Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі прыняў удзел у пасяджэнні Рэспубліканскага міжведамаснага каардынацыйнага савета па патрыятычным выхаванні

  • 5

У патрыятычнай рабоце не павінна быць выпадковых людзей, заявіў журналістам да пачатку пасяджэння Рэспубліканскага міжведамаснага каардынацыйнага савета па патрыятычным выхаванні Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі.

Паводле слоў Ігара Луцкага, у рэспубліцы даўно створаны ваенна-патрыятычныя клубы. Цяпер першачарговая задача - наладзіць іх узаемадзеянне. "Гістарычная памяць, гістарычная спадчына заўсёды былі сферай інтарэсаў і Міністэрства адукацыі, і дзяржаўных органаў", - адзначыў Ігар Луцкі. 

Паводле яго слоў, у моладзі высокая цікавасць да гістарычнай тэматыкі. Ваенна-патрыятычнае выхаванне знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і Міністэрства абароны, і МУС. "У гэтай справе не павінны з'яўляцца людзі, якія выпадковыя, якія не разумеюць, што такое педагогіка. Прэзідэнт сказаў: патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. А тыя людзі, якія спрабуюць на гэтым зарабіць сабе бонусы, ні ў якім разе не павінны дапускацца да дзяцей", - лічыць Ігар Луцкі. 

Першымі на пасяджэнні былі разгледжаны пытанні, якія курыруе Міністэрства спорту і турызму. У прыватнасці, Ігар Луцкі лічыць неабходным перад стартам чарговага турыстычнага сезона паглядзець экскурсійнае забеспячэнне турыстычных аб'ектаў. Асабліва тых, якія звязаны з трагічнымі падзеямі на беларускай зямлі. 

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася дзейнасць пошукавых атрадаў, ДТСААФ, Беларускай федэрацыі армейскага рукапашнага бою і сучаснага панкратыёна. Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя прадставіла праект "Беларусь памятае". "Роля грамадскіх аб'яднанняў у пытаннях ваенна-патрыятычнага выхавання павінна ўзрастаць", - лічыць Ігар Луцкі. 

Мерапрыемства прайшло ў Доме афіцэраў. У фае была арганізавана выстаўка аб дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў і аб'яднанняў. Удзельнікі сустрэчы агучылі свае прапановы аб тым, як можна ўдасканаліць работу па ваенна-патрыятычным выхаванні. Ёсць неабходнасць стварэння цэнтра, які аб'яднае ваенна-гістарычныя клубы і класы. 

Наступнай тэмай, якую абмяркуе каардынацыйны савет, стане захаванне і развіццё сямейных каштоўнасцей. "Дэмаграфічная бяспека для нашай краіны - пытанне нумар адзін. З сям'і пачынаецца выхаванне грамадзяніна і патрыёта", - лічыць Ігар Луцкі.

Усе навіны