Наведванне касмадрома Усходні ў Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі

  • 24
  • 6

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 12 красавіка ў Дзень касманаўтыкі наведалі касмадром Усходні ў Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з ходам будаўніцтва стартавага касмічнага комплексу, сустрэліся з лётчыкамі-касманаўтамі і супрацоўнікамі касмадрома. Уладзімір Пуцін уручыў касманаўтам Сяргею Пракоп'еву, Аляксандру Скварцову і Алегу Скрыпачку расійскія дзяржаўныя ўзнагароды. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў расіян з узнагародамі.

Як заявіў у час мерапрыемства Уладзімір Пуцін, беларускія спецыялісты ў бліжэйшы час атрымаюць магчымасць удзельнічаць у развіцці касмадрома Усходні. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падкрэсліў, што беларускі бок гатовы накіраваць сюды сваіх будаўнікоў у самыя кароткія тэрміны.

Адзін з работнікаў пацікавіўся, калі трэба чакаць будаўнікоў з Беларусі на касмадроме. "За намі не заржавее!" - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яго расійскі калега гаварыў аб рабоце ва ўмовах санкцый і выказваў упэўненасць у паспяховым пераадоленні іх негатыўнага ўздзеяння. Аднак пры наведванні касмадрома склалася адчуванне, што санкцый няма, падкрэсліў беларускі лідар: "Усё сваё. Усё вы робіце сваімі рукамі. Чаго мы перажываем тут з-за гэтых санкцый. Што мы, дома не пабудуем? Пабудуем. Усё зробім. Час трэба крыху. Для гэтага Прэзідэнт і запрасіў мяне, каб я паглядзеў на свае вочы".

"На аб'ём, на маштабы", - прадоўжыў Уладзімір Пуцін.

Ён таксама падкрэсліў, што ў беларускіх будаўнікоў вельмі добрая рэпутацыя, але гэта не адзіная сфера супрацоўніцтва па касмічнай тэматыцы. Уладзімір Пуцін звярнуў увагу, што ў Беларусі яшчэ з савецкіх часоў засталіся добрыя прадпрыемствы, вопыт і напрацоўкі якіх цяпер запатрабаваны ў сумесных з Расіяй праектах па развіцці касмічных тэхналогій. "З савецкіх часоў засталося, Аляксандр Рыгоравіч не даў заваліцца на бок, падтрымліваў. Мы будзем выкарыстоўваць напрацоўкі. Гэта зусім канкрэтныя рэчы", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

У рамках наведвання касмадрома Усходні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі двухбаковую сустрэчу.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму калегу за прапанову беларускім будаўнікам паўдзельнічаць ва ўзвядзенні аб'ектаў на касмадроме, уключыцца ў гэту гіганцкую будоўлю: "Дзякуй, што запрасілі нас паўдзельнічаць у гэтым будаўніцтве. Мы абавязкова прымем вашу прапанову, прапануем вам цікавыя варыянты". Паводле яго слоў, гэта прапанова сведчыць аб вельмі высокім узроўні даверу.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі з часоў Савецкага Саюза была моцная будаўнічая галіна, якая з'яўлялася маяком для ўсёй вялікай краіны. "Мы гэта захавалі, у нас ёсць вялікія прыватныя кампаніі, вельмі магутныя дзяржаўныя будаўнічыя трэсты, якія не проста будуюць пад ключ з нуля, але і маюць свае магутнасці па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, - сказаў ён. - Як аказалася, мы можам быць запатрабаваныя ў тым ліку на такіх гіганцкіх будоўлях, як будаўніцтва касмадрома Усходні".

Асобна Прэзідэнт адзначыў, што пры наведванні такіх аб'ектаў, як касмадром Усходні, зусім не адчуваеш якога-небудзь уплыву заходніх санкцый. "Ходзіш і не адчуваеш. Усё айчыннае, людзі працуюць, тысячы людзей на аб'екце заняты", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што расіяне заўсёды могуць разлічваць на дапамогу з боку Беларусі. "Вы на беларусаў можаце разлічваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ведайце, што пры любой сітуацыі (мы ў гэтым перакананы, але і расіяне павінны быць перакананы) мы заўсёды будзем побач, як бы ні складвалася абстаноўка. І не трэба камусьці думаць, што Расія такая вялізная... Сапраўды моц. Паўдня трэба ляцець з аднаго краю ў другі край. Беларусь меншая. Але справа ж не ў гэтым - малы залатнік, ды дарагі. У нас ёсць, што пакласці на шалі вялізнай Расіі. Мы выстаім. Нам крыху часу патрэбна".

