Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс прыняла ўдзел у публічнай прэзентацыі Навукова-практычнага каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

  • 5

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс прыняла ўдзел у публічнай прэзентацыі Навукова-практычнага каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 13 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Ён падрыхтаваны ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 1 красавіка 2022 года для растлумачэння канстытуцыйна-прававога сэнсу і зместу канстытуцыйных прынцыпаў і норм, правільнага разумення і няўхільнага выканання Канстытуцыі.

"Выхад у свет Навукова-практычнага каментарыя да Асноўнага Закона нашай краіны можна лічыць лагічным завяршэннем фундаментальнай работы, якая пачалася з распрацоўкі і прыняцця абноўленай Канстытуцыі. Яго унікальнасць заключаецца не толькі ў змястоўнай частцы, але і ў тым, што работа над выданнем вялася фактычна пад патранажам Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнтам нашай краіны быў узгоднены калектыў аўтараў, які ўвесь гэты час заставаўся нязменным, і мы справіліся з пастаўленай задачай, - сказала Вольга Чупрыс. - Акрамя таго, у адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы да работы над выданнем быў падключаны і Урад. Увесь працэс падрыхтоўкі курыраваўся Адміністрацыяй Прэзідэнта. Усё гэта не выпадкова, паколькі канстытуцыйныя асновы развіцця нашай краіны заўсёды былі і застаюцца ў фокусе ўвагі Кіраўніка дзяржавы. Ён асабіста ўдзельнічаў у абмеркаванні палажэнняў, якія закладваліся ў новы праект Асноўнага Закона. Кожная норма разглядалася ў тым ліку з пазіцыі яе жыццяздольнасці, выключэння якіх-небудзь двайных сэнсаў ці стандартаў. Таму відавочна, што каментарый павінен быў распрацоўвацца ў аналагічным духу, што намі і зроблена".

Навукова-практычны каментарый падрыхтаваны пад агульнай рэдакцыяй Старшыні Канстытуцыйнага Суда Пятра Міклашэвіча, Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольгі Чупрыс, загадчыка кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Рыгора Васілевіча. У склад калектыву аўтараў уваходзяць высокакваліфікаваныя юрысты, у тым ліку суддзі Канстытуцыйнага Суда.

"Лічу, што дзякуючы зладжанай і з’яднанай працы аўтараў, рэдакцыйнай калегіі, мы атрымалі той вынік, такі прадукт, які раскрывае сутнасць канстытуцыйных палажэнняў і замацаваных канстытуцыйных каштоўнасцей. Спадзяюся, што гэты каментарый стане персанальнай кнігай для студэнтаў, выкладчыкаў юрыдычных ВНУ, спецыялістаў-юрыстаў, дзяржаўных служачых, а таксама для простых грамадзян, каму неабыякавы лёс роднай Беларусі і захаванне парадку на нашай зямлі. У гэтым і быў сэнс яго напісання, - дапоўніла Вольга Чупрыс. - Мы выканалі даручэнне Кіраўніка дзяржавы - выдалі каментарый да Канстытуцыі да знамянальнай даты ў жыцці краіны - 30-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Віншую вас з гэтым цудоўным дзяржаўным святам, жадаю плённай працы, канструктыўнага ўзаемадзеяння ў сферы вашай прафесійнай дзейнасці, дасягнення значных поспехаў у вырашэнні задач, якія стаяць перад намі".

Каментарый будзе выкарыстаны для растлумачэння палажэнняў Канстытуцыі ў працоўных калектывах, навучальных установах, сярод усіх слаёў насельніцтва з мэтай фарміравання паважлівага стаўлення да Асноўнага Закона краіны, ведання сваіх канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў, а таксама разумення неабходнасці няўхільнага выканання канстытуцыйных норм у сваім паўсядзённым жыцці і прафесійнай дзейнасці.

Усе навіны