Зварот са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і нацыянальнага сходу
- 17
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным рэалізаваць тры нацыянальныя праекты для абнаўлення беларускай дзяржавы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 19 красавіка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу пад назвай "Абнаўленне краіны - шлях да поспеху і працвітання".
"Ключавая праблема нашай эканомікі - канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў. І каб выйграваць у цяжкай канкурэнтнай вайне на сусветным рынку, мы павінны пастаянна абнаўляць веды, тэхналогіі, абсталяванне, сістэмы кіравання. Таму сёння галоўная стрыжнёвая ідэя для Беларусі - ідэя абнаўлення", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абнаўленне - гэта не адмова ад існуючай у Беларусі мадэлі і ранейшага шляху, а новы этап у развіцці.
"Мы павінны абаперціся на тры магутныя нацыянальныя праекты, якія дадуць магчымасць абнавіць дзяржаву. Першы праект - гэта мадэрнізацыя эканомікі. Другі - інфарматызацыя грамадства. Трэці - падтрымка моладзі і яе маштабнае прыцягненне да дзяржаўнага будаўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на фінансавы крызіс, інтэлектуальны прагрэс у свеце ніколькі не запаволіўся, а толькі паскараецца, набіраючы каласальныя абароты. "Перакананы, што менавіта новыя навуковыя вынаходствы, а не хітрыя фінансавыя схемы запусцяць матор сусветнай эканомікі, які глухне. Глабальны вір новых ідэй, тэхналогій і вынаходстваў зацягвае ў сябе і Беларусь. Нягледзячы на тое, што мы сярэдняя па еўрапейскіх мерках дзяржава, пазбаўленая якіх бы там ні было планетарных амбіцый, мы ўжо не можам думаць аб нашым лёсе асобна ад агульнасусветных працэсаў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Наш выбар невялікі. Мы можам або прыстасавацца да бурных перамен, або застацца на абочыне гісторыі. Іншага не дадзена".
На думку Кіраўніка дзяржавы, у новага часу ёсць тры галоўныя патрабаванні: скорасць, гібкасць і творчасць. Гэта звязана са светам, які імкліва змяняецца, з'яўленнем новых ідэй і тэхналогій, неабходнасцю пастаянна прыстасоўвацца да гэтых змяненняў і прапаноўваць штосьці новае. "Той, хто пастаянна капіруе, заўсёды асуджаны на адставанне. Таму любая маладая нацыя павінна, з аднаго боку, вучыцца ў навакольнага свету, а з іншага - заўсёды помніць аб тым, што на нейкім этапе трэба быць гатовым прыўнесці ў свет штосьці сваё. Толькі творчасць можа забяспечыць прарыў у групу лідараў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што 2013 год з'яўляецца ключавым у гэтай пяцігодцы. "Калі аглянуцца, то старт пяцігодкі быў няпросты. Нас усё ж закрануў сусветны фінансава-эканамічны крызіс. Аднак нам удалося ў асноўным стабілізаваць сітуацыю. Сёння мы пераадолелі мяжу $500 сярэдняй заработнай платы па краіне. Справіліся з высокай інфляцыяй, супакоілі валютны рынак, забяспечылі прафіцыт бюджэту і захавалі на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы", - адзначыў Прэзідэнт. Згодна са штогадовым рэйтынгам ААН, краіна ўвайшла ў лік першых пяцідзесяці дзяржаў свету па індэксу чалавечага развіцця, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам сярод дзяржаў СНД.
"Аднак падстаў для трывогі менш не стала. Свет вакол нас так і не выбраўся з зацяжнога крызісу. Драматычныя падзеі ў Грэцыі, на Кіпры - сумнае таму пацвярджэнне. Спрыяльных прагнозаў на будучае практычна не чуваць. Сусветная фінансавая і палітычная эліта ў разгубленасці. Простыя спосабы вырашэння праблем накшталт друкавання пустых долараў і еўра і хітрых фінансавых маніпуляцый не даюць эфекту. А ісці на непазбежныя фундаментальныя рэформы не хапае волі і смеласці. Дарэчы, а ад нас яны ўсе патрабуюць рэформ", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у такія перыяды сваёй гісторыі чалавецтва заўсёды звяртаецца да базавых эканамічных каштоўнасцей - здольнасці забяспечыць сябе таварамі першай неабходнасці: прадуктамі харчавання, адзеннем і жыллём. "І ў гэтым мы маем добры запас трываласці, добрыя навыкі. Таму што Беларусь развівала рэальны сектар эканомікі, а не надзімала мыльную фінансавую бурбалку", - падкрэсліў ён.
"Далейшы рост дабрабыту кожнага чалавека непасрэдна залежыць не толькі ад аператыўных мер, якія прымаюцца ўладай, але і ад правільнасці выбару стратэгіі развіцця краіны. А ўлічваючы крайнюю ўзаемазалежнасць краін у сучасным свеце, мы павінны вельмі дакладна разумець глабальныя працэсы, якія адбываюцца, і наша месца ў іх", - дадаў Прэзідэнт.
