Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі ўсклаў кветкі да памятнага знака "Ахвярам Чарнобыля"

  • 5

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі 26 красавіка прыняў удзел у мітынгу, прысвечаным 37-й гадавіне з дня чарнобыльскай трагедыі, і ўсклаў кветкі да памятнага знака "Ахвярам Чарнобыля".

Мітынг прайшоў у сталічным парку Дружбы народаў, каля памятных знакаў "Ахвярам Чарнобыля" і "Камень міру Хірасімы". "У той красавіцкі дзень 86-га года ўся краіна, увесь СССР стаў на абарону ад радыяцыйнай пагрозы. Праз 37 гадоў мы ўспамінаем тых герояў, якія аддалі сваё жыццё, ахвяравалі сваім здароўем дзеля выратавання жыццяў іншых людзей", - адзначыў Ігар Луцкі.

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што пасля развалу Савецкага Саюза Рэспубліка Беларусь узяла на сябе ўвесь цяжар аднаўлення зямель. Амаль 25% тэрыторыі нашай краіны было пакрыта радыяцыяй, і праводзіць там якія-небудзь віды работ і пражываць пасля катастрофы на ЧАЭС стала немагчыма. Ігар Луцкі заўважыў, што беларуская дзяржава ўклала каласальныя сродкі, рэалізавала некалькі дзяржпраграм, накіраваных на аднаўленне пацярпелых зямель.

"Мы з гонарам з гэтым справіліся толькі дзякуючы таму, што ўся краіна як адзіны механізм, як адзінае цэлае, уключылася ў працэс ліквідацыі наступстваў аварыі. І дагэтуль уся краіна працуе над ліквідацыяй гэтых наступстваў. Заражаны нашы лясныя ўгоддзі, палі. Гэтыя тэрыторыі на пастаянным кантролі Прэзідэнта. Наперадзе яшчэ даволі шмат работы. Мінула 37 гадоў і па некаторых радыяцыйных элементах толькі-толькі скончыўся перыяд паўраспаду. Да працэсу павінны падключыцца вучоныя, каб вызначыць, якія віды раслін можна вырошчваць. Яшчэ раз падкрэслю, што толькі дзякуючы сумесным намаганням можна справіцца з гэтай трагедыяй", - акцэнтаваў увагу Ігар Луцкі.

Ён правёў паралелі з сённяшняй сітуацыяй ва Украіне, куды пастаўляюцца боепрыпасы з абедненым уранам. "Мы добра разумеем, што такое радыяцыйнае забруджванне. У той жа час мы бачым, што адбываецца ва Украіне. Людзі не разумеюць, што яны робяць. Яны падрываюць здароўе людзей і эканоміку, проста развальваюць краіну. Таму сёння, збіраючыся на гэты мітынг, смуткуючы па тых, хто абараніў Еўропу ад радыяцыйнай пагрозы, мы нагадваем усім, што рабіць таго, што робіцца цяпер, нельга", - рэзюмаваў Ігар Луцкі.

Усе навіны