Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 1
Жыццё пацвердзіла правільнасць прынятага рашэння аб рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 красавіка ў час размовы з жыхарамі Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Па існуючай традыцыі ў гэты сумны дзень, калі адбылася аварыя на ЧАЭС, Кіраўнік дзяржавы наведаў пацярпелыя рэгіёны, паразмаўляў з людзьмі, пазнаёміўся з работай мясцовых прадпрыемстваў.

Прэзідэнту таксама было даложана аб ходзе веснавых палявых работ, якія па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці і Слаўгарадскім раёне выйшлі на завяршальны этап. Акрамя таго, Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і Слаўгарадскага раёна, аб рабоце па сацыяльнай абароне насельніцтва, што пацярпела ў выніку аварыі на ЧАЭС. Кіраўніку дзяржавы расказалі аб выкананні яго даручэнняў па развіцці паўночна-ўсходніх рэгіёнаў. Адпаведная праграма падрыхтавана і ў бліжэйшы час будзе ўнесена Прэзідэнту на зацвярджэнне.

Прэзідэнт пабываў у філіяле "Слаўгарадскі" ААТ "Бабуліна крынка - кіруючая кампанія холдынга "Магілёўская кампанія "Бабуліна крынка", дзе азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вырабу сыроў і выстаўкай прадукцыі, што выпускаецца.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці акупіліся сродкі, укладзеныя дзяржавай у тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства - у 2009 годзе была праведзена мадэрнізацыя. Як было доложана Кіраўніку дзяржавы, праект акупіўся значна раней - за тры з палавінай гады замест пяці. Прэзідэнта запэўнілі, што на складзе няма астаткаў прадукцыі, бо яна поўнасцю раскупляецца.

Азнаёміўшыся з дзейнасцю прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як складаецца сітуацыя з пастаўкамі на знешнія рынкі і запатрабаваў іх нарошчваць. Кіраўніку дзяржавы расказалі, што сыры пастаўляюцца ў Расію, Казахстан і Украіну. Цяпер мясцовыя сыраробы спрабуюць асвойваць новыя рынкі збыту прадукцыі.

Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў чацвёрты рэгіянальны фестываль народных промыслаў "Гаспадарчы сыр", які праходзіў у Слаўгарадзе. Удзельнікі расказалі Прэзідэнту аб адраджэнні народных промыслаў. Напрыклад,  у Слаўгарадскім раёне паспяхова працуюць 15 мясцовых майстроў, прадукцыя якіх вядома далёка за межамі рэгіёна. Мясцовы слаўгарадскі фестываль прысвечаны адраджэнню традыцый сыраварства, развіццю асабістых падсобных і сялянска-фермерскіх гаспадарак, рамесніцтва. Аляксандр Лукашэнка  выказаў меркаванне, што моладзь павінна падтрымліваць і працягваць традыцыі народных промыслаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з жыхарамі горада і Слаўгарадскага раёна. Прэзідэнт адзначыў, што 26 красавіка - трагічны дзень у жыцці беларускага народа. "Гэта чарнобыльская бяда здарылася не па нашай віне. Не мы будавалі гэту станцыю, не мы яе эксплуатавалі. Але так здарылася, што менавіта нам давялося наладжваць жыццё ў гэтых пацярпелых раёнах пасля аварыі на ЧАЭС", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у жыцці беларускага народа.

Прэзідэнт адзначыў, што прыкладна 15 гадоў таму прыняў рашэнне аб рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый і зямель. Як паказалі мінулыя гады, гэта было правільнае рашэнне і сведчаннем таго з'яўляецца той факт, што нараджальнасць у Слаўгарадскім раёне, які таксама пацярпеў ад чарнобыльскай трагедыі, цяпер вышэйшая, чым у цэлым па Магілёўскай вобласці. Ствараюцца новыя сем'і, нараджаюцца дзеці, значыць жыццё ідзе.

Дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага, і дзяржава, як бы ні было цяжка, падтрымлівала і мае намер у далейшым падтрымліваць шматдзетныя сем'і, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Дзякуй, што 15 гадоў таму вы пачулі мяне, жывяце на роднай зямлі, нараджаеце дзяцей, працуеце", - сказаў ён.

"Значыць, мы зрабілі мудра, захаваўшы гэты край", - лічыць Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што прыехаў у Магілёўскую вобласць, і ў прыватнасці ў Слаўгарадскі раён сустрэцца з людзьмі, паразмаўляць, убачыць, як яны жывуць, даведацца аб іх праблемах.

У ходзе размовы закраналася і тэма выкаранення сацыяльнага ўтрыманства ў Беларусі, для чаго і быў прыняты Дэкрэт № 3. Асноўная яго мэта, паводле слоў Прэзідэнта, -  прымусіць працаваць гультаёў і лодараў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя крытыкуюць прыняты дакумент. У сувязі з гэтым ён сказаў: "Сумленных людзей не пакрыўдзім, а лодараў прымусім працаваць".

"Гэта толькі першы крок, - растлумачыў Прэзідэнт. - Мы людзям паказалі - кожны павінен працаваць. Трэба, каб усё было справядліва. Паглядзім, як лепш, і будзем маніторыць сітуацыю. Нам трэба "выцягнуць" з грамадства п'яніц, зладзюг, утрыманцаў. Гэта сур'ёзная праблема".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з павагай ставіцца да шматдзетных сем'яў. Але, на жаль, акрамя станоўчых прыкладаў ёсць і адмоўныя, калі бацькі вядуць амаральны лад жыцця, а дзяцей здаюць у дзіцячыя дамы. Гэта ненармальная сітуацыя. І зразумела, што такіх нядбайных шматдзетных бацькоў трэба прымушаць працаваць.

Мясцовыя жыхары, многія з якіх займаюцца дома вытворчасцю сыроў, пацікавіліся, ці не аднясуць і іх да катэгорыі так званых утрыманцаў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ніякіх прэтэнзій да людзей, якія сапраўды працуюць, быць не можа.

Прэзідэнт усклаў кветкі да манумента на Алеі памяці пахаваных вёсак. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС. Ён падкрэсліў, што трэба падтрымліваць гэту катэгорыю людзей. Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць далейшага развіцця пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў.