Наведванне Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці

  • 14
  • 8:35
Дзяржава прадоўжыць развіваць вытворчую базу ў пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах і аказваць неабходную падтрымку людзям, якія жывуць там. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 красавіка, наведваючы з рабочай паездкай Хойніцкі раён Гомельскай вобласці.

У цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы былі пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу і атрымання чыстай прадукцыі, сацыяльнай абароны насельніцтва. Усе населеныя пункты гэтага раёна знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання. У 2012 годзе ў рамках дзяржпраграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС са сродкаў мясцовага бюджэту было накіравана ўстановам аховы здароўя Br2,3 млрд., дзяржаўная сацыяльная адрасная дапамога прадастаўлена 2,3 тыс. чалавек на суму амаль Br3 млрд.

Аляксандр Лукашэнка наведаў сельгаспрадпрыемства "Судкова", дзе яму далажылі аб асаблівасцях правядзення веснавых палявых работ, вядзенні сельскай гаспадаркі ў пацярпелай зоне. У цэлым у 2012 годзе на выкананне ахоўных мерапрыемстваў у сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці было выдзелена больш як Br216 млрд. Забяспечана гарантаванае паступленне ў гандлёвую сетку толькі нарматыўна чыстых прадуктаў харчавання.

Што датычыцца чарнобыльскіх раёнаў, то, паводле слоў Прэзідэнта, для іх дзяржавай ужо зроблена нямала. "Праграма іх падтрымкі захаваецца, наколькі гэта не магчыма, а патрэбна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што за мінулыя пасля чарнобыльскай трагедыі гады ўжо зніклі некаторыя, месцамі неабгрунтаваныя страхі, і людзі ў гэтых раёнах разумеюць, што там можна нармальна жыць і працаваць, хоць і з пэўнымі абмежаваннямі.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, нягледзячы на належную арганізацыю работ у сельгаспрадпрыемствах і добрыя валавыя паказчыкі, даволі высокай застаецца закрэдытаванасць асобных гаспадарак. "Вы нават не разлічвайце, што бязладную вытворчасць мы будзем падтрымліваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у Беларусі ёсць амаль 35% гаспадарак, якія могуць высокаэфектыўна працаваць і ў поўным аб'ёме забяспечваць патрэбнасці насельніцтва ў прадуктах харчавання. Яшчэ 15-20% таксама могуць даць добры вынік і забяспечыць экспарт, калі іх яшчэ крыху падтрымаць.

Гаворачы аб перспектывах развіцця вёскі ў цэлым і раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, у прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асноўны ўпор неабходна зрабіць на аграгарадкі. "Трэба мець на ўвазе, што ў кожную вёску мы прыродны газ не правядзём, і не толькі таму, што сродкаў не хапае, гэта проста не патрэбна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, такі падыход дыктуе тэхналагічнае развіццё і мадэрнізацыя аграпрамысловага комплексу, што скарачае патрэбнасць у рабочай сіле.
 
"Аграгарадкі і буйныя населеныя пункты мы будзем развіваць, але і так званыя неперспектыўныя вёскі мы таксама не кідаем. Там жывуць нашы людзі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Асобна Прэзідэнт закрануў тэму імпарту мінеральных угнаенняў. Ён лічыць, што беларускія прадпрыемствы могуць самастойна забяспечыць сельскую гаспадарку неабходным аб'ёмам гэтых рэчываў. "Я катэгарычна супраць завозу мінеральных угнаенняў з-за межаў краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Паедзьце і разбярыцеся на месцы са спецыялістамі, каб не вывозіць з краіны валюту", - даручыў Прэзідэнт Віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму.

Кіраўніку дзяржавы далажылі, як у цэлым ідуць веснавыя палявыя работы ў краіне. Паводле слоў Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, веснавыя палявыя работы пачалі ўсе вобласці. Вядуцца работы па падкормцы азімых культур, падрыхтоўцы глебы, сяўбе ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, лёну, кукурузы. Аднак аб'ём выканананых работ пакуль крыху ніжэйшы, чым мінулагодні. Прычына - пераўвільгатненне глебы. Інтэнсіўна работы праводзяцца ў Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях, гэтаму садзейнічаюць глебава-кліматычныя ўмовы: больш хуткае вызваленне палёў ад снегу і выспяванне глебы.

