Прывітанне з Днём беларускага пісьменства

    Удзельнікам і гасцям урачыстасцей Дня беларускага пісьменства

    Паважаныя сябры!

    У нашай краіне стала добрай традыцыяй у першую нядзелю верасня адзначаць Дзень беларускага пісьменства. На працягу чатырнаццаці гадоў свята ідзе праз усю Беларусь. Яго сталіцамі былі славутыя культурныя і асветныя цэнтры – Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы. З гэтымі месцамі звязаны імёны такіх гістарычных асоб, як Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына і Пётр Мсціславец, Сімяон Полацкі і Спірыдон Собаль.

    Сёлета ўрачыстыя мерапрыемствы адбудуцца ў Шклове – адным з прыгажэйшых гарадоў Магілёўшчыны, які ў свой час стаў радзімай першага беларускага прафесійнага тэатра.

    Дзень беларускага пісьменства – гэта свята тых, хто зберагае духоўную спадчыну нашага народа, узбагачае нацыянальную культуру, шануе родную мову. Праўдзівае, сумленнае і адказнае слова пісьменніка і журналіста сёння надзвычай запатрабавана людзьмі. Яно – залог кансалідацыі грамадства, неабходнай для далейшага паспяховага развіцця нашай незалежнай краіны, павышэння дабрабыту яе жыхароў, пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі.

    Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям урачыстасцей здароўя і дабрабыту, жыццёвай мудрасці і аптымізму, поспехаў у працы і шчасця.

    Аляксандр Лукашэнка.

    2 верасня 2007 года.