"Далёкі Усход - далёкі, але нашанскі. Айчына ў нас адна, хоць мы і жывём у дзвюх дзяржавах. Мы ў адрозненне ад некаторых рэспублік захавалі гэта адзінства, і мы поўныя рашучасці ўмацаваць гэта адзінства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён згадаў: літаральна толькі што, адказваючы на пытанні работнікаў касмадрома, Прэзідэнт Расіі гаварыў аб сваіх уражаннях у той дзень, калі адбыўся першы палёт чалавека ў космас. "Мы радаваліся тады, бачылі, як нашы бацькі, як увесь народ радаваўся, і нам было добра, - успомніў той дзень і Прэзідэнт Беларусі. - А потым на гэтым вучыліся, раслі патрыёты. Было зусім іншае жыццё, не лягчэйшае, чым цяпер, але было нейкае натхненне, адзінства".

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Уладзіміра Пуціна развіваць тэхналагічны турызм на такія аб'екты, як касмадром Усходні: "Тут ёсць што паглядзець, захапіцца і потым расці патрыётам, верыць у сваю краіну".

Як адзначыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Беларусь і Расія будуць разам фарміраваць інфраструктуру касмадрома, якая гарантуе Саюзнай дзяржаве незалежны выхад у космас. Ужо ў бліжэйшы час беларусы атрымаюць магчымасць удзельнічаць у развіцці горада Цыялкоўскі і самога касмадрома.

"Калі некаму здаецца, што гэта нейкі такі радавы візіт двух прэзідэнтаў на гэты аб'ект... Калі гаварыць з пункту гледжання Беларусі, гэта найвышэйшая ступень даверу. Мы ж прыехалі на закрыты аб'ект, куды вы ніколі не возіце практычна. І з'яўленне тут Прэзідэнта іншай краіны, няхай роднай, дружалюбнай, - усё роўна гэта найвышэйшая ступень даверу з вашага боку, з боку Расіі. А тое, што вы прапануеце нам уключыцца ў гэту гіганцкую будоўлю, - самы высокі ўзровень даверу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках перагавораў кіраўнікі дзяржаў зрабілі шэраг заяў.

"Гэта неверагодны, незвычайны край! Прызнацца, даўно хацеў пабываць тут. Для мяне гэта была нейкая рамантыка. Ну а тое, што ў Дзень касманаўтыкі яшчэ і давялося ўбачыць увасабленне ў жыццё такога праекта, як касмадром Усходні, толькі ўзмацніла агульныя ўражанні нашай дэлегацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Праект па будаўніцтве касмадрома Усходні беларускі лідар лічыць праектам вышэйшым за сусветы ўзровень: "Ніхто нідзе ў свеце такога праекта не ажыццяўляў".

"Тэма космасу - наша агульная тэма. У эпоху Савецкага Саюза беларусы ўнеслі адчувальны ўклад у развіццё касманаўтыкі. А ў наш час мы з дапамогай брацкай Расіі змаглі не толькі адрадзіць ранейшыя кампетэнцыі, але і напрацаваць шмат новых", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. У выніку Беларусь увайшла ў клуб касмічных дзяржаў, канстатаваў ён. "Фактычна мы стварылі новую галіну эканомікі - касмічную, і мы гордыя гэтымі поспехамі. Галоўнае, бачым перспектывы далейшага руху. Гэта і развіццё сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (па гэтай праграме сёння прынята рашэнне), і спадарожнікавая сувязь, і нямала цікавых напрамкаў супрацоўніцтва. Ды і настаў, напэўна, час адкрыць дарогу ў космас новым беларускім касманаўтам", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за тое, што ён падтрымаў ініцыятыву па садзейнічанні Расіі ў падрыхтоўцы і накіраванні беларускага касманаўта на арбіту, а таксама па фінансаванні гэтых мерапрыемстваў.

Беларускі лідар расказаў, што з Уладзімірам Пуціным яны дэталёва абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня - палітычныя, дыпламатычныя, эканамічныя і, вядома, ваенныя, абаронныя.