Леанід Заяц падкрэсліў, што тэхнічныя магчымасці дазваляюць правесці сяўбу ў самыя кароткія тэрміны. Няма праблем ні з забеспячэннем палівам, ні з мінеральнымі ўгнаеннямі. Паводле слоў Міністра, усе пасяўныя работы ў бягучым годзе праходзяць больш арганізавана. Плануецца, што ўжо да 3-4 мая будзе завершана сяўба каласавых культур. Што датычыцца кукурузы, то яе сяўбу плануецца завяршыць да 15 мая.

Аляксандр Лукашэнка таксама актыўна цікавіўся тым, як праводзіцца меліярацыя зямель, ці ёсць належны кантроль за апрацоўкай вернутых у севазварот зямель.

Потым Прэзідэнт накіраваўся на малочнатаварны комплекс КСУП "Эксперыментальная база "Стралічава". Тут размова ішла аб выкананні даручэнняў па рэканструкцыі і тэхнічнаму перааснашчэнню малочнатаварных ферм. Аляксандр Лукашэнка выказаў немалую долю крытыкі ў адрас адказных чыноўнікаў, заявіўшы, што гэтыя работы фактычна правалены.

Як далажыў Прэзідэнту Леанід Заяц, з плануемых 1,2 тыс. пакуль уведзены ў строй толькі 526 ферм, або 44 працэнты ад задання. Разам з тым, частка з іх уведзена толькі пускавымі комплексамі, а поўнасцю гатовых ферм, якія адпавядалі б прад'яўляемым патрабаванням і былі забяспечаны даільнымі заламі, яшчэ менш. Такая сітуацыя пацвярджаецца і ацэнкамі Камітэта дзяржкантролю.

Заданні па рэканструкцыі і мадэрнізацыі ферм не выкананы як па рэспубліцы ў цэлым, так і ў Гомельскай вобласці ў прыватнасці. Паводле слоў старшыні КДК Аляксандра Якабсона, на Гомельшчыне цяпер поўнасцю гатовы толькі каля 70 ферм, у той час як было запланавана рэканструяваць 191 ферму.

"Якімі пускавымі комплексамі? Я ў вас пытаюся пра завершаныя фермы, - абурыўся Аляксандр Лукашэнка. - Так і гаварыце, што гэта поўнасцю правалена, пакуль толькі трэцяя частка ў вас уведзена так, як мы патрабуем".

"Мы да гэтага асобна вернемся. Вы там павінны працаваць, як сёння на палях. Калі вы апусцілі рукі, мала не падасца", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Яшчэ адным аб'ектам, які Кіраўнік дзяржавы наведаў у Хойніцкім раёне, стаў Палескі вытворчы ўчастак ААТ "Малочныя прадукты". У структуры гэтага вытворчага ўчастка ёсць казеінавы і сырны цэхі, а таксама цэхі па вытворчасці масла і тварожных вырабаў. З 2011 года тут рэалізуецца праект па вытворчасці сухой малочнай сыроваткі. Магутнасць вытворчасці складзе 500 т за суткі. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць стварыць 50 новых рабочых месц, а таксама атрымаць у 2015 годзе гадавую выручку ад рэалізацыі $280 тыс. на аднаго работніка. Праект мае і імпартазамяшчальны эфект: ён дасць магчымасць значна скараціць імпарт кампанентаў заменнікаў малака.

На ўчастку рэалізуецца і другі інвестыцыйны праект - мадэрнізацыя сыраробнага цэха. Цяпер аплачана і пастаўлена імпартнае абсталяванне на суму Br50 млрд.

Аляксандру Лукашэнку далажылі, што ўжо ў бліжэйшыя гады будзе вырашана пытанне поўнай перапрацоўкі малочнай сыроваткі, якая будзе атрымана ў Беларусі.

