Аб фінансавым аздараўленні будаўнічых арганізацый

Указ № 68 ад 23 лютага 2024 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лютага падпісаў Указ № 68 "Аб фінансавым аздараўленні будаўнічых арганізацый".

Дакумент накіраваны на аказанне падтрымкі дзвюм будаўнічым арганізацыям, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, - ААТ "Гроднапрамбуд" і "Будаўнічы трэст № 8". У мэтах іх фінансавага аздараўлення запазычанасць арганізацый падлягае рэструктурызацыі.

Пытанне аказання падтрымкі названым будаўнічым арганізацыям абмяркоўвалася 18 студзеня бягучага года на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Тады Кіраўнік дзяржавы адразу не падпісаў прапанаваны праект адпаведнага Указа, запатрабаваўшы жорстка ўвязаць падтрымку з выкананнем шэрага патрабаванняў.

У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта падпісаным Указам устаноўлена, што ўмовай аказання дзяржаўнай падтрымкі з'яўляецца штогадовае дасягненне арганізацыямі даведзеных ім ва ўстаноўленым парадку паказчыкаў па памеры прыбытку ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) і аб'ёму падрадных работ. Пры невыкананні гэтай умовы аказанне дзяржпадтрымкі будзе спынена.

Персанальная адказнасць за выкананне норм Указа ўскладзена на кіраўнікоў будаўнічых арганізацый і РУП "Белбудцэнтр", Міністра архітэктуры і будаўніцтва, Намесніка Прэм'ер-міністра, які курыруе пытанні будаўнічай галіны, а кантроль - за Саветам Міністраў.