Зварот да дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў

    Рэспубліка Беларусь 1 студзеня 2013 года ўступіла ў старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

    Наша краіна разглядае Садружнасць у якасці важнага інтэграцыйнага аб'яднання на постсавецкай прасторы, якое садзейнічае забеспячэнню эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне.

    Жыццяздольнасць і запатрабаванасць шматбаковага супрацоўніцтва ў Садружнасці абумоўлены прадстаўленай кожнай дзяржаве магчымасцю выбару прымальнага фармату свайго ўдзелу ў ёй.

    Рэспубліка Беларусь заўсёды падтрымлівала цэнтраімклівыя тэндэнцыі на постсавецкай прасторы, адказна падыходзіла да сваёй ролі ў кансалідацыйных працэсах у рамках Садружнасці і мае намер выкарыстоўваць сваё старшынства для далейшага ўмацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД, павышэння ўзроўню жыцця і дабрабыту іх грамадзян, а таксама захавання і прымнажэння пазітыўнага вопыту інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, накопленага ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

    Беларускае старшынства пройдзе пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных "зялёных" тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур".

    Рэспубліка Беларусь будзе кіравацца Канцэпцыяй свайго старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2013 годзе і Планам мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

    Выказваю надзею на падтрымку з боку дзяржаў – удзельніц Садружнасці ў практычным ажыццяўленні беларускіх ініцыятыў. Упэўнены, што цеснае ўзаемадзеянне ўсіх краін СНД стане залогам максімальна эфектыўнай рэалізацыі намечаных планаў у інтарэсах нашых народаў і ўмацавання іміджу Садружнасці Незалежных Дзяржаў.