Акрамя таго, размова ішла аб функцыянаванні ў Гомельскай вобласці буйнога мяса-малочнага холдынга і стварэнні на базе такіх холдынгаў іншых абласцей нацыянальнай кампаніі. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтай сферы неабходна мець адзіную пазіцыю па цэнаўтварэнню, каб па максімальна выгаднай цане пастаўляць прадукцыю на знешнія рынкі. Але нацыянальная кампанія не павінна браць на сябе функцыю рэалізацыі, каб не падарваць ініцыятыву вытворцаў.

"Вы знайдзіце сваё месца ў той сістэме, якая яшчэ ствараецца. Вазьміце на сябе пэўныя функцыі, каб яны, па-першае, не канкурыравалі і каб краіна па максімуму, прадаючы прадукцыю, атрымлівала даход, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніцтва аграрнай галіны. - Не трэба лезці ў іх гаспадарчую дзейнасць, грошы, якія яны атрымліваюць. Але калі ўбачыце, што хтосьці выходзіць на знешнія рынкі і, дамовіўшыся, пачынае збіваць цэны, прыміце меры. А калі мы забяром рэалізацыю, то знікне і інтарэс. Без грошай не будзе ініцыятывы. Але ў вас павінен быць кантроль і стратэгія. І гэта даўно трэба было зрабіць. Трэба сесці і завяршыць гэта, і будзе адна нацыянальная кампанія. Але толькі вазьміце на сябе функцыі тыя, якія вам патрэбны".

Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў, якіх цікавіла далейшае развіццё пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў, пытанні барацьбы з карупцыяй, адносіны Беларусі з Еўрасаюзам, дамоўленасці з Расіяй у сферы проціпаветранай абароны і меркаванне кіраўніка дзяржавы аб выбраным сімвале маючага адбыцца чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час упор у развіцці тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, рабіўся на сацыяльную сферу. Цяпер жа настаў час развіцця вытворчай базы.

"Я заўсёды думаў аб тым, ці не памыліліся мы, дапусціўшы такі перакос, развівалі, падтрымлівалі сацыяльную базу - адукацыю, ахову здароўя, культуру, жыццё людзей. Ці не дапусцілі мы тут памылкі?" - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, час паказаў правільнасць зробленага выбару з упорам на развіццё раённых цэнтраў.

"Я сапраўды ўдзяляў гэтаму вялікую ўвагу, паколькі разумеў, што трэба неяк паказаць людзям, што мы будзем тут жыць. А размовамі ж чалавека не накорміш. І не замацуеш у гэтым рэгіёне, бо людзей запалохалі, палітызавалі гэты працэс", - нагадаў кіраўнік дзяржавы. Гэты вопыт з Гомельскай вобласці быў перанесены на іншыя рэгіёны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. "Мы ўзяліся за вёскі, за інфраструктуру, пачалі газіфікаваць, будаваць дарогі, жыллё, дапамагаць маладым сем'ям, маладым спецыялістам. Гэта значыць, уклалі шмат у сацыяльную сферу. І ў нейкай ступені адстала вытворчая. Але сёння я не шкадую, што мы гэта зрабілі. Гэта ўсё роўна трэба было б рабіць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што працэс стварэння вытворчасцей на гэтых землях ужо ідзе, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі і завяршаючы мадэрнізацыяй існаваўшых тут вытворчасцей. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы дадаў, што хацелася б, каб гэты працэс ішоў больш хуткімі тэмпамі.

"Мы аддавалі прыярытэт сацыяльнаму развіццю, усёй краінай падтрымлівалі тут будаўніцтва аграгарадкоў і раённых цэнтраў, накіроўвалі сюды людзей, плацілі ім, плацім і будзем плаціць крыху больш, калi ўжо так здарылася. Цяпер жа трэба развіваць вытворчасць", - рэзюмаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры гэтым самі жыхары рэгіёна павінны вызначыць, якую менавіта вытворчасць ім развіваць, каб яна была максімальна эфектыўнай ва ўмовах канкрэтнага рэгіёна. Прэзідэнт чарговы раз нагадаў аб сваім прынцыповым патрабаванні - ствараць вытворчасць, якая працуе на мясцовай сыравіне.

"Калі патрэбна будзе невялікая падтрымка, мы будзем, вядома, такія прадпрыемствы, якія вельмі важны для дзяржавы, падтрымліваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў Прэзідэнта прычынамі таго, чаму апошнім часам ён даволі часта і ў жорсткай форме нагадвае чыноўнікам аб недапушчальнасці карупцыі. "Перш за ўсё, я хачу папярэдзіць. Я не хачу, каб людзі, якія працуюць у дзяржапараце, трапілі на лаўку падсудных", - адзначыў беларускі лідар.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзяляе гэтаму пытанню прыярытэтную ўвагу, каб не дапусціць усплёску карупцыі ў краіне. Пры гэтым ён заўважыў, што карупцыйных праяў у Беларусі штогод рэгіструецца ўсё менш, аб чым сведчаць даныя пракуратуры. "Але гэта статыстыка, і ў гэтым плане мы вельмі строга не проста кантралюем, але і патрабуем ад чыноўнікаў. І паколькі мне было даложана аб некалькіх недапушчальных фактах, я вымушаны быў узмацніць барацьбу з карупцыяй. І мы падышлі да таго, што яшчэ раз вернемся да заканадаўчых актаў у мэтах узмацнення патрабаванняў", - заявіў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці трэба ў бліжэйшы час чакаць новых гучных крымінальных спраў адносна чыноўнікаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія справы былі заўсёды і, магчыма, будуць і ў далейшым.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сферы энергетыкі цяпер расследуецца буйная крымінальная справа: "Некаторыя ўжо затрыманы, як мне дакладвалі, і далі паказанні". "Я ўжо гаварыў пра "паляўнічую справу". Там ужо далёка зайшлі некаторыя нашы начальнікі і чыноўнікі. Таксама ў следчым ізалятары нямала людзей, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - Вы ведаеце і па Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта. Мы па Сочы вельмі жорстка разабраліся. Сёння ў следчым ізалятары, па-мойму, 3 чалавекі і некаторыя падследныя. Нядаўна ў Барысаве быў затрыманы адзін з начальнікаў".

Адказваючы на пытанне наконт перспектыў адносін Беларусі з Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў намер краіны развіваць нармальныя адносіны з Захадам.

Паводле слоў Прэзідэнта, у ЕС зразумелі, што рэжым санкцый і ўльтыматумаў адносна Беларусі аказаўся не проста контрпрадукцыйным, а шкодным для самога Еўрасаюза.

"У еўрапейцаў умацавалася жалезна і ў нашых адукаваных членаў "пятай калоны", магчыма, гэта ўжо не "пятая калона", а апазіцыянеры, некаторыя зразумелі, што рэжым санкцый і ўльтыматумаў аказаўся не проста контрпрадукцыйным, а шкодным для самога Еўрапейскага саюза. Гэта меркаванне ўжо ў еўрапейцаў прэваліруе. Гэта я ведаю дакладна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Цяпер пытанне: як выйсці з таго тупіка, у які мы з еўрапейцамі трапілі? І не па нашай віне", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўрасаюз ставіць перад беларускімі ўладамі пытанне з наяўнасцю палітзняволеных у Беларусі. "Вось і пачынаюць: там палітзняволеныя. Я яшчэ раз кажу: мы за палітыку нікога не судзім. У нас няма палітычных артыкулаў. Крымінальшчына самая прамая. Як выйсці з гэтага становішча, я ўжо сказаў. Адыходу тут ніякага не будзе. Хто хацеў быць на свабодзе, ён сёння на свабодзе, хто хоча быць у турме і выйсці потым героем, ну, бог з вамі, сядзіце там, няма таксама ніякіх праблем. Дзяржава вытрымае гэтых двух-трох чалавек, якія хочуць быць героямі праз турму, але ніяк не могуць зразумець, што той час ужо даўно мінуў", - сказаў Прэзідэнт.