У Пасланні Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні эканомікі, мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей, эканоміі і беражлівасці, прыватызацыі, развіцця сельскай гаспадаркі, ІТ-сферы, жыллёвага будаўніцтва і цэнаўтварэння, маладзёжнай палітыкі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту. Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся і на прыярытэтах Беларусі ў знешнепалітычнай дзейнасці, удзеле ў розных інтэграцыйных утварэннях.
Паводле слоў Прэзідэнта, вынікі работы эканомікі за І квартал бягучага года паказваюць увогуле станоўчыя вынікі, але толькі на тым фоне, на якім сёння развіваецца сусветная эканоміка. Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў 103,5%, інвестыцый у асноўны капітал - 112,5%, у тым ліку ў абсталяванне амаль 122%. Захоўваецца дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. З месяца ў месяц расце валютная выручка. Золатавалютныя рэзервы сфарміраваны ў памеры большым, чым двухмесячны імпарт. Стабільная сітуацыя на ўнутраным валютным рынку: прапанаванне замежнай валюты перавышае попыт на ўсіх яго сегментах. Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка хоць яшчэ і застаецца высокай, але з улікам зніжэння інфляцыі зменшана да 27% гадавых.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на такую дадатную дынаміку, актыўна павялічваюцца запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў, прычым як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні. "І галоўнае, ніхто не адмяняў заданняў па росту эканомікі ў гэтым годзе. І з гэтымі аб'ёмамі прыросту Урад і Парламент згадзіліся добраахвотна. Калі ласка, займіцеся выкананнем сваіх жа ўласных рашэнняў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Запомніце: сёння няма ні малейшай прычыны расслабляцца. Так, крызісныя з'явы ў нас нібыта адступілі, і мы паслядоўна рухаемся наперад. Але трэба нам хоць у малой ступені расслабіцца, як жыццё неакладна і жорстка пакарае нас за гэта".
"Справа ў тым, што змяненне дамінуючых тэхналагічных укладаў, якое адбываецца цяпер, адкрывае акно магчымасцей для паспяховага выхаду на новую хвалю эканамічнага росту. Менавіта ў такія перыяды буйнамаштабных глабальных тэхналагічных зрухаў акно магчымасцей дае магчымасць асобным краінам вырвацца наперад і зрабіць эканамічны рывок. І мы павінны гэта выкарыстаць", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што па пытанню мадэрнізацыі сёння ў прэсе "шмат непатрэбнага яхідства". "Ніякая гэта не манілаўшчына і не выдумка Лукашэнкі, гэта аб'ектыўнае патрабаванне нашага жыцця", - сказаў Прэзідэнт аб мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. Пры гэтым ён пералічыў канкрэтныя галіны і прадпрыемствы, дзе мадэрнізацыя прынесла ўжо свой плён.
"Хачу яшчэ раз звярнуць увагу на неабходнасць безумоўнага забеспячэння эканамічнай бяспекі дзяржавы. Эканоміка - гэта тая база, на якой трымаецца ўся дзяржава, уся нацыянальная бяспека. Нельга збаўляць абароты ў барацьбе з карупцыяй, перш за ўсё там, дзе круцяцца вялікія бюджэтныя грошы. Кожны чыноўнік павінен дакладна разумець, што за выкарыстанне службовых паўнамоцтваў у карыслівых мэтах трэба будзе адказаць па закону", - перасцярог Прэзідэнт.
Што датычыцца прыватызацыі, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў аб нязменнасці падыходаў у гэтай сферы: "Прынцыпы агучаны не адзін раз: хочаш купіць - плаці рыначную цану плюс вазьмі абавязацельствы ўкласці грошы ў вытворчасць, захаваць рабочыя месцы і забяспечыць людзям дастойную заработную плату". Менавіта такія інвестары патрэбны Беларусі. У якасці прыкладу ён прывёў сумесны праект са швейцарскай кампаніяй "Штадлер" - адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу.
Прэзідэнт падкрэсліў, рост дабрабыту народа - адна з галоўных мэт праводзімай у Беларусі палітыкі. "Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць людзей, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых умовах", - запэўніў ён.
"Так, апошнія гады ўтварыўся істотны разрыў паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы ў цэлым. Сёння гэтыя суадносіны складаюць амаль 80%, а аптымальна павінна быць не менш як 90%, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Згадзіцеся, не павінен настаўнік або медыцынскі работнік адчуваць сябе непаўнацэнным перад работнікамі іншых сфер".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што на бягучы год у бюджэце закладзена неаднаразовае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду бюджэтнікаў, пенсій і дапамог. "Але гэта не павінна быць простай індэксацыяй росту цэн або імітацыяй росту заработнай платы, - папярэдзіў беларускі лідар. Ён таксама нагадаў, што заработная плата павінна быць зароблена, і яе павышэнне павінна адбывацца выключна на аснове росту прадукцыйнасці працы, скарачэння празмерных расходаў і выдаткаў, а не грашовай эмісіі.
"Зберажэнне сродкаў павінна быць максімальна прывабным менавіта ў нацыянальных актывах. Прычым не толькі ў дэпазітах, але і ў накапленнях для будаўніцтва кватэр і дамоў, асваення зямельных участкаў. Гэта значыць для вырашэння надзённых праблем, як бягучых, так і на перспектыву", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Даходы насельніцтва цесна ўвязаны і з узроўнем цэн, у сувязі з чым Ураду, Нацыянальнаму банку і мясцовым органам улады даручана праводзіць цэнавае рэгуляванне больш эфектыўна. "Сёння ў Беларусі няма і быць не можа падстаў для росту цэн. Любыя факты іх павышэння звыш прагнознага ўзроўню, асабліва на спажывецкія тавары, павінны быць прадметам неадкладнага разбору", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, унутраны рынак трэба рашуча зачысціць ад усіх, хто спрабуе нажыцца за кошт звышпрыбытку. Таксама неабходна сачыць за цэнамі ў сферы ЖКГ, узяўшы на кантроль каштарысы затрат літаральна кожнай структуры ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, электраэнергетыцы, газавай галіне.
Традыцыйна адна з найбольш хвалюючых насельніцтва тэм - гэта жыллёвае будаўніцтва. "З гэтага часу дзяржаўная дапамога ў жыллёвым будаўніцтве будзе не толькі адрасная, але і строга кантралюемая адносна яе мэтавага выкарыстання, - сказаў Прэзідэнт. - Мы ўстанаўліваем строгія патрабаванні пры здачы ў арэнду жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай. Сёння пабудаваў па льготных крэдытах жыллё, а заўтра здае ў арэнду і атрымлівае ад гэтага даход - дык навошта дапамагалі гэтаму чалавеку, калі яму жыллё не патрэбна?"
"Свая кватэра, свой дом, свой дах над галавой павінны быць у кожнай сям'і. Менавіта таму ў мінулыя гады мы нават насуперак законам макраэканомікі ўкладвалі каласальныя сродкі ў будаўніцтва жылля", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Прамая дзяржаўная падтрымка грамадзян у забеспячэнні жыллём захоўваецца сёння і будзе захавана ў далейшым. Але яна становіцца больш адраснай, улічвае рэальныя фінансавыя магчымасці грамадзян. Аказваць яе будзем толькі тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама заявіў, што ў самы бліжэйшы час будзе павышана адказнасць забудоўшчыкаў пры долевым будаўніцтве. Тэрміны і кошт будаўніцтва, замацаваныя ў дагаворы, будуць строга кантралявацца і выконвацца. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы даручыў перагледзець нормы праектавання па шчыльнасці забудовы і колькасці парковачных месц, каб стварыць больш камфортныя ўмовы для жыцця людзей.
Асобныя даручэнні былі дадзены па пытаннях развіцця сельскай гаспадаркі ў частцы стварэння буйных агракамбінатаў, прадуктовых кампаній, павелічэння глыбіні перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.
У сферы адукацыі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна сканцэнтраваць намаганні на вырашэнні трох асноўных праблем. Першае - абнавіць змест школьнага навучання, узмацніўшы падрыхтоўку ў галіне прыродазнаўчых навук і замежных моў, другое - пераадолець адрыў прафесійнай адукацыі ад патрэб жыцця і практыкі, і нарэшце, трэцяе - прыцягнуць у школу моцных, таленавітых людзей, зрабіць больш свабоднай ініцыятыву педагогаў, вызваліць іх ад паператворчасці, павысіць прэстыж педагагічнай працы.
Паралельна з гэтым Адміністрацыі Прэзідэнта сумесна з Урадам і ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" даручаецца прадумаць новую сістэму выяўлення таленавітай моладзі і яе вылучэння на значныя пазіцыі, у тым ліку ў дзяржапараце. "Мы заўсёды імкнуліся падтрымліваць моладзь і актыўна прыцягваць яе да дзяржаўнага будаўніцтва. Але сёння, лічу, настаў час для нейкіх новых, больш фундаментальных рашэнняў, - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, адным з найбольш перспектыўных напрамкаў з'яўляецца развіццё інфарматызацыі, якая павінна стаць маштабным агульнанацыянальным праектам. На думку Аляксандра Лукашэнкі, яна можа забяспечыць некалькі стратэгічных прарываў. У тым ліку яна можа кардынальна вырашыць праблему дэбюракратызацыі за кошт маштабнага ўкаранення так званага электроннага ўрада. Таксама магчыма стварыць прынцыпова новую сістэму ўліку і кантролю: ад маніторынгу фінансавых патокаў да кантролю за перамяшчэннем тавараў. Інфарматызацыя можа дапамагчы ажыццявіць тэхналагічны прарыў у сферах гандлю, адукацыі, медыцыны і бяспекі, а таксама даць значны прырост для развіцця ўнутранага рынку паслуг. "Важна разумець асаблівасці ІТ-сферы - яна дае высокія прыбыткі пры мінімальных матэрыяльных затратах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Адміністрацыі Прэзідэнта, Ураду і ААЦ даручана распрацаваць прапановы аб структуры, якая цэнтралізавана займалася б інфарматызацыяй у Беларусі.
