Рабочая паездка па палескім рэгіёне

  • 14

Прадаўжаецца рабочая паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па палескім рэгіёне. Рэзідэнцыя Кіраўніка дзяржавы вось ужо другі тыдзень знаходзіцца на Гомельшчыне.

Як адзначыў беларускі лідар, мэта такой маштабнай і шматдзённай паездкі звязана не толькі з чарнобыльскімі праблемамі. Беспрэцэдэнтнасць яе ў тым, што Аляксандр Лукашэнка ўпершыню такі працяглы тэрмін жыве далёка ад сталіцы і асабіста прымае ўдзел у вырашэнні надзённых пытанняў на месцах. Прэзідэнт разглядае ўвесь спектр пытанняў жыццядзейнасці раёнаў.

Па традыцыі ў Дзень чарнобыльскай трагедыі Прэзідэнт наведаў адзін з найбольш пацярпелых рэгіёнаў - вёску Грыдні Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, якая знаходзіцца ў зоне адсялення. Тут Аляксандра Лукашэнку сустракалі свежым малаком і цёплым хлебам.

Адказваючы на шматлікія звароты жыхароў, Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што насільна нікога адсяляць з абжытых месцаў не будуць. "Гэта рашэнне я прыняў даўно - я не буду ганяць вас, як ранейшыя кіраўнікі, па рэспубліцы. Лічыце патрэбным заставацца тут - заставайцеся. Толькі вельмі асцярожна з дзецьмі - ім неабходна дасканалае і рэгулярнае медыцынскае абследаванне", - адзначыў беларускі лідэр.

Паводле яго слоў, жыхароў гэтай вёскі ўжо некалькі разоў адсялялі, але яны вярталіся назад. "Я бываю тут недзе раз у два гады... Яна ( вёска. - Заўвага) застанецца ў маім лёсе, і я буду сюды прыязджаць, нават калі не буду Прэзідэнтам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў таксама, што Грыдні з'яўляюцца крытэрыем ацэнкі сітуацыі, якая складваецца ў "чарнобыльскіх" рэгіёнах Беларусі.

Затым размова Прэзідэнта з жыхарамі рэгіёну прадоўжылася ў горадзе Нароўля. Як аказалася, больш за ўсё жыхароў рэгіёну хвалявала пытанне, ці не будуць аб'ядноўваць Нараўлянскі і Ельскі раёны. Прэзідэнт супакоіў, што такое рашэнне прымацца не будзе ў сувязі з яго немэтазгоднасцю. Калі аб'ядноўваюцца слабыя калгасы і саўгасы, ад гэтага яны мацнейшымі не становяцца. Тое ж самае і з невялікімі раёнамі. Людзям становіцца толькі горш, а гэта супярэчыць палітыцы, праводзімай у краіне, сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка даў наказ жыхарам раёна беражліва ставіцца да прыродных багаццяў свайго прыгожага краю. Асаблівую ўдзячнасць за праяўленне ўвагі да патрэб Нароўлі выказалі ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, якія прысутнічалі на сустрэчы. Яны таксама з задавальненнем заўважылі, што пенсія, як і зарплата, у раёне выплачваюцца своечасова.

У ходзе сустрэчы размова ішла таксама аб укараненні сацыяльных стандартаў, працаўладкаванні маладых людзей, якія сюды прыязджаюць.

Адказваючы на пытанне аб прыватызацыі, Прэзідэнт падкрэсліў, што яна праводзіцца ў большых аб'ёмах, чым раней, але не абвальна. Цана гэтага пытання разглядаецца асобна ў кожным канкрэтным выпадку.

Жыхары раёна выказалі апасенне, што ў краіне ўжо завершана газіфікацыя, на што Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: газіфікацыя рэспублікі будзе прадоўжана, аднак пры падвядзенні "блакітнага паліва" да дамоў іх жыхары павінны прыняць у гэтым пасільны ўдзел.

Людзі з удзячнасцю ўспрынялі падыходы Прэзідэнта да рэалізацыі праграмы аднаўлення вёскі і заўважылі, што неабходна вырашыць пытанне з вяртаннем моладзі ў вёску. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падкрэсліў, што такія меры ўжо прымаюцца паўсюдна - будуецца жыллё, ствараюцца неабходныя сацыяльна-бытавыя ўмовы.

Гаворачы аб аднаўленні вёскі, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што даў даручэнне распрацаваць новую канкрэтную праграму па гэтым напрамку. Папярэдні варыянт Кіраўнік дзяржавы адхіліў у сувязі з тым, што ён уключаў толькі агульныя палажэнні і быў напісаны "ў савецкім стылі". Паводле яго слоў, неабходна "вылучыць асноўныя балючыя пункты ў вёсцы, у малых гарадах і раёнах, і гэтыя праблемы будуць вырашацца". Напрыклад, па будаўніцтве жылля, выніках меліярацыі, новай тэхніцы, перспектыўных сельгаскультурах, на якія трэба зрабіць упор (рэпчатая цыбуля, зялёны гарошак).

У памяць ахвяр аварыі на ЧАЭС Кіраўнік дзяржавы ўсклаў кветкі да Манумента адселеных вёсак.

Пасля завяршэння знаходжання ў Нароўлі Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў.

