Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў наведаў форум "ТІБО-2023"

  • 1

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў 20 красавіка наведаў міжнародны ІКТ-форум "ТІБО-2023".

Паводле слоў Максіма Рыжанкова, форум "ТІБО" заўсёды славіўся добрымі лічбавымі навінкамі, і гэты год не выключэнне. "Вельмі добрая выстаўка, але сёлета я яшчэ больш уражаны. Шмат інтэрактыўных зон для моладзі, дзе можна паспрабаваць сябе ў ролі вынаходніка. Тут ёсць кавалачак тэхнапарка, дзе шмат дзетак займаюцца робататэхнікай і электронікай. Ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў якой-небудзь прафесіі і ў будучым выбраць свой шлях. На выстаўцы таксама ёсць шмат тэхналогій віртуальнай прасторы", - расказаў ён.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што ў Беларусі з'яўляецца ўсё больш магчымасцей для аказання электронных паслуг, якія даюць магчымасць вырашаць многія пытанні непасрэдна з дома або з рабочага месца, эканомячы і свой час, і час арганізацый, дзе гэтыя паслугі аказваюцца. "Многія працэсы работы нашых устаноў аптымізаваны з улікам штучнага інтэлекту, навінак інфарматызацыі. Я вылучыў бы новыя падыходы да сістэмы бяспекі працы і вырашэнне праблемных рамонтных работ сістэмы ДВА "Белпалівагаз" на базе віцебскай арганізацыі. У рэжыме рэальнага часу бачна праца кожнага майстра, які працуе на ўчастках, у тым ліку і ў рэжыме анлайн. Дзякуючы гэтай тэхналогіі можна даведацца, ці гатовы чалавек да працы, ці правільна ён экіпіраваны, каб забяспечыць поўную абарону ў плане бяспекі працы", - адзначыў ён.

Максім Рыжанкоў таксама падкрэсліў важнасць прысутнасці на "ТІБО" вялікага блока адукацыйных устаноў, пачынаючы ад гімназій і заканчваючы ўніверсітэтамі. "Адпрацоўваюцца не проста адзінкавыя мадэлі ці тэхналогіі, якімі займаюцца дзеці, але ствараюцца цэлыя методыкі выкладання. Дзякуючы такім падыходам выпрацоўваецца крэатыўнасць думкі і адпаведнае мысленне. Укараненне ў адукацыйны працэс інфармацыйных тэхналогій дае магчымасць дзецям адчуваць сябе сапраўднымі даследчыкамі. Напрыклад, можна займацца робататэхнікай, друкаваць на 3D-прынтары, рэалізоўваць цікавыя ідэі і развіваць напрацоўкі", - дадаў ён.

Максім Рыжанкоў вылучыў праект разумнага прыпынку на стэндзе "Белтэлекама". "Гэты праект мае добры ўтылітарны характар. Дзякуючы распрацоўцы можна ў рэжыме рэальнага часу ўбачыць, як ходзіць грамадскі транспарт, зарадзіць тэлефон, запісацца ў дзяржустановы", - адзначыў ён.

Сфера інфармацыйных тэхналогій на "ТІБО" прадстаўлена пераважна айчыннымі распрацоўкамі, што вельмі ўразіла Максіма Рыжанкова. "Яны пранізваюць усе арганізацыі - ад дзіцячых да сур'ёзных, такіх як "Інтэграл", БелАЭС. Многае робіцца для імпартазамяшчэння па інфармацыйных тэхналогіях і жалезе, цесна звязаных адзін з адным. Але самае важнае, што на чале ўсяго гэтага працэсу знаходзіцца чалавек. Прэзідэнт заўсёды гаворыць, што ўсё павінна быць накіравана на вырашэнне надзённых праблем чалавека і павышэнне бяспекі і камфорту яго жыцця", - сказаў на заканчэнне Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Усе навіны