Прывітанне ўдзельнікам і гасцям XV Міжнароднага з'езда славістаў

    Удзельнікам і гасцям XV Міжнароднага з'езда славістаў

    Дарагія сябры!

    Шчыра вітаю вас на беларускай зямлі і віншую з пачаткам працы XV Міжнароднага з'езда славістаў.

    Славянскі свет - наша агульная духоўная Айчына, якая аб'ядноўвае мільёны людзей. На вучоных-славістаў ускладзена пачэсная місія: берагчы і памнажаць скарбы мудрасці і культуры, садзейнічаць распаўсюджванню ведаў пра славянскія народы. Вы з гонарам выконваеце яе і падтрымліваеце агонь, які запалілі першаасветнікі святыя Кірыл і Мяфодзій.

    Сімвалічна, што месцам правядзення юбілейнага форуму абрана Беларусь - сэрца славянскай цывілізацыі, якая ўносіць важкі ўклад у захаванне яе каштоўнасцей і ідэалаў. Беларусы берагуць гэту спадчыну і заўсёды памятаюць аб тым, што толькі разуменне ўнікальнасці кожнай нацыі і яе духоўных здабыткаў не дасць братам-славянам страціць сябе ў глабалізаваным свеце.

    Упэўнены, што гэты з'езд дапаможа ўсім нам лепш зразумець ролю славянства ў цывілізацыйным працэсе, аб'яднаць намаганні ў вывучэнні і папулярызацыі гісторыі, моў і культур нашых народаў.

    Жадаю вам плённай працы, цікавых дыскусій і абмеркаванняў, моцнага здароўя і невычэрпных сіл дзеля служэння высакароднай справе славянскага адзінства.

    Аляксандр Лукашэнка