Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка паўдзельнічаў ва ўсебеларускай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі!"

  • 9

У Беларусі створаны грунтоўны фундамент сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця, заявіў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка ў час усебеларускай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі!".

"Наша сустрэча праходзіць у знакавым для краіны месцы - Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У вас ёсць унікальная магчымасць сутыкнуцца з гераічным мінулым, убачыць гэтыя яркія старонкі. Гэта асабліва важна цяпер - у 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - сказаў Ігар Сергяенка.- Сёння знамянальны дзень яшчэ і тым, што 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя - Асноўны Закон нашай краіны, па якім мы з вамі жывём. На аснове Канстытуцыі фарміруецца ўся заканадаўчая база. Беларусь адбылася як суверэнная незалежная дзяржава. Створаны грунтоўны фундамент сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця, далейшы лёс якога ў вашых руках, у руках тых пакаленняў, якія сёння ўступаюць у самастойнае жыццё".

Ва ўрачыстай абстаноўцы Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам іх першы дарослы дакумент - пашпарт. "Сёння вы атрымалі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь - першы свой сур'ёзны дакумент у дарослае жыццё, якое будзе ўжо крыху адрознівацца ад дзяцінства. Гэта не толькі правы, але і абавязкі, адказнасць грамадзяніна, - адзначыў ён. - Адказнасць - гэта павага традыцый сваёй краіны, веданне свайго гістарычнага мінулага, павага нашых сімвалаў і штодзённая праца на карысць нашай радзімы".

"Я ведаю, што ў гэтай зале сёння сабраліся лідары ў сваіх вучнёўскіх калектывах, выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Гэта значыць, на дадзеным этапе вы праяўляеце свае лепшыя чалавечыя якасці і здольнасці, - падкрэсліў Ігар Сергяенка. - Вельмі добра, што многія з вас сёння прыйшлі з бацькамі. Любоў да радзімы пачынаецца з любові да бацькоў, сваёй малой радзімы.Таму, атрымліваючы сёння пашпарт, вы атрымліваеце адказнасць не толькі перад краінай і сваімі настаўнікамі, але і перад бацькамі. Я ўпэўнены, што свае першыя крокі у жыцці вы ўжо на гэтым этапе робіце правільна, станеце дастойнымі грамадзянамі нашай краіны і ў далейшым вашымі поспехамі не толькі ў вучобе, але і ў працы будуць ганарыцца вашы родныя і блізкія. Жадаю вам поспехаў у вучобе. Так трымаць, упэўнена рухацца далей і дабівацца усяго таго, чаго вы хочаце ў сваім жыцці, выбраць правільна свой жыццёвы шлях і сваю прафесію".

Усе навіны