"У нас некаторыя дзеячы выйшлі. Хто аб іх цяпер што чуе, помніць іх? Ніхто", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пытанне нават не ў палітзняволеных, а ў той палітыцы, якую праводзіць Беларусь. "Нікому не хочацца вакол, каб Беларусь была незалежнай і самастойнай. Але гэта ўжо факт, які адбыўся. Мы будзем дзяржавай самастойнай і незалежнай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, другім пытаннем з'яўляецца палітычны лад Беларусі. "Таксама камусьці не падабаецца. Разумееце, строгая ўлада, моцная вертыкаль - не расхістаеш. Хочацца, каб галіны хісталіся ў розныя бакі, хочацца, каб краіну дзялілі, і гэта дзяльба была незалежная ад Лукашэнкі. Хацець не шкодна. Можа, мы калі-небудзь прыйдзем да гэтага, як я ўжо гаварыў: ад блакіту да гэтых новых палітычных ладоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "А пакуль мы лічым, што для нашай краіны пажаданы такі лад", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што калі б у Беларусі не было моцнай улады, краіна развалілася б. На яго думку, гэта наглядна дэманструе прыклад тэрыторый, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. "Мы ўсе разам на чале з Прэзідэнтам, выбачайце за нясціпласць, падцягнулі рамяні, паясы і пачалі аднаўляць гэту зямлю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы, што інакш гэтыя тэрыторыі аказаліся б закінутымі.

"Ну і потым, вы ж разумееце: каму патрэбны ў цэнтры Еўропы канкурэнт? Вось, хацелася б, як у Грэцыі або яшчэ дзесьці, усе нахіліліся, крылы апусцілі, а немцы пастаўлялі б прадукцыю. А дзе грошы ўзяць, каб разлічыцца? Штосьці кінулі б там. Вы гэтага хочаце? Я не хачу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "з еўрапейцамі ідзе працэс". "Мы ім адкрыта сказалі: наша палітыка абсалютна празрыстая, мы не хочам сварыцца з еўрапейцамі, мы частка Еўропы, больш таго - геаграфічны цэнтр. Мы хочам быць у нармальных адносінах з еўрапейскімі дзяржавамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Хочаце - будзем размаўляць, не хочаце - ну што ж, тады будзем чакаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца дамоўленасцей з Расіяй у сферы ўзмацнення беларускай проціпаветранай абароны, Прэзідэнт адзначыў, што не бачыць у гэтым ніякай здачы суверэнітэту. "Нават тыя людзі, якія кажуць, што мы тут здаём суверэнітэт, у гэта не вераць. Вы ведаеце мой характар, і толькі таму вы разумееце, што гэтага ніколі не будзе. Я не той Прэзідэнт, які будзе штосьці сваё некаму аддаваць, не гаворачы ўжо аб самым высокім - суверэнітэце, паколькі гэта мой непасрэдны канстытуцыйны абавязак. Калі б я сказаў, што заўтра парушу суверэнітэт і незалежнай наша краіна не будзе, вы б ніколі за мяне не прагаласавалі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прымяняльна да рыторыкі аб здачы суверэнітэту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта - палітычная барацьба. "І тыя, хто сёння змагаецца супраць Лукашэнкі, яны спрабуюць яго нечым мазануць, у гэтым выпадку, што Лукашэнка здае суверэнітэт і незалежнасць. Яны самі ў гэта не вераць. Таму я нават не напружваюся па гэтаму пытанню", - сказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб пастаўцы расійскім бокам Беларусі дадаткова некалькіх дывізіёнаў С-300, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што такія комплексы ўжо стаяць на ўзбраенні ў беларускай арміі, а беларуская ППА з'яўляецца самай магутнай на заходнім напрамку. "І яна ўжо не толькі беларуская, яна і Расію прыкрывае. У нас адзіная групоўка", - адзначыў Прэзідэнт.

"І гэта не яны да нас прыйшлі. Гэта я папрасіў і запатрабаваў ужо даўно, напэўна, гадоў сем таму, каб нам паставілі гэтыя комплексы. Калі расіяне сказалі, што гэта вельмі складана, я адказаў: добра, мы ў вас купім па сабекошце, прычым былыя ва ўжытку, мы іх самі мадэрнізуем і паставім на ўзбраенне. Нарэшце пры новым міністры мне дакладна сказалі: так, мы вам гэтыя некалькі дывізіёнаў С-300 паставім. Гэта значыць мы дапаўняем нашу ППА тымі сродкамі, якія ў нас сёння стаяць на ўзбраенні. Гэта старая тэма, і я вельмі рады, што расіяне нарэшце зрабілі крок насустрач і паабяцалі нам паставіць гэтыя комплексы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што названыя комплексы не накіраваны супраць кагосьці, а з'яўляюцца выключна абарончай зброяй.

