Адобраны праект пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый у СНД

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў праект пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый у СНД. Адпаведны Указ № 169 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 6 чэрвеня.

    Праект пагаднення адобраны ў якасці асновы для правядзення перагавораў. На іх правядзенне і падпісанне дакумента пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта ўпаўнаважаны Урад.

    Пагадненнем прадугледжваецца стварэнне ў СНД зоны свабоднага гандлю паслугамі і ажыццяўлення інвестыцый, замацаванне прынцыпу роўнасці і недыскрымінацыі ўдзельнікаў эканамічных адносін незалежна ад грамадзянства, месца рэгістрацыі і формы ўласнасці.

    Дагаворам таксама ствараюцца дадатковыя ўмовы для заснавання і дзейнасці кампаній з краін СНД у сферы паслуг, у вытворчых і сельскагаспадарчых сектарах краін Садружнасці.

    Заключэнне пагаднення будзе садзейнічаць развіццю прамысловай кааперацыі, укараненню інавацый, стварэнню спрыяльных умоў для далейшага росту эканомік дзяржаў - удзельніц СНД.