Сустрэча з намеснікам Генеральнага сакратара ААН Мішэлем Сідзібэ

  • 1

Значныя поспехі Рэспублікі Беларусь у барацьбе з ВІЧ/СНІДам былі адзначаны 13 красавіка на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Генеральнага сакратара ААН - выканаўчым дырэктарам Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС) Мішэлем Сідзібэ.

Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць за каласальную дапамогу і падтрымку, аказаную Беларусі ў галіне аховы здароўя, асабліва ў барацьбе з ВІЧ/СНІДам. Прэзідэнт падзякаваў таксама за высокую ацэнку, якая дадзена праводзімай у краіне рабоце для пераадолення гэтага страшнага захворвання.

"Калі б не было такой вашай падтрымкі ў барацьбе з гэтай хваробай, мы ніколі не дабіліся б гэтых вынікаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы за ўклад у развіццё аховы здароўя Беларусі ўручыў Мішэлю Сідзібэ высокую дзяржаўную ўзнагароду - медаль Францыска Скарыны.

Намеснік генеральнага сакратара ААН у сваю чаргу адзначыў, што высокіх вынікаў у барацьбе з ВІЧ/СНІДам Беларусь дасягнула не толькі пры падтрымцы ЮНЭЙДС, але і дзякуючы лідарскай пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Мішэль Сідзібэ таксама падкрэсліў, што для яго вялікі гонар атрымаць медаль Францыска Скарыны з рук Прэзідэнта Беларусі, лідара краіны, якая ў ліку першых дабілася высокіх вынікаў у прадухіленні перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці дзіцяці.