Аб палітыцы дзяржавы ў адносінах да забруджаных раёнаў

"Мы палітыку мяняць не будзем". Мы нават рабіць яе больш жорсткай не будзем - яна і так дастаткова жорсткая. Галоўны напрамак стратэгіі - вызначыць тое, што трэба яшчэ зрабіць. Гэта самае галоўнае. Быццам  мы людзей абаранілі. Мы абследавалі кожнага чалавека. У камп'ютар занесены ўсе даныя. Ёсць групы рызыкі, якія мы два разы ў год правяраем. На шчасце, паводле нашых даных, з людзьмі, якія тут жывуць, як і з гаспадаркамі, стала лепш. Дынаміка невялікая, марудна гэта ідзе... Нам сёння трэба вызначыцца са стратэгіяй. Сацыяльную палітыку мы будзем працягваць - дарогі, вада, падвод прыроднага газу, таму што дровы не ўсюды можна выкарыстоўваць, - гэтыя і іншыя праблемы будуць вырашацца".

Аб дапамозе міжнароднага супольніцтва ў вырашэнні "чарнобыльскіх" праблем

"Тут раз'яднанасць - кожны спрабуе вырашыць сваю праблему цішком, не выступаючы адзіным фронтам - Расія, Украіна і Беларусь. Мы разам не спрабуем вырашыць гэтыя пытанні. Гэта адна з прычын таго, што мы не можам станоўча ацаніць уклад міжнароднага супольніцтва ў вырашэнне гэтай праблемы. Ведаеце, калі возьмеце архівы 8-10-гадовай даўнасці, я аб гэтым тады яшчэ казаў: нечага нам спадзявацца на якое-небудзь міжнароднае супольніцтва. Нам трэба пераадолець псіхалагічны бар'ер і зразумець - гэта праблема стала нашай. Гэта наш боль, наша ноша, і мы яе будзем несці адны. Ніхто нам не дапаможа: ні Украіна, ні Расія, таму што мы больш пацярпелі, чым хтосьці. Ні тым больш іншыя краіны... Дапамогі як такой не было - мы вырашалі гэту праблему, і будзем вырашаць самі. І мы вырашым яе. Цяжка будзе, шмат гадоў спатрэбіцца, але мы яе вырашым самі".

Аб перспектывах развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі

"Я прытрымліваюся такой пазіцыі: так, гэта танна, бяспечна (ёсць абсалютна бяспечныя рэактары), выгадна. У нас няма таго псіхалагічнага бар'ера, які калісьці быў. Пытанне не ў гэтым - проста мы яшчэ не вычарпалі іншых магчымасцей. У нас біяпаліва выкарыстоўваецца слаба. У нас прападае лес - мы яго маглі б спальваць і атрымліваць энергію. У нас ёсць рэкі... Калі мы гэтыя пытанні вырашым, вычарпаем іх, пойдзем па шляху фінаў, нарвежцаў або шведаў, якія абаграваюць сябе на 40% за кошт біяпаліва, калі мы будзем бачыць, што гэтага нам не хапае, тады будзем думаць аб будаўніцтве атамнай станцыі. А сёння што аб ёй думаць? Сёння - вялікая колькасць праблем, вырашыўшы якія мы можам значна прыбавіць у выпрацоўцы электрычнасці, цяпла і гэтак далей. Няма такой праблемы ў Беларусі на сённяшні дзень, як будаўніцтва атамнай станцыі. Настане час, навука наперад рушыць, тады будзем весці размову аб будаўніцтве якой-небудзь кампактнай станцыі. Але будзе гэта пры нас ці не - гэта яшчэ пытанне".

Аб беларуска-расійскіх адносінах

"Ніякага развароту, павароту ў якіх-небудзь напрамках Беларусь у знешняй палітыцы рабіць не мае намеру. Мы будзем праводзіць тую знешнюю палітыку, якую праводзілі да гэтага часу. Таму што ніхто нас не папракне, што мы дзесьці значна памыліліся. Мы не "ўлезлі" ні ў Афганістан, ні ў Ірак, ні ў гарачыя кропкі, не ўцягнулі народ і дзяржаву ў якія-небудзь сумніўныя мерапрыемствы. Можа, мы не разумелі нешта ў свой час, дзесьці памыляліся, але гэта нязначныя былі памылкі. Нашто мяняць знешнюю палітыку - яе трэба дашліфоўваць і ісці гэтым шляхам...

Калі расіяне хочуць развіваць з намі добрыя саюзныя адносіны, мы да гэтага гатовы, але не трэба на нас глядзець як на штосьці другараднае. Мы - народ, дзяржава. Мы сёння небагата жывём, але жывём. Ніхто не скажа, што мы дэградзіруем. Ёсць невялікі прагрэс, а значыць, праз некаторы час мы будзем багатыя. У нас ёсць свая дзяржава, і гэта павінны прызнаваць і расіяне. Таму мы будзем будаваць саюз, але на прынцыпах раўнапраўя.

Хутка будзе выдадзены збор маіх выступленняў - ён умяшчаецца ў чатырох тамах. Любы можа паглядзець, што я гаварыў у сярэдзіне 90-х гадоў, аб чым ішла размова пры стварэнні Саюзнай дзяржавы. Вы ўбачыце, што гэта была паслядоўная лінія. Ніколі ў склад чаго б там ні было мы народ не цягнулі. І сёння гэтага не будзе. Калі расійскае кіраўніцтва пазбавіцца ад стэрэатыпаў, што нас трэба ўзяць, падзяліць і кудысьці ўключыць, мы абавязкова зробім гэту вялікую работу. І вельмі хутка зробім.

Таму адыходу ад будаўніцтва саюза Беларусі і Расіі ў нас не будзе. Я ў гэтым упэўнены. Мы проста хочам, каб да нас па-чалавечы ставіліся - так, як яны ставяцца да іншых дзяржаў. Я думаю, што наспявае і з прычыны знешніх фактараў нейкая крытычная маса, якая нас прымусіць выйсці на вырашэнне многіх саюзных праблем".