Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды

  • 1

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка 6 мая ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер дзейнасці.

"Сёння напярэдадні свята Вялікай Перамогі мы праводзім урачыстую цырымонію ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў нашай краіны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай дзяржаўнасці і прымаюць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны", - сказаў Ігар Сергяенка.

Ён нагадаў, што апошнія паўтара года ў краіне праводзілася вялікая работа па падрыхтоўцы і ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Беларусі. "Усе мы імкнуліся працаваць зладжана, канструктыўна, фарміраваць узважаныя падыходы і прыходзіць да адзінага рашэння з улікам, зразумела, меркавання большасці. Было цяжка, але можна канстатаваць, што нам удалося дасягнуць намечаных мэт і разбудзіць канструктыўную частку беларускага грамадства, - падкрэсліў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - У агульным поспеху ўсёй краіны ёсць часцінка працы кожнага з вас на сваім рабочым месцы. Гэта добрая нагода для гордасці".

"Нас з вамі чакаюць новыя прафесійныя поспехі і дасягненні. Тым больш Канстытуцыю неабходна развіваць далей і прыводзіць у адпаведнасць многія заканадаўчыя акты. Жыццё пастаянна падкідае нам выклікі і пагрозы, ставіць больш складаныя задачы. Я цвёрда перакананы, што мы справімся з задачамі любой цяжкасці, таму што кожны з вас, хто сядзіць у гэтай зале, - прафесіянал з вялікай літары і сапраўдны грамадзянін і патрыёт", - заявіў Ігар Сергяенка.

Ордэнам Пашаны, у прыватнасці, былі ўзнагароджаны намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў, Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў.

У ліку ўдастоеных медаля "За працоўныя заслугі" старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Сяргей Сівец. Гэтай жа ўзнагародай адзначаны прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі.

Прысвоена таксама ганаровае званне "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь". Сярод удастоеных гэтай узнагароды дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў і намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч.

Заслугі некалькіх дзясяткаў чалавек адзначаны Падзякай Прэзідэнта. У іх ліку прадстаўнікі сферы дзяржкіравання, дэпутацкага корпуса, праваахоўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, ваеннаслужачыя, СМІ, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, судзейскага корпуса, прадпрыемстваў і арганізацый.

Усе навіны