Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка ўсклаў кветкі да манумента "Танк-вызваліцель"

  • 5

Да памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі адносяцца вельмі ўважліва і беражліва - як да самага святога і дарагога. Аб гэтым заявіў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка 5 мая пасля цырымоніі ўскладання кветак да манумента "Танк-вызваліцель" каля Дома афіцэраў у Мінску.

"Танк Т-34, які стаіць у цэнтры Мінска і адным з першых уварваўся ў тады яшчэ акупіраваны горад 3 ліпеня 1944 года, з'яўляецца сімвалам на пасляваенны час і на доўгія гады наперад. Гэты помнік увасабляе подзвіг усіх воінаў, якія вызвалялі Беларусь і Мінск, помнік героям-танкістам другога Тацынскага танкавага корпуса пад камандаваннем генерала Бурдзейнага", - сказаў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён таксама нагадаў, што менавіта Аляксей Сямёнавіч Бурдзейны ў 1961 годзе запаліў Вечны агонь каля манумента на плошчы Перамогі ў Мінску, а 52 злучэнням і часцям пасля вызвалення Мінска было прысвоена званне мінскіх. Многія з іх і сёння функцыянуюць у складзе Узброеных сіл Расіі.

"Гэта ўсё старонкі нашай ваеннай гісторыі, якія мы павінны памятаць, ведаць, адкрываць для сябе, вывучаць. Гэта памяць і ў назвах вуліц, і ў музейных экспазіцыях, у творах культуры і мастацтва, у манументах. Гэта наша памяць, наша гісторыя, якую трэба цаніць, берагчы. І мы да гэтага так адносімся - як да самага святога, самага дарагога", - падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Ён перакананы, што аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны трэба абавязкова памятаць, каб цаніць мір і заслугі таго пакалення людзей, якія прайшлі горан вайны. "Яны цану міру ведаюць больш, чым мы сёння, - заўважыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - А мы, нашчадкі, проста абавязаны захаваць гэты мір. Інакш быць не можа". У прыватнасці, Ігар Сергяенка лічыць абсалютна непрымальным тое, што адбываецца ў суседніх з Беларуссю краінах Балтыі і Польшчы, Украіне, дзе знішчаюцца помнікі і цынічна фальсіфікуюцца гістарычныя факты пра Вялікую Перамогу. "Гэта акрамя як кашчунствам нельга назваць, інакш ацаніць. Я не раз гаварыў, што за тую ж Польшчу 600 тыс. жыццяў нашых воінаў, чырвонаармейцаў, салдат, афіцэраў, генералаў было аддадзена", - сказаў ён.

Кіраўніцтва і супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта напярэдадні Дня Перамогі ў памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да манумента "Танк-вызваліцель", а таксама наведалі музей Узброеных Сіл у Доме афіцэраў.

Значная частка яго экспазіцыі прысвечана гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць там такія экспанаты, як, напрыклад, узрыўное ўстройства, знятае з будынка сталічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў перыяд вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Або парадны мундзір Іосіфа Сталіна, кіцель маршала Жукава, іх асабістыя рэчы, уключаючы імянную зброю.

Акрамя традыцыйных форм афармлення музейных залаў, тут выкарыстоўваюць і сучасныя падыходы, якія даюць магчымасць прыцягнуць моладзь і паднесці гістарычную інфармацыю ў больш даступнай і цікавай форме. Напрыклад, на старажытнае паселішча і Грунвальдскую бітву можна паглядзець праз акуляры віртуальнай рэальнасці. Яны ж даюць магчымасць "далучыцца" да штурму Берліна ў памятным 1945-м, стоячы на танку Т-34. Завяршае экскурсію па музеі аповед пра сучасныя Узброеныя Сілы Беларусі з магчымасцю асабіста выпрабаваць асобныя віды ўзбраенняў - у спецыяльна абсталяваным ціры.

Работнікі музея лічаць сваю работу адной з праяў мяккай сілы, якая дае магчымасць паляпшаць ваенна-гістарычную адукацыю моладзі, правільна выхоўваць падрастаючае пакаленне ў духу патрыятызму. Тут гатовы даказаць на прыкладах з гісторыі, нават з часоў Грунвальдскай бітвы (пачатак XV стагоддзя), што краіны Захаду здаўна імкнуліся заняволіць славянскія землі і ніколі не жадалі дабра людзям, якія іх насялялі. Аднак такія спробы Захаду нязменна правальваліся, аб чым трэба ведаць і памятаць цяперашняму і будучым пакаленням свабоднай, незалежнай, мірнай Беларусі.

Усе навіны