ў эксплуатацыю. Намечана таксама пачаць фінансаванне будаўніцтва (рэканструкцыі) 16 новых аб'ектаў, у тым ліку 4 аб'екты дарожнага будаўніцтва, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 2 бальніцы, 4 інфраструктурныя аб'екты.
На фінансаванне ўключаных у праграму аб'ектаў прадугледжана каля Br2,1 млрд, з іх больш як 80% - на рэалізацыю дзяржаўных праграм "Дарогі Беларусі", "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека", "Забеспячэнне правапарадку", "Аграрны бізнес", "Пагранічная бяспека", "Адукацыя і маладзёжная палітыка", "Будаўніцтва жылля" і іншых.
Дзяржаўныя капітальныя ўкладанні і сродкі фонду нацыянальнага развіцця размеркаваны на сацыяльныя аб'екты, уключаючы аб'екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза, арэнднае жыллё, у тым ліку для ваеннаслужачых.