"У нашай сучаснай гісторыі такіх небяспечных і складаных момантаў ва ўзаемаадносінах з Захадам яшчэ не было", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Абмяркоўваючы сёння праблему, пра якую гавораць усе, я гэта асабліва падкрэсліў у размове з Прэзідэнтам Расіі. І гэта мая заява не на голым месцы была агучана. Калі б толькі з ваеннай аперацыяй Расія хоць крыху спазнілася, то па тэрыторыі Расіі рыхтаваліся нанесці, як яны лічылі, знішчальны ўдар - па суседніх абласцях. У тым, што гэта магчыма, мы сёння добра пераканаліся. Таму калі некаму карціць і ён крычыць, што не туды ўлезлі, не тады або не там пачалі, тады на шалі пакладзіце гэты гвалт і тое, што можна было б атрымаць, спазніўшыся хаця б на паўмесяца або месяц", - сказаў беларускі лідар.

"Мы некалі вырашылі, што халодная вайна скончана, тая старонка перагорнута, і мы будзем жыць у новым цывілізаваным, справядлівым свеце, заснаваным на ўзаемаразуменні і вяршэнстве міжнароднага права. Мы так думалі. Захад так не думаў. Не знішчылі яны нас тады, вырашылі паспрабаваць цяпер", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што тая вострая, небяспечная сітуацыя, у якой Беларусь і Расія апынуліся цяпер, не ўзнікла з ніадкуль, сама па сабе. "І Вашынгтон, і Брусель гадамі планамерна ішлі менавіта да такой "развязкі". Сёння цалкам відавочна, што сутыкнення, на жаль, было не пазбегнуць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта проста было пытанне часу і месца".

"Кажуць, што свет ужо ніколі не будзе ранейшым. Гэта праўда. Тым, хто вельмі хацеў бы вярнуцца назад, як яны гавораць, у камфортнае для сябе асяроддзе, можам сказаць адкрыта: трэба аб гэтым забыць. Сучасны свет - жорсткая барацьба, сутыкненне цывілізацыйнага маштабу (на Захадзе, дарэчы, наконт гэтага ілюзій ніколі не мелі)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў Еўропе быў дзеяч, які ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя таксама спрабаваў усталяваць свой новы парадак. "Чым усё гэта скончылася, мы добра ведаем. Таму, думаю, і ў Вашынгтоне пара вярнуцца ў недалёкае мінулае. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды тады выстаялі, у выніку перамаглі. Пераможам і мы, як гэта бывала шмат разоў за нашу агульную тысячагадовую гісторыю", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалася і сітуацыя ва ўкраінскім горадзе Буча, якая стала падставай для ўвядзення Захадам чарговых санкцый. "Мы сёння абмяркоўвалі падрабязна гэту іх спецаперацыю - псіхалагічную аперацыю, якую правялі англічане. Калі вам некаму патрэбны адрасы, паролі, яўкі, нумары і маркі аўтамабіляў, на якіх прыехалі ў Бучу, і як гэта рабілі - ФСБ Расіі можа прадставіць гэтыя матэрыялы. Калі не, то мы можам у гэтым плане дапамагчы. Разам з расійскімі нашымі сябрамі мы поўнасцю з першай да апошняй гадзіны раскрылі гэту агідную, брыдкую пазіцыю Захаду", - сказаў беларускі лідар.

"Аляксандр Рыгоравіч мне сёння даваў дакументы, якія перададзены ў Федэральную службу бяспекі Расіі: як, хто (у іх перахваты ёсць адпаведныя), на якім транспарце прыязджаў у гэты населены пункт і ствараў умовы для арганізацыі гэтага фэйку", - расказаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі таксама адказалі на пытанні журналістаў. Яны датычыліся развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі, у тым ліку ў касмічнай сферы, процістаяння санкцыям, абстаноўкі, якая складваецца ў свеце, і падзей ва Украіне.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што аднапалярны свет не здольны існаваць, як і любая іншая сістэма, маючая толькі адну кропку апоры. "Любая сістэма будзе тады больш устойлівай, калі будзе абапірацца не на адну кропку апоры. Чым больш апор, тым больш устойлівая сістэма. Што было б дрэннага, калі б ЗША, Еўрапейскі саюз як другая кропка апоры, Расія, Кітай, магчыма, Індыя - калі б уся наша сусветная сістэма і наша планета трымаліся на гэтых чатырох кропках апоры? Яна што, была б менш устойлівай, чым абапіраючыся на гэту разбуральную адну апору ў выглядзе Злучаных Штатаў Амерыкі?" - задаў рытарычныя пытанні Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўрады Беларусі і Расіі падрыхтавалі ўжо аб'ёмныя пакеты мер па пераадоленні санкцыйнага націску, падтрымцы эканомік, развіцці кааперацыі і імпартазамяшчэння, перанастройцы лагістычных ланцужкоў і пераходзе на новы механізм супрацоўніцтва на знешнеэканамічным полі.

"Рэагуючы на бягучыя праблемы, мы ўжо сёння павінны глядзець у заўтрашні дзень, закладваць прынцыпова новую эканамічную стратэгію развіцця будаўніцтва Саюзнай дзяржавы на доўгатэрміновую перспектыву", - адзначыў Прэзідэнт.

"Усё, што мы вырабляем, мы можам прадаць тут. А значыць, нас задавольвае расійскі рубель. Нарэшце мы сталі гандляваць за расійскія рублі, і газ купляць, і нафту, і іншае, і іншае. Нас гэта задавольвае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы згадзіўся, што санкцыі вядуць да лішніх праблем. Паводле яго слоў, Беларусь і Расія справяцца з імі і паступова вырашаць усе пытанні, але час, які можна было б патраціць на больш хуткі рух наперад, ідзе на пошук абходных шляхоў.

"Свет сёння такі, што не атрымаецца некага прыціснуць. А тым больш такую велізарную краіну, як Расію, абсалютна самадастатковую. Але, яны (Захад. - Заўвага), якія некалі паверылі ў глабалізм і адкрылі рынкі для сваіх партнёраў, павялі сябе адпаведным чынам. Мы ім гаворым: "Добра, да пабачэння". Мы будзем уладкоўваць сваё жыццё самі. І мы ўсё можам", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што Расія гатова падтрымаць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

"І па газу мы гаварылі, і па нафце. Больш таго, Прэзідэнт (Расіі. - Заўвага) сказаў: "Мы падтрымаем вашы нафтаперапрацоўчыя заводы гэтак жа, як аказваем падтрымку ў Расійскай Федэрацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ўрады працуюць над гэтым пытаннем. Таксама абмяркоўвалася далейшае фарміраванне агульнага рынку, кааперацыя ў сельскай гаспадарцы і прамысловасць, ваеннае супрацоўніцтва.

У час перагавораў кіраўнікі дзяржаў удзялілі вялікую ўвагу пытанням абароны. Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь і Расія даўно стварылі рэгіянальную групоўку войскаў Саюзнай дзяржавы.

"Мы бачым, як амерыканцы не толькі Украіну, а нашу заходнюю суседку, Польшчу, і Прыбалтыку падштурхоўваюць да процістаяння Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пры неабходнасці Расія дапаможа Беларусі абараніць заходнія рубяжы.

Пад канец сустрэчы журналісты вырашылі разрадзіць абстаноўку і нагадалі лютаўскую заяву Кіраўніка беларускай дзяржавы: Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму вядучаму Уладзіміру Салаўёву згадаў пра нявыкананае абяцанне Прэзідэнта Расіі прысвоіць яму званне палкоўніка.

Карэспандэнты папрасілі Уладзіміра Пуціна ўнесці яснасць у гэта пытанне.

"Аляксандр Рыгоравіч не мае патрэбу ў тым, каб кіраўнік іншай дзяржавы прысвойваў яму званне. Ён сам вялікі начальнік. Я, як вы ведаеце, генеральскіх званняў не маю, але верна служу народу", - сказаў Уладзімір Пуцін.

"Было б нядрэнна, калі б я таксама быў палкоўнікам, - пажартаваў у адказ Аляксандр Лукашэнка. - Праўда ў тым, што ён мне абяцаў, але да гэтага часу не прысвоіў".

"Калі абяцаў, зробім", - заявіў расійскі лідар.

Пасля завяршэння запланаваных мерапрыемстваў кіраўнікі дзяржаў разам вярнуліся ў Благавешчанск. Уладзімір Пуцін праводзіў беларускага калегу да трапа самалёта, і беларускі лідар вылецеў ва Уладзівасток.