"Што датычыцца авіяцыйнай базы, гэта, можа, прагучала як база. Не, размова ідзе аб пастаўцы ў нашы Узброеныя Сілы (у якой форме, мы будзем дамаўляцца, - база гэта будзе або мы ў існуючыя беларускія часці паставім расійскія самалёты-знішчальнікі), гэта пытанне абмяркоўваецца", - адзначыў Прэзідэнт.

"Але сёння патрэбна пара дзясяткаў самалётаў, а мы купляем толькі савецкія (цяпер расійскія) самалёты Су-27 і МіГ-29, патрэбны такія або больш сучасныя самалёты, каб забяспечыць недатыкальнасць граніц нашай дзяржавы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мне як галоўнакамандуючаму сёння не хапае два дзясяткі сучасных самалётаў, і тое на нейкі перыяд, таму што мы тыя, якія ў нас ёсць, выведзем з часцей і мадэрнізуем у сябе - мы гэта ўмеем рабіць".

"Дарэчы, абмяркоўвалася пытанне мадэрнізацыі расійскіх самалётаў на нашым заводзе ў Баранавічах, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы сказалі, што будзем для іх мадэрнізаваць самалёты, калі ў іх будзе такое жаданне. Таксама дамовіліся".

"Таму тут - абарона суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. А тыя, хто сёння ные і крычыць аб страце суверэнітэту... вось калі б я запрасіў сюды базы НАТА, яны маўчалі б", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Журналісты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта аб выбраным талісмане для чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, які пройдзе ў Беларусі ў 2014 годзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму ў цэлым падабаецца імя зубра-талісмана.

"Назва вельмі падабаецца. Волат - асілак - гэта моцная беларуская назва, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Гэта салідна для Беларусі".

Што датычыцца мастацкага афармлення талісмана, то Прэзідэнт заўважыў, што з'яўляецца невялікім спецыялістам у гэтым плане. "Але, калі людзям падабаецца, я згодны, няхай зубр будзе нашым сімвалам", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з жыхарамі Хойнікаў, адказаўшы на найбольш вострыя і надзённыя пытанні.

Прэзідэнт адзначыў, што кожны год у гадавіну аварыі на ЧАЭС на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў прыязджае на Гомельшчыну. Кіраўнік дзяржавы лічыць правільным прынятае шмат гадоў таму рашэнне аб развіцці гэтых зямель.

"Успомніце, што тады было? Бруд, запушчанасць і поўная маркота. І вось гэта было самае страшнае! Людзі не ведалі, што рабіць. Палітызавалі гэты працэс, запалохалі людзей і альтэрнатывы не прапанавалі", - нагадаў Прэзідэнт.

"Сёння ж гэты рэгіён зусім іншы. Гэта прыгожая зямля, прыгожыя людзі і галоўнае - ёсць моладзь, якой заўтра тут жыць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што дзяржава не забыла аб жыхарах Гомельшчыны і мае намер развіваць гэты рэгіён. "Гэта наша зямля, і мы адсюль ніколі не пойдзем. Гэтыя раёны, гэтыя землі ўваходзяць у зону маёй асаблівай увагі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Жыхары Хойнікаў у размове з Прэзідэнтам узнімалі праблемы жылля для маладых спецыялістаў, газіфікацыі невялікіх вёсак, меліярацыі і прадухілення падтапленняў у час паводкі. Прымяняльна да апошняга пытання, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што яго можна будзе вырашыць за кошт сродкаў, якія выдзяляюцца ў рамках дзяржпраграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, жыхары раёна падзякавалі Прэзідэнту за пастаянную ўвагу да пытанняў рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС зямель, развіцця сацыяльнай сферы, стварэння спрыяльных умоў для жыцця і работы.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ніводнае з закранутых пытанняў не застанецца без увагі чыноўнікаў.
"Усё, што залежыць ад дзяржавы, ад мяне, усё, што магчыма, я абяцаю, што зраблю", - запэўніў Прэзідэнт.