Віншаванне з Днём беларускай навукі

    Дзеячам навукі, работнікам навукова-даследчых інстытутаў і ўстаноў вышэйшай адукацыі

    Дарагія сябры!

    Віншую вас з Днём беларускай навукі.

    Навука - фундамент дзяржаўнасці. У авангардзе развіцця цывілізацый, краін і народаў заўсёды стаялі людзі выдатнага розуму, высокага інтэлекту і незвычайнай працавітасці.

    Быць сапраўдным вучоным - значыць глядзець за гарызонт, адкрываючы людзям новыя перспектывы і магчымасці, ствараючы навуковыя школы, перадаючы вопыт і веды сваім шматлікім вучням і паслядоўнікам.

    У Год міру і стварэння на навуку ўскладаецца велізарная адказнасць. І прамысловасці, і сельскай гаспадарцы, і сацыяльнай сферы патрэбны прарыўныя інавацыйныя ідэі і распрацоўкі. Дзяржава, якая прадаставіла айчынным вучоным дастойныя ўмовы для даследчай і практычнай работы, мае права разлічваць на выключную адданасць нацыянальным інтарэсам.

    Упэўнены, што, служачы вялікай мэце - стварэнню ў імя міру, вы ўнесяце свой важкі ўклад ва ўмацаванне гуманітарнай бяспекі і забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту нашай краіны.

    Доўгіх вам творчых гадоў, моцнага здароўя, новых навуковых здзяйсненняў у імя будучыні роднай Беларусі.

    Аляксандр Лукашэнка