Зварот да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і суайчыннікаў з нагоды 70-й гадавіны завяршэння Сталінградскай бітвы

    Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

    Дарагія суайчыннікі!

    Роўна 70 гадоў таму, 2 лютага 1943 года, поўнай і безагаворачнай перамогай савецкіх войскаў завяршылася Сталінградская бітва.

    Гэты буйнейшы сухапутны бой у гісторыі Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў азнаменаваў сабой карэнны пералом у ходзе баявых дзеянняў, паклаў пачатак масаваму выгнанню фашысцкіх акупантаў з савецкай зямлі і ўсяліў у сэрцы мільёнаў жыхароў нашай планеты цвёрдую ўпэўненасць у немінучым разгроме гітлераўскай Германіі і надзею на мір.

    Сталінградская бітва стала трыумфам савецкага ваеннага майстэрства, мужнасці, стойкасці і непахіснай сілы духу салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія ў нечалавечых умовах, пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка, разграмілі моцнага і небяспечнага ворага.

    У гісторыю гэта бітва ўвайшла як папярэдніца Вялікай Перамогі. І сёння мы нізка схіляем галаву перад памяццю загінуўшых герояў, якія цаной свайго жыцця адстаялі права чалавека на свабоду і шчасце. А нашы сэрцы перапаўняюцца бязмернай удзячнасцю да тых, хто, прайшоўшы скрозь неўтаймаваны агонь, кіпячую волжскую ваду і крывавы снег Сталінграда, выратаваў усю Еўропу ад карычневай чумы і сёння служыць прыкладам доблесці, гонару і любові да Айчыны.

    Дзякуй вам, дарагія ветэраны, за тое, што вы зрабілі для чалавецтва і для кожнага з нас. Мы, нашы дзеці і ўнукі, цяперашнія і будучыя пакаленні беларусаў будзем вечна шанаваць ваш подзвіг, захоўваць свяшчэнную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і ўсімі сіламі берагчы завешчанае вамі найвялікшае заваяванне – дружбу народаў і мір на Зямлі.

    Жадаю вам, паважаныя ветэраны, доўгіх гадоў жыцця і бадзёрасці духу, а ўсім вам, дарагія суайчыннікі, – здароўя, дабрабыту і поспехаў у працы ў імя нашай любімай Беларусі.

    Аляксандр Лукашэнка