Даволі падрабязна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытаннях удасканалення ў Беларусі кіраўніцкай сістэмы. У рамках гэтага працэсу плануецца скараціць 13617 дзяржаўных служачых, аднак працэс аптымізацыі дзяржапарату не павінен быць механічны. "Скарачэнне не павінна быць бяздумным, механічным, яно не павінна крыўдзіць чалавека. Нельга дапусціць страты ініцыятыўных, адказных работнікаў, якія складаюць аснову дзяржаўнага апарату. У першую чаргу павінны пайсці тыя, хто выпадкова трапіў у дзяржаўны апарат або проста не бачыць сябе на дзяржаўнай службе", - заявіў Прэзідэнт.
Акрамя скарачэння колькасці дзяржапарату неабходна перагледзець і функцыі дзяржаўных органаў. "У ведамствах заяўляюць, што шмат работы, задыхаюцца, а як паглядзіш, дык ад палавіны функцый трэба было б ужо даўно адмовіцца. У выніку і самі сябе нагружаюць, і насельніцтва, і прадпрыемствы церпяць. Адразу кажу, усе сэканомленыя на скарачэнні дзяржаўнага апарату грошы аддадзім на павышэнне зарплат дзяржаўным служачым. Чалавек, які прысвячае сябе службе дзяржаве і пазбаўлены іншых магчымасцей зарабляць, павінен мець магчымасць утрымліваць сябе і сваю сям'ю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сферы знешняй палітыкі Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва не толькі з краінамі-суседзямі, але і дзяржавамі ў іншых рэгіёнах свету. "Трэба сёння ехаць туды, дзе нас чакаюць. І я ўжо МЗС даў даручэнне: нам трэба поўнасцю пераарыентаваць свае знешнеэканамічныя, знешнепалітычныя прадстаўніцтвы ў адпаведнасці з нашымі інтарэсамі. Трэба ісці туды, дзе нас чакаюць, дзе адкрываюцца новыя рынкі", - сказаў ён.
"Мы павінны браць усё самае лепшае ў свеце і везці сюды, у нашу краіну", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гаворачы аб Адзінай эканамічнай прасторы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут палітыка Беларусі абсалютна зразумелая і празрыстая. "Мы ідзём да Еўразійскага саюза, і мы тут з Расіяй і Казахстанам, хто больш, хто менш, але мы, напэўна, больш, чым іншыя, гатовы да гэтага Еўразійскага саюза. І мы яго пабудуем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"З брацкай Расіяй нас звязваюць саюзніцкія адносіны, у нас адсутнічаюць якія-небудзь палітычныя рознагалоссі. Мы выходзім на самы высокі ўзровень двухбаковага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржывы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што адносіны з суседзямі з'яўляецца прыярытэтам Беларусі.
"І пры гэтым яшчэ раз шчыра, вельмі сумленна хачу сказаць для Еўрасаюза, Злучаных Штатаў і іншых: ведучы з вамі перагаворы, мы ні ў якім выпадку не будзем зыходзіць з таго - мы з вамі або з Расіяй. У нас няма такога выбару і быць не можа!" - падкрэсліў Прэзідэнт. - "Расія, рускі народ і беларусы - гэта адзінае цэлае. Гэта адно дрэва. Мы, зразумела, не можам быць без Расіі, як і Расія не можа кінуць пад нагу камусьці беларусаў".
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што Беларусь хоча выбудоўваць з Еўрапейскім саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі добрыя нармальныя адносіны, але на ўзаемапаважлівай аснове і без націску. "Мы не хочам з вамі сварыцца, мы хочам быць з вамі ў добрых нармальных адносінах", - сказаў ён. Прэзідэнт дадаў, што калі будзе воля з боку ЕС і ЗША, Беларусь свой шлях пройдзе вельмі хутка.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні парламентарыяў, якія датычыліся мясцовага самакіравання, дарожнага будаўніцтва, добраўпарадкавання ў населеных пунктах, перспектыў уступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, будаўніцтва другой веткі газаправода Ямал-Еўропа і некаторых